"Без Рады БНР, без 25 сакавіка, не было б 25 жніўня 1991 году, — адзначае Зянон Пазьняк. — 25 Жнівень, калі была рэалізаваная рэальная незалежная беларуская дзяржава, — гэта быў, фактычна, працяг ідэалаў Беларускай Народнай Рэспублікі".
17 сьнежня будынак, у якім праходзіў кангрэс, атачылі бальшавіцкія аддзелы, дэлегатаў разагналі. Рада і Выканаўчы камітэт працягвалі дзейнасьць у падпольлі. Пазьней яны адыгралі важную ролю ў абвяшчэньні Беларускай Народнай Рэспублікі.
Зянон Пазьняк быў асабіста знаёмы з удзельнікамі Ўсебеларускага зьезьду: гэта хімік і мовазнавец Язэп Сушынскі, артыстка Паўліна Мядзёлка, пісьменьніца і грамадзкая дзяячка Людвіка Сівіцкая-Войцік, вядомая як Зоська Верас.
Пра іхныя ўспаміны аб зьезьдзе, абвяшчэньні БНР, усталяваньні савецкай улады, пра заганы беларускіх палітыкаў і недахоп гісторыкаў палітык распавёў у інтэрвію Свабодзе.
— Вакол Усебеларускага зьезду мноства мітаў і інтэрпрэтацыяў. Што вам апавядалі і як узгадвалі тыя падзеі ўдзельнікі зьезду?
— Мне пашчасьціла ня толькі зь імі пагаварыць, але і запісаць. Язэп Сушынскі быў асуджаны ў 1930-х, адпраўлены ў ГУЛАГ. У канцы 1950-х ён вярнуўся. Ён распавядаў пра зьезд як пра неверагоднае ўзрушэньне.
Лёзунг кангрэсу быў «Няхай жыве Беларуская Народная Рэспубліка». Язэп Францавіч распавядаў: як вывесілі сьцяг, падыходзіць да яго генэрал, становіцца на адно калена і цалуе гэты сьцяг. Людзі адчувалі моц. Але сытуацыя, на жаль, была не на нашу карысьць, бо беларусы ня мелі войска. Таму зьезд і разагналі бальшавікі.
— У зьезьдзе ўдзельнічалі амаль 2000 чалавек. Ня так проста разагнаць гэткую колькасьць людзей. Як гэта ўдалося, калі сярод дэлегатаў былі вайскоўцы?
— Сушынскі распавядаў, што бальшавік Крывашэін увёў свае войскі пры падтрымцы браневікоў. Ён прыйшоў на зьезд п’яны, з папяроскай на губе. Яго салдаты пайшлі ўздоўж сьценаў, штыхамі пачалі выштурхоўваць людзей. Але гэта ім было рабіць няпроста. Пачаліся бойкі. У залі рабілі барыкады, біліся крэсламі. Але ж людзі былі бяз зброі. Таму іх і выштурхнулі на вуліцу. Вайсковую камісію зьезду стварылі запозна. Калі б былі ўзброеныя людзі, то разагналі б Крывашэіна і ягоную п’яную банду. У той час шмат вырашалі ня толькі ідэі, але сіла. Але гэтыя штыхі і агрэсія бальшавікоў, у прынцыпе, хутка аб’ядналі людзей.
«Грамадзтва было абуджанае»
— Беларусаў называюць спозьненай нацыяй, якая толькі цяпер праходзіць тыя працэсы, якія нашыя суседзі прайшлі стагодзьдзе таму. Магчыма, гэта і ёсьць самае лягічнае тлумачэньне тагачасных паразаў?
— Беларускі рух у 1918 годзе адбываўся ў абуджаным грамадзтве. Яно было ў руху, і даволі актыўным, ніякага параўнаньня зь цяперашнім часам. Узьнікла і дзейнічала мноства арганізацыяў. Быў уздым. У 1917 годзе была створаная Цэнтральная беларуская рада, а потым Вялікая беларуская рада, якая і сабрала Першы Ўсебеларускі зьезд, прычым з усёй Беларусі: ад Беластоку да Смаленску сотні арганізацыяў даслалі сваіх прадстаўнікоў. Былі прадстаўленыя ўсе нацыянальныя меншасьці. На кангрэсе былі 1872 дэлегаты. Ніякая краіна на тэрыторыі былой Расейскай імпэрыі ня мела такога колькасна прадстаўнічага зьезду і такой легітымнасьці.
Другі Ўсерасейскі зьезд саветаў, які адбыўся ў Петраградзе ў кастрычніку 1917-га, сабраў 649 дэлегатаў з усёй Расеі. Саветы трубілі пра гэты зьезд усё свае існаваньне. А ён быў арганізацыйна нікчэмным у параўнаньні з Усебеларускім кангрэсам. Грамадзтва Беларусі хутка высьпявала да незалежнасьці. Потым на працягу ўсіх гадоў савецкага рэжыму мільёны гэтых актыўных людзей, што ўзьнялі галаву да свабоды, былі фізычна зьнішчаныя. Але БНР была лягічным працягам настрояў у грамадзтве.
Ад ВКЛ да БНР
— Зянон Станіслававіч, вакол тэмы БНР няма агульнанацыянальнага кансэнсусу. Нават сярод гісторыкаў. БНР называюць усяго толькі дэклярацыяй, спробай дзяржаўнасьці. Што насамрэч мы зьбіраемся сьвяткаваць?
— Вакол гэтай тэмы шмат прапаганды і варожай хлусьні. У 1918 годзе адбылася перамога беларускай нацыянальнай ідэі. Быў узьняты і ўсталяваны сьцяг незалежнасьці і абвешчана аб стварэньні нацыянальнай дзяржавы. У 1918 годзе была аформленая нацыянальная ідэалёгія, яна называлася — Адраджэньне.
На ёй абапіраў сваю працу Беларускі Народны Фронт «Адраджэньне». Амаль усе мітынгі БНФ ў 90-х гадах праходзілі з партрэтамі ўраду БНР.
Без Рады БНР, без 25 сакавіка, не было б 25 жніўня 1991 году. 25 Жнівень, калі была рэалізаваная рэальная незалежная беларуская дзяржава, — гэта быў, фактычна, працяг ідэалаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Цяпер незалежная беларуская дзяржава ёсьць, але няма нацыянальнай улады.
25 Жнівень — гэта фармальна завяршальны крок у стварэньні незалежнай Беларусі. Лёс яе цяжкі. Беларусь падверглася тэхналягічнай унутранай акупацыі і трапіла пад уплыў Масквы. Але дзяржава існуе, прызнаная ўсім сьветам і змагаецца за будучыню
Сяргей Навумчык слушна нядаўна заўважыў, што лёс дзеячоў дэпутацкай Апазыцыі БНФ, якія сыгралі рашаючую ролю ў падрыхтоўцы і аб"яўленьні незалежнасьці Беларусі ў Жніўні 1991 года, падобны да лёсу дзеячаў Рады БНР. Трэба рабіць правільныя высновы, бо гісторыя паўтараецца. Наступны крок сувэрэннасьці Беларусі мусіць быць канчатковым і пераможным.
— Частка гісторыкаў лічыць гэтую пераемнасьць ад ВКЛ беспадстаўнай.
— БНР аднаўляла ВКЛ. Гэта не навіна. Зварот да мінулай дзяржаўнасьці быў ня толькі ў беларусаў. Многія нацыі так адраджаліся. Гэта ёсьць гістарычным фактам. Дыскутаваць можна толькі пра тое, ці была БНР паўнавартнаснай дзяржавай, ці не.
— Дык вось акурат падчас гэтай дыскусіі і гучаць прапановы не сьвяткаваць 25 Сакавіка як Дзень незалежнасьці. Абгрунтаваньне простае — зь дзяржавай тады нічога не атрымалася.
— У 1918 годзе была створаная ўся структура незалежнай дзяржавы. Легітымнасьць БНР была дасканала прадумана яшчэ з Усебеларускага зьезду. Гэтую легітымнасьць ніхто ня змог падважыць і па сёньня. Зь юрыдычнага гледзішча ўсё было зроблена вельмі пісьменна. Быў парлямэнт, урад, міністэрствы ўва ўсіх галінах. Але створана ўсё было ў часы акупацыі. І немцы, і палякі, і бальшавікі — усе былі супраць гэтай дзяржавы. Немцы трымаліся палажэньняў Берасьцейскага міру. Яны не дазволілі дзейнасьці міністэрстваў. А былі ж міністэрствы і гандлю, і эканомікі, і шляхоў зносін. Таму краіна ня мела бюджэту, не магла разьвіваць гандаль і эканоміку. Дазволілі толькі міністэрства асьветы і культуры. І да пэўнай меры міністэрства замежных справаў.
— Але якая рэальная ўлада была ў гэтых людзей? Што яны пасьпелі зрабіць?
— За вельмі кароткі час былі арганізаваныя сотні беларускіх школаў. Тэатар быў свой. Першае Таварыства беларускай драмы і камэдыі — гэта быў тады тэатар БНР. Узьнікалі мастацкія гурткі, клюбы. Гэта быў выбух Беларусі.
Дзяржава была створана, але не разьвілася, бо была акупацыя, ёй фізычна не далі разьвіцца. Войска і бюджэту не было не таму, што адраджэнцы не маглі ці не хацелі таго рабіць. Грашыма трохі дапамагала Менская гарадзкая ўправа, хоць гэта была фактычна яшчэ структура царскага ўраду, якая датрывала да Беларусі. Яна падтрымлівала Раду БНР, бо на Ўсебеларускім зьезьдзе былі іхныя прадстаўнікі.
— Тым ня менш свайго войска, якое бараніла б урад і дзяржаву, стварыць не ўдалося.
— Войска зь беларусаў было сфармаванае на румынскім фронце — 100 тысяч жаўнераў. Яно паехала чыгункай на Беларусь. Немцы яго не прапусьцілі. Вярнуцца у Беларусь беларускім франтавікам, якім надакучыла вайна, дазвалялася толькі бяз зброі. У Румыніі аддзелы былі раззброеныя.
«Дзіва, што яна змагла тады ўзьнікнуць і выжываць»
— Сёньня гэтыя падзеі выглядаюць як фантастыка. 123 гады расейскай акупацыі пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай. Пасьля кожнага паўстаньня — рэпрэсіі. Як у такіх умовах мог вырасьці беларускі рух?
— Штуршком стала Першая сусьветная вайна. Яна рэзка паставіла перад людзьмі выбар. Паставіла пытаньні, якія ў мірны час ня ставяцца. Пытаньні чалавечага і народнага лёсу. Была нямецкая акупацыя, страшнае «бежанства», зьмена акупантаў. Гэта ўсё прывяло да таго, што чалавек ня мог застацца ўбаку. Ён ня мог жыць сваім сьветам, нават супраць сваёй волі ён быў уцягнуты ў гэты вір.
Невыпадкова, калі ў 1920 годзе ішлі бальшавікі, Случчына так паднялася. За тры дні 10 тысяч дабраахвотнікаў. Узьняліся за сваё, за БНР. Нехта цёмны альбо несумленны кажа, што нічога ў 1918 годзе не было. Толькі на каго разьлічаныя такія казаньні? «Нічога не было» — і праз два гады на Случчыне падняўся народ? Яшчэ была жывая шляхта, жылі традыцыі Кастуся Каліноўскага. Палітызаваліся сяляне. Дзейнічалі партыі, асабліва БСГ і эсэры.
— Аднак іншым суседзям удалося: і Польшчы, і Латвіі, і Літве...
— Уявіце ўмовы ў Беларусі ў 1915 годзе. Галеча, фронт. Калі немцы пачалі наступ і занялі Вільню, Менск, Горадзеншчыну, Меншчыну, яны праводзілі такую палітыку — забіралі ў сялян увесь ураджай у Нямеччыну. На насеньне пакідалі жыта, звозілі ў адзін сьвіран і ставілі зь вінтоўкай свайго вартаўніка — немца. Вясной давалі, каб людзі сеялі. Зьбіралі ўраджай, а немцы зноў усё забіралі. Ізноў насеньне ў сьвіран. На Горадзеншчыне праз гэта ўзьнік голад. Я памятаю аповеды свайго дзеда і старэйшых людзей, які быў тады за немцамі голад. Некаторыя траву елі і пухлі ад недаяданьня. Людзі хадзілі ў Горадню за 200 км, бо там можна было дастаць жыта. Хадзілі з нажамі, групамі, бо ж бандытаў было поўна, і на плячах несьлі мяшкі з жытам дадому.
А што тварылі расейцы? Стаўка была ў Магілёве. У іх была інструкцыя пры адступленьні паліць усё збожжа, калодзежы закідалі камянямі, друзам, здохлай жывёлай. Быў загад аб эвакуацыі — вывозіць людзей. Чаму Луцкевічы тады хаваліся ў Вільні? Бо быў загад вывозіць інтэлігенцыю. Рускія хацелі пакінуць немцам мёртвую зямлю. Гэта была чужая для іх зямля. Вось у такіх умовах стваралася незалежная беларуская дзяржава. І дзіва, што яна змагла тады ўзьнікнуць і выжываць.
«Бальшавікі хапалі і стралялі проста на вуліцах»
— Як жа тады ўдалося бальшавікам, якіх многія лічылі маргіналамі і ня ставіліся да іх сур’ёзна?
— Распавяду адну гісторыю, якая будзе адказам на ваша пытаньне. У сьнежні 1918 году нейкі час было безуладзьдзе. Немцы і Ўрад БНР пакінулі Менск, а бальшавікі яшчэ не ўвайшлі ў горад. На працягу тыдня ўладу ў горадзе падабраў Бунд. Потым прыйшлі бальшавікі. Пачаліся арышты. Хапалі і стралялі проста на вуліцах. Расстрэльвалі ў Камароўскім лесе, на месцы, дзе цяпер ля Акадэміі навук знаходзіцца 1-ы клінічны шпіталь. Тут у 1918-1919 гадах бальшавікі расстралялі тысячы людзей. Як Ленін пісаў, дзеля застрашэньня буржуазіі і навядзеньня страху. Там іх закопвалі ў ямы.
1-ы гарадзкі клінічны шпіталь будавалі ў пачатку 1930-х. Ён спраектаваны ў тыповым для таго часу канструктывісцкім стылі, стаіць і цяпер. Там працавала Яніна Каханоўская. Яна мне распавядала, што калі будавалі фундамэнт, то знаходзілі мноства людзкіх касьцей, шмат чалавечых чарапоў.
Так сьцьвярджалася ўлада маскоўскіх бальшавікоў — на касьцях беларускіх людзей. На гэтым трымалася савецкая ўлада. Беларуская ўлада БНР была бяз войска, і яна трымалася на народзе.
«Нашая гісторыя, на жаль, нярэдка працягвае савецкі падыход»
— Пра гісторыю БНР напісана шмат кніжак, артыкулаў, манаграфій. Непараўнальна больш чым пра гісторыю БССР. Але чаму дагэтуль большасьці гісторыкаў цяжка прыйсьці да адной высновы?
— Пра гісторыю БНР шмат дзе напісана з гледзішча і мэнтальнасьці савецкіх гісторыкаў. Людзі ніяк ня могуць пазбавіцца ацэнак, якія не ўваходзяць у сэнс справаў, тагачаснага жыцьця. За фактамі ня бачаць людзей, якія за гэтым стаяць. Але без зразуменьня чалавека і грамадзтва немагчыма зразумець эпоху, гісторыю. Нашая гісторыя, на жаль, нярэдка працягвае савецкі падыход. І таму зьяўляецца яшчэ ўбогая прапаганда, нібыта сабраліся пару чалавек і абвесьцілі дзяржаву. Некаторыя думаюць, што тады ў грамадзтве было так, як цяпер. Тады было зусім ня так, і людзі былі іншыя. Узровень пасіянарнасьці людзей быў значна вышэйшы, чым сёньня.
Пра найбольшую загану беларускіх палітыкаў
— Але ўсё роўна ім не ўдалося. А частка дзеячоў БНР нават вярнулася ў савецкую Беларусь і прызнала савецкую ўладу.
— Так, у 1925 годзе Аляксандар Цьвікевіч, які кіраваў урадам БНР, паверыўшы бальшавікам, прыехаў з Бэрліну ў Менск разам зь міністрамі. Яны атрымалі ў БССР кіроўныя пасады. Паўліна Мядзёлка распавяла мне такую гісторыю. Неяк Цьвікевіч і ягоныя людзі сабраліся разам за сяброўскім сталом і пачастункам. Былі Лёсік, Ластоўскі, магчыма, Чарвякоў з жонкай, Гартны, Мядзёлка ды іншыя. Выйшлі на калідор пакурыць, і Цьвікевіч тады кажа: «Ну, хлопцы, цяпер ужо нам ніхто не перашкодзіць і Беларусь ніхто ня спыніць. Беларусь — будзе». Празь нейкі час іх усіх арыштавалі, кінулі ў ГУЛАГ, потым расстралялі.
— Магчыма, гэтаму ёсьць і іншае тлумачэньне. Яны спрабавалі ўхапіцца хоць за нешта, каб рэалізаваць свае ідэі.
— Беларускія палітыкі ўва ўсе часы і па сёньня маюць мэнтальную асаблівасьць — яны вельмі даверлівыя. Можна лічыць, што ўжо ад Альгерда. Некаторым цяжка зразумець усходнюю хітрасьць і падступнасьць маскоўскай арды.
Быў такі ўдзельнік слуцкага збройнага чыну, эсэр, найцікавейшая асоба Сяргей Бусел, які, апынуўшыся ў ГУЛАГу, шкадаваў пра беларускую даверлівасьць і казаў даслоўна так: «Ня будзем плакаць і ня будзем каяцца за няўмела пастаўлены крок». Іншы трагічны герой беларускага змаганьня, Сымон Рак-Міхайлоўскі, пра сваю наіўнасьць ужо на вечнай мерзлаце ў рускім ГУЛАГу з горкаю скрухай мовіў літаральна такое: «Так нам і трэба, на гэта мы й заслужылі».
Наіўная даверлівасьць у палітыцы каштавала ім жыцьця. Я ўжо не кажу пра Браніслава Тарашкевіча. Можа гэта легенда, а можа і праўда. Францішак Аляхновіч падчас абмену вязьнямі на польска-савецкай мяжы быццам бы сказаў яму: «Бронісь, куды ты ідзеш, па сьмерць»? Нам, беларусам, трэба ўлічваць такія небясьпечныя ў палітыцы паводзіны. Асабліва маючы справу з маскоўцамі ды імпэрскай ардой.
Гэта проста дзіва, у галаве ня месьціцца, што людзі, якія стаялі ля вытокаў БНР, паверылі лжывай Маскве, крывавым бальшавікам і прызналі іх ўладу. Яны паехалі на акупаваную радзіму і думалі, што будуць будаваць Беларусь разам са сваімі ворагамі, бо ворагі ім паабяцалі.
Катэгарычна і даўно трэба рабіць высновы. Асабліва тым, хто зноў спадзяецца на нейкую «лібэралізацыю» нашых ворагаў, якія з патрахамі прадаліся Маскве і праводзяць тут яе антыбеларускую палітыку.
«Да 100-годзьдзя БНР людзі вольныя прыдумаюць і зробяць усё самі»
— Да сотай гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці БНР засталося тры месяцы. Нягледзячы на круглы юбілей, грандыёзнай арганізацыі не відаць. Як у такой сытуацыі, на вашу думку, трэба сьвяткаваць?
— Афіцыёз адмовіўся ад сьвяткаваньня ўгодкаў. Гэтага варта было чакаць. Да юбілею рыхтуецца эміграцыя: у Канадзе, у Нью-Ёрку, у Польшчы, Летуве. Трэба там, дзе толькі магчыма, усталёўваць памятныя знакі да 100-годзьдзя БНР. І ў Беларусі, і ў іншых краінах, якія мелі дачыненьне да беларускага нацыянальнага адраджэньня.
— Вы мяркуеце, што ўлада гэта дазволіць?
— У кожным разе неабходна спрабаваць дамаўляцца з уладай. Калі мы захочам усталяваць знак на касьцельнай, царкоўнай, ці прыватнай тэрыторыі, то ўсё роўна дазвол патрэбны.
Павінны быць «вечныя знакі». У Залесьсі Агінскіх ужо скора 200 гадоў ляжыць камень з надпісам «Ценям Касьцюшкі». Ён будзе там ляжаць вечна. Такое мае быць і з БНР. Гэта адзін з падыходаў, як адзнакаваць БНР у вечнасьці. На Лідчыне, напрыклад, паставілі помнік паўстанцам 1863 году, выкананы ў камені. Гэта вечны помнік.
— Як і штогод, адбудзецца дэманстрацыя. Ужо заяўлена пра дэманстрацыю ў Менску з нагоды 25 Сакавіка.
— Трэба разумна падумаць пра шэсьце. 25 Сакавіка мусіць быць ня шэсьце правакатараў з дурнаватымі лёзунгамі тыпу «Мы не быдло», але дэманстрацыя ўрачыстага нацыянальнага сьвята. Шэсьце павінна адбывацца ўзьнёсла, з кветкамі, танцамі, песьнямі, музыкай.
— Зянон Станіслававіч, а ці не наіўна спадзявацца, што ўлада гэта дазволіць?
— Можна амаль не сумнявацца, што сьвята будзе забаронена, але змагацца за яго трэба. Тымчасам варта ўжываць больш лякальныя формы і адзначэньні: мастацкія выставы, канфэрэнцыі, выданьне кніг, спэктаклі, сьпевы гімнаў. Вольнаму чалавеку ня трэба ўказаньняў зьверху, што рабіць, ён сам будзе сабе сьвята ствараць. Людзі вольныя прыдумаюць і зробяць усё самі. Трэба шукаць кожную магчымасьць, каб адсьвяткаваць прыстойна. Нават на сямейным узроўні трэба адзначаць нацыянальныя юбілеі і святы. Гэта важна і характарызуе нас як народ.