Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры яскравыя адрозьненьні Віетнаму ад Беларусі


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Пра былую (цяпер толькі намінальна) сацыялістычную рэспубліку Віетнам, куды мы зазірнулі напрыканцы мінулага году, для беларуса, які думае пра будучыню свайго краю, варта ведаць тры рэчы.

Усе астатнія зьвесткі ёсьць у вікіпэдыі, а апісаньнем краявідаў і народу можна запаўняць цэлыя кнігі. Заўважу толькі, што дзесяць дзён мы правялі ў Хошыміне (Сайгоне), Фантх’еце і Муйнэ, а жылі пасярод рыбацкіх пасёлкаў раёну Кега. То бок, на поўдні краіны. Дык вось.

1. У Віетнаме няма анкацэнтраў

Здавалася б, пасьля амэрыканскай вайны зь яе напалмам і зарын-заманам мусіць быць процьма анкахворых. Так нібыта і было. На што дзяржава паставіла задачу знайсьці такія лекі, якія б рэальна ачышчалі арганізм ад заразы. І знайшлі. Адно што шукалі іх не на фармацэўтычных фабрыках, а ў лесе, у гарах і ў моры. Адметнасьць віетнамскай мэдыцыны добра бачная ў аптэках, дзе ўсе без выключэньня лекі — ня «хімія», а выцяжкі з арцішоку, з какосу, з мноства іншых расьлін, грыбы, сокі з алеямі і да таго падобныя рэчы прыроднага паходжаньня. На ўсе хваробы і выпадкі жыцьця. Усё настолькі ж эфэктыўнае, наколькі ўнівэрсальнае. Згадайце віетнамскую «Зорачку», якой і ў нас лекавалі амаль што ўсё.

Практычна ад усяго
Практычна ад усяго

2. Імпартазамяшчальнасьць

Там, праўда, так гэта не называецца. Проста Віетнам вельмі багатая краіна, там усё сваё. Вось варта зайсьці ў супэрмаркет, каб пераканацца ў гэтым. Поўная раскоша прадуктаў на кожную тэму. З імпартнага — толькі тое, чаго тут есьці традыцыйна не прынята, вось — ёгурт, ён нямецкі. І яшчэ — усё ня толькі сваё, а і сьвежае, сёньняшняе. Нічога вэнджанага, напрыклад, ці нейкім іншым спосабам кансэрваванага мы тут не пабачылі.

Усяго навалам, каб толькі ведаць, што гэта такое
Усяго навалам, каб толькі ведаць, што гэта такое

Сьвежая зьмяяціна і жабяціна
Сьвежая зьмяяціна і жабяціна

У прамтаварным аддзеле распродаж
У прамтаварным аддзеле распродаж

3. Хаос і гармонія

Хаос на віетнамскіх вуліцах
Хаос на віетнамскіх вуліцах

Тут віетнамцы — поўная супрацьлегласьць нам. Бо ў іх на вуліцах абсалютны хаос, зь якога нараджаецца гармонія дарожнага руху. Кожны едзе куды сабе хоча, галоўнае, што ўсе пры гэтым усіх адчуваюць. З парадку ніколі не нараджаецца гармонія, бо парадак якраз і зьнішчае патрэбную для яе глебу — хаос. А як вам тое, што статуі Буды тут у 1960-я гады ставіла само камуністычнае начальства? У тым ліку — самага вялікага ў сьвеце Буду, які сьпіць са свастыкай на грудзях. Вы скажаце — на ўзбочынах шмат сьмецьця? Затое ў грамадзкіх прыбіральнях паўсюль ідэальная чысьціня і… няма цёці, якая б забірала ў вас 50 капеек. Ну ніякага падабенства да беларускага ці то сацыялізму ці то капіталізму.

Гіганцкі Буда, які сьпіць са свастыкай на грудзях
Гіганцкі Буда, які сьпіць са свастыкай на грудзях

Усё, што тут засталося ад сацыялізму — беднасьць большасьці людзей, якія пры тым пачуваюцца шчасьлівымі, бо ім проста нічога ня трэба. Ні зімовай адзежы, ні цёплых кватэр, ні золата з брыльянтамі. А ежы хапае ўсім. Таму беднасьць, у адрозьненьне ад нас, тут не загана, а пазытыўны экзыстэнцыйны стан. Як пісаў Альбэр Камю, можна жыць у дупле сухадрэвіны і быць шчасьлівым.

Новы год як у Эўропе. Паўсюль Санты, батлейкі, «сьнегавікі» і шапачкі на касірках у крамах. Не бядa, што +33
Новы год як у Эўропе. Паўсюль Санты, батлейкі, «сьнегавікі» і шапачкі на касірках у крамах. Не бядa, што +33

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG