Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэдзкая амбасада выдала кнігу нобэлеўскага ляўрэата, якая дапаможа беларусу зразумець душу швэда


На прэзэнтацыі кнігі Тумаса Транстрэмэра ў Магілёве (зьлева направа): Алеся Башарымава, рэжысэр Лейф Ульсан, Андрэй Хадановіч, музыка Сяргей Доўгушаў
На прэзэнтацыі кнігі Тумаса Транстрэмэра ў Магілёве (зьлева направа): Алеся Башарымава, рэжысэр Лейф Ульсан, Андрэй Хадановіч, музыка Сяргей Доўгушаў

Зборнік вершаў швэдзкага паэта Тумаса Транстрэмэра ўпершыню выдалі па-беларуску. Ягоныя творы для кнігі «Пад вольным небам» пераклалі Ўладзімер Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Андрэй Хадановіч ды Алеся Башарымава.

Тумас Транстрэмэр — адзін з самых вядомых і перакладаных швэдзкіх паэтаў паваеннага часу. Ягоныя творы чытаюць на 60 мовах. Ён нобэлеўскі ляўрэат па літаратуры 2011 году. Прэмію паэту прысудзілі, як адзначана ў фармулёўцы Швэдзкай акадэміі, за тое, што «праз свае густыя празрыстыя вобразы ён дае нам новы доступ да рэчаіснасьці».

Хадановіч: у паэзіі Транстрэмэра беларускі чытач знойдзе сваё блізкае

Швэдзкая амбасада задумала выдаць кнігу зь перакладамі на беларускую мову твораў Тумаса Транстрэмэра неўзабаве пасьля ўручэньня нобэлеўскай прэміі Сьвятлане Алексіевіч.

«Магчыма, творчасьць Транстрэмэра стане ключом да разуменьня Швэцыі такім самым чынам, як творчасьць Алексіевіч дала мне ключ да разуменьня беларускай душы», — адзначана ў прадмове да зборніка вершаў апошняга нобэлеўскага ляўрэата са Швэцыі.

Кніга «Пад вольным небам»
Кніга «Пад вольным небам»

Андрэй Хадановіч Тумаса Транстрэмэра называе «апошнім вялікім паэтам з той эпохі, калі рок-сьпевакам, як Боб Дылан, Нобэля яшчэ не давалі». Паводле беларускага паэта і перакладчыка, паэзія яго швэдзкага калегі па пяры няпростая. Транстрэмэр жыве ў сваім сьвеце: паміж культурай і прыродай.

«Разам з тым яго паэзія настолькі агульначалавечая і ўнівэрсальная, што я не прыгадаю ў кнізе верша, які мог бы быць чужым і далёкім беларускаму чытачу. У іх, наадварот, усё блізкае і сваё», — гаворыць пра паэзію Транстрэмэра Андрэй Хадановіч.

На думку Хадановіча, у беларускай паэзіі, у адрозьненьне ад швэдзкай, «больш экспрэсіі, і яна больш прыдаецца да чытаньня са сцэны».

«Швэдзкая паэзія ж інтравэртная, мэдытатыўная, — кажа ён. — Гэта ўгляданьне, услухоўваньне ў сябе самога. Я думаю, што псыхалягічна гэтыя мэдытацыі будуць блізкімі беларускаму чытачу. У іх няма надуманых поз і тэатральных эфэктаў. Ёсьць шчырасьць і ўважлівасьць да сьвету і сябе ў сьвеце».

Рэжысэр Лейф Ульсан: у Транстрэмэра простыя і зразумелыя мэтафары

Тумас Транстрэмэр псыхоляг паводле адукацыі й першапачатковага занятку. Ён ляўрэат шматлікіх літаратурных прэміяў. У 1990 годзе перанёс моцны інсульт, які паралізаваў правы бок. Паэт навучыўся пісаць левай рукой, і ёй жа добра іграў на піяніна.

Швэдзкі рэжысэр Лейф Ульсан пазнаёміўся з Тумасам Транстрэмэрам 12 гадоў таму. Зьняў фільм пра паэта-набэліста. Ягоныя вершы чытаў у 23 краінах.

Ілюстрацыя з кнігі. Тумас Транстрэмэр з Уладзімерам Арловым
Ілюстрацыя з кнігі. Тумас Транстрэмэр з Уладзімерам Арловым

У інтэрвію Свабодзе Лейф Ульсан адзначыў прастату і зразумеласьць мэтафараў Транстрэмэра. «Здаецца, што іх магло напісаць дзіця, — казаў суразмоўца. — Той, хто чытаў ягоную паэзію, заўважалі, што вершы напісаныя дакладна так, як яны думаюць».

Паводле Лейфа Ульсана, Транстрэмэр так апісвае прыроду, што нават ягоныя вершы пра сьнег і восеньскую непагадзь разумеюць жыхары Афрыкі.

Кніга «Пад вольным небам» пабачыла сьвет дзякуючы амбасадзе Швэцыі, Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і выдаўцу Зьмітру Коласу. Яе прэзэнтавалі ў Віцебску, Гомлі ды Магілёве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG