Сёньня ў Менску прайшоў ІІ зьезьд вучоных, на якім выступаў Аляксандар Лукашэнка. Але ён ня меў магчымасьці пачуць голасу дэлегата папярэдняга зьезду, які прайшоў 10 гадоў таму, загадчыка аддзелу Беларускага інстытуту сыстэмнага аналізу Ўладзімера Каралюка. Гэтым разам яго не запрасілі на форум навукоўцаў.
Пра сваё бачаньне праблем беларускай навукі Ўладзімер Каралюк расказаў у інтэрвію Свабодзе.
Кандыдат тэхнічных навук, загадчык аддзелу Беларускага інстытуту сыстэмнага аналізу Ўладзімер Каралюк быў дэлегатам І зьезду вучоных у 2007 годзе. На другі зьезд, якія праходзіў 12–13 сьнежня ў Менску, яго ня вылучылі. Кандыдатаў прапаноўвала кіраўніцтва інстытутаў, а зацьвярджала навуковая рада.
«Пасьля таго, як я апублікаваў у „Народнай волі“ матэрыял „Пакараньне без злачынства“, шлях на другі зьезд навукоўцаў для мяне быў закрыты. Але калі я паглядзеў праграму новага форуму — гэта дакладная копія першага зьезду, тыя ж даклады, выступы на сэкцыях», — кажа Ўладзімер Каралюк.
Што было на першым зьезьдзе вучоных
Уладзімер Каралюк падлічыў: на першым зьезьдзе вучоных толькі на пленарным паседжаньні былі зачытаныя 42 даклады. На сэкцыйных пасяджэньнях — у некалькі разоў больш. І ўсе яны тычыліся не канкрэтных пытаньняў, а былі агульныя разважаньні.
«Калі паглядзець на рэзалюцыю першага зьезду, яна стракаціць дзеясловамі: удасканаліць, актывізаваць, паскорыць, разьвіваць і гэтак далей. 10 гадоў усё разьвівалася, удасканальвалася, канцэнтравалася, але навука так і ня стала прадукцыйнай сілай. Навукаёмістасьць ВУП у 2016 годзе — 0,5%, гэта крытычная лічба. І вось у Год навукі, праз 10 гадоў, вырашылі правесьці новы зьезд. На мой погляд — для «галачкі», — робіць выснову спадар Каралюк.
Новая стратэгія разьвіцьця навукі як абяцаньне жыць пры камунізьме
Уладзімер Каралюк перакананы, што Стратэгія разьвіцьця навукі на 25 гадоў пад назвай «Навука і тэхналёгіі: 2018-2040», праект якой сёньня абмяркоўвалі навукоўцы, нагадвае савецкі час і абяцаньні пабудаваць камунізм да 1980 году. Дакумэнт стракаціць тымі ж дзеясловамі, што і рэзалюцыя першага зьезду. У навуцы не хапае адказнасьці кіраўнікоў і канкрэтнай пастаноўкі задач. А навукаёмістасьць ВУП 0,5% і заробкі навукоўцаў па 250 рублёў — гэта ганьба для краіны, кажа ён.
«Стратэгія разьвіцьця навукі на 25 гадоў наперад мне нагадала савецкі час і абяцаньні пабудаваць камунізм да 1980 году. Такая стратэгія — абсурд, як можна плянаваць навуку на чвэрць стагодзьдзя наперад? Тых, хто цяпер прымае рашэньні, у той час ужо ня будзе. Тады гэта ўсё скончылася, выбачайце за грубасьць, „пшыкам“.
Калі на першым зьезьдзе вучоных тагачасны старшыня прэзыдыюму Нацыянальнай Акадэміі навук Міхаіл Мясьніковіч казаў пра тое, што трэба пабудаваць вэртыкаль кіраваньня інавацыйнай дзейнасьцю, то цяпер у стратэгіі толькі канстатуюць, як у нас ўсё цудоўна, з кадравым патэнцыялам праблем няма, навука квітнее. А ў мяне ў аддзеле старшы навуковы супрацоўнік атрымлівае 250 рублёў».
Мы адстаём ужо не на гады, а назаўжды
У Беларускім інстытуце сыстэмнага аналізу Ўладзімер Каралюк узначальвае аддзел экспэртыз. Ці задавальняе яго праца, ці ёсьць магчымасьць самарэалізавацца?
«Мне сёньня мае супрацоўнікі кажуць: вас накіравалі выправіць становішча, але ў вас нічога не атрымаецца. Бо кіраўніцтву Дзяржаўнага камітэту навукі і тэхналёгій гэта ня трэба. Вы не прымаеце рашэньняў, вы толькі пішаце прапановы».
На думку Каралюка, сама сыстэма правядзеньня экспэртыз пабудаваная так, быццам бы хочуць нашкодзіць. І такую схему зацьвердзілі ў Савеце Міністраў.
«Фізычна немагчыма правесьці экспэртызу з удзелам як мінімум 50 чалавек, ды і не патрэбна гэта. Навошта 50 чалавек? Гэта калектыўная безадказнасьць. Павінны быць тры прафэсіяналы, дзяржаўныя экспэрты для ацэнкі праекта, якія нясуць адказнасьць. І калі чалавек даў няправільнае экспэртнае заключэньне, яго ніколі да экспэртызы больш не дапусьцяць. За мяжой гэты статус ганаровы. А ў нас зрабілі калектыўную безадказнасьць. І ўсё вырашаецца тайным галасаваньнем — то бок потым ніхто ні за што не адказвае. Пры такім стаўленьні навука ніколі ў нас ня стане прадукцыйнай сілай. Мы адстаём ужо не на гады, а назаўжды».
Час «шарашак» мінуў
На думку Ўладзімера Каралюка, навукай, фундамэнтальнымі дасьледаваньнямі павінна займацца Акадэмія навук. Але каардынаваць усю навуковую дзейнасьць краіны акадэмія ня можа. Нельга аднолькава разьвіваць навуковую і інавацыйную дзейнасьць. Інавацыйная дзейнасьць — больш доўгі ланцуг, пачынаючы ад навуковай ідэі і заканчваючы рэалізацыяй на вытворчасьці. Трэба мяняць сыстэму навуковых дасьледаваньняў, кажа загадчык аддзелу Беларускага інстытуту сыстэмнага аналізу.
«Некалі Эўразьвяз вырашыў стварыць аэробус. Былі падключаны ўсе найлепшыя сілы ЭЗ. Урэшце, самалёт быў створаны, на ім лётаюць. Але там не было пунктаў кшталту „дасьледаваць матэрыялы, якія могуць быць выкарыстаныя“. Была пастаўлена задача — вырабіць крыло, якое можа вытрымліваць пэўную нагрузку. І навукоўцы пачалі ствараць кампазыцыйныя матэрыялы і гэтак далей. Паводле такога ж прынцыпу ў нас павінны стварацца праграмы, а не закладаць у „Стратэгію“ агульныя фразы кшталту „выкарыстоўваць рэсурсазьберагальныя матэрыялы“. Калі мы хочам стварыць найлепшы ў сьвеце трактар, трэба паставіць задачу перад МТЗ альбо Мінпрамам, яны самі павінны падбіраць каманду, кадры і фінансаваць распрацоўку гэтага трактара».
Навуковец прывёў яшчэ адзін прыклад, як некалі ў Савецкім Саюзе ставілі перад таленавітымі навукоўцамі канкрэтныя задачы, выдаткоўвалі годнае фінансаваньне, але строга патрабавалі выкананьня.
«Я не ўхваляю так званыя „шарашкі“, якія былі ў часы Савецкага Саюзу, але паставілі задачу: стварыць самалёт. У „шарашку“ загналі таленавітага Тупалева, забясьпечылі яго ўсім неабходным, і самалёт быў створаны. А ў нас цяпер будуць зьбіраць прапановы навукоўцаў, пісаць праграмы, у назове якіх па 3-4 радкі — не прачытаць, ня вымавіць. А праграма павінна быць канкрэтная, з двух-трох словаў: стварыць канкрэтны прадукт».
Па словах Уладзімера Каралюка, беларускай навуцы не хапае адказнасьці кіраўнікоў.
«Каб ад іх строга патрабавалі, каб яны адказвалі за сваю працу. А навошта напружвацца старшыні прэзыдыюму Акадэміі навук Уладзімеру Гусакову, які атрымлівае даволі добры заробак у параўнаньні з шараговымі супрацоўнікамі, якім плацяць па 250- 300 рублёў? У яго ніякай адказнасьці».