У «Бібліятэцы Свабоды. XXI стагодзьдзе» выйшла кніга Сяргея Навумчыка «Дзевяноста другі». Прапануем фрагмэнты з кнігі.
«Год таму — 25 жніўня 1991 — Беларусь прадэкляравала Незалежнасьць. Ці лічыце вы, што за гэты пэрыяд дасягнута тое, пра што з самага пачатку заяўляў БНФ, альбо гэта — год нерэалізаваных магчымасьцяў?»
З такім пытаньнем, на просьбу нямецкага агенцтва DPA, я зьвярнуўся да Зянона Пазьняка ў пачатку жніўня 1992-га.
«Ні першае, ні другое, — адказаў лідэр парлямэнцкай апазыцыі. — Пад ціскам Народнага Фронту ўдалося канстытуцыйна замацаваць незалежнасьць Беларусі, вярнуць нацыянальную сымболіку, ліквідаваць КПСС, усталяваць адносіны зь некаторымі дзяржавамі на ўзроўні амбасадаў, але галоўныя мэты ня вырашаныя — гэта найперш дэмакратычныя рэформы ўлады і рынкавыя рэформы эканомікі, пытаньні стварэньня фінансава-крэдытнай сыстэмы на аснове беларускага талера, мытнай сыстэмы і межаў дзяржавы, нацыянальнага войска Беларусі. І найгалоўнейшае — аднаўленьне нацыянальнай культуры, сыстэмы нацыянальнай адукацыі, беларускай мовы. Расейскія камуністы зьнішчалі нас як нацыю і этнас, яны за 74 гады істотна разбурылі нашу культуру, а без адраджэньня культуры і высокай нацыянальнай сьвядомасьці глыбокія грамадзкія пераўтварэньні немагчымыя.
Пра «нерэалізаваныя магчымасьці» казаць не даводзіцца, паколькі ўся заканадаўчая, выканаўчая, судовая і, у асноўным, эканамічная ўлада, а таксама сродкі масавай інфармацыі засталіся ў руках былой камуністычнай намэнклятуры. Гэтая намэнклятура не зацікаўленая ў рэформах і грунтоўных дзяржаўных пераўтварэньнях. БНФ удалося рэалізаваць хутчэй немагчымае ў такой абстаноўцы. Каб зрабіць немагчымае магчымым, Народны Фронт выступіў з ініцыятывай рэфэрэндуму аб роспуску Вярхоўнага Савету і правядзеньні новых, дэмакратычных выбараў на падставе дэмакратычнага закону, распрацаванага БНФ.
... У красавіку Вярхоўны Савет фактычна самараспусьціўся на нявызначаны тэрмін і сышоў з палітычнай арэны. Гэты дзіўны крок прадыктаваны нежаданьнем прымаць рашэньне пра дату правядзеньня рэфэрэндуму» (Архіў аўтара).
Прапанова, ад якой давялося адмовіцца
Пазьняк невыпадкова прыгадаў сродкі масавай інфармацыі побач з галінамі ўлады — яны не зрабіліся «чацьвёртай уладай», як іх часта называюць у дэмакратычных краінах, а зрасьліся з уладай выканаўчай. На сярэдзіну 1992-га манапалізацыя СМІ ў руках Саўміну дасягнула максымальнага ўзроўню.
Яшчэ вясной мы выступілі з ініцыятывай замены кіраўніцтва дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Увогуле, асабіста я быў праціўнікам знаходжаньня прэсы ў дзяржаўных руках, але акцыянаваньне патрабавала часу, а кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі і асноўных дзяржаўных газэтаў было прызначана яшчэ ЦК КПБ і збольшага праводзіла антыдэмакратычную, а галоўнае — антыбеларускую палітыку. Мы прапанавалі сваіх людзей на пасады, сярод іх Анатоля Вярцінскага і Ігара Герменчука.
У чэрвені 1992-га мяне запрасіў да сябе міністар інфармацыі Анатоль Бутэвіч. Зь ім у мяне былі добрыя адносіны, Бутэвіч — адзін зь нешматлікіх членаў ураду, якія гаварылі па-беларуску і ўвогуле сымпатызавалі нацыянальнаму Адраджэньню.
Міністар сказаў, што прынята рашэньне пра рэформу агенцтва БЕЛТА, яно ператвараецца ў «Белінфарм», а мне прапануецца пасада генэральнага дырэктара. З кіраўніцтвам Саўміну (Кебічам і ягоным намесьнікам Дземчуком) узгоднена. Я папрасіў час на роздум.
Увогуле, фармальна гэта было ніжэй за маю тагачасную пасаду сакратара Камісіі Вярхоўнага Савету ў пытаньнях галоснасьці, сродкаў масавай інфармацыі і правоў чалавека, якая прыраўноўвалася да міністэрскай (нават зарплату адмыслова зрабілі аднолькавую зь міністрамі).
Аднак агенцтва было самастойным СМІ, якое пасьля рэфармаваньня магло б быць крыніцай распаўсюду аб’ектыўнай інфармацыі. Але пры той умове, што і на чале іншых дзяржаўных СМІ былі б кіраўнікі дэмакратычных перакананьняў. У адваротным выпадку аб’ектыўная інфармацыя, якую б выпускаў Белінфарм, не друкавалася б у той самай «Советской Белоруссии», не гучала б у выпуску навінаў тэлебачаньня і радыё і не даходзіла б да людзей. Дакладней, як і раней, даходзіла б толькі тое, што было выгодна ўраду. Сэнсу ўдзельнічаць у гэтым я, канешне, ня бачыў.
Быў яшчэ адзін асабісты момант. Агенцтва сапраўды трэба было рэфармаваць, у тым ліку (і пра гэта сказаў Бутэвіч) шляхам скарачэньня супрацоўнікаў. Мне было 30 гадоў, я ўявіў, як буду звальняць людзей, у тым ліку і амаль у два разы старэйшых за сябе, зь сем’ямі — звальняць фактычна ў нікуды, бо наўрад ці са сваім досьведам працы ў вельмі рэглямэнтаваным дзяржаўным СМІ яны б уладкаваліся ў прыватныя інфармацыйныя структуры.
Канешне, я адразу параіўся з Пазьняком — памятаю, мы ў гутарцы прайшлі па Праспэкце ад Дому ўраду да плошчы Перамогі. Мае засьцярогі адносна блякаваньня аб’ектыўнай інфармацыі ён успрыняў, але раіў не сьпяшацца з адказам. Ён схіляўся больш да таго, што трэба пагаджацца — ва ўсялякім разе, скарыстаць шанец. «Але разумею мінусы, пра якія ты кажаш, таму катэгарычна не настойваю».
У выніку, пасьля развагаў, я адмовіўся ад прапановы. У мяне яшчэ захавалася надзея паўплываць на зьмены ў сродках масавай інфармацыі на тагачаснай сваёй працы ў парлямэнцкай камісіі.
Нарэшце, дырэктарства ў агенцтве азначала б сумяшчэньне заканадаўчай і выканаўчай працы,супраць чаго мы, дэпутаты БНФ,выступалі, і зрабіла б вельмі праблематычнай апазыцыйную дзейнасьць. У пачатку 92-га Кебіч, каб зрабіць парлямэнт больш паслухмяным,пачаў перацягваць дэпутатаў у структуры Саўміна,пераважна – былых партыйных работнікаў, але вось паспрабавалі “купіць” і мяне, дэпутата БНФ).
Кіраўнікі СМІ не жадаюць дэманапалізацыі: будзем залежнымі, затое – сытымі
У тым самым 1992 годзе на даручэньне Апазыцыі БНФ я распрацаваў Канцэпцыю інфармацыйнай палітыкі, якая базавалася на прынцыпах свабоды прэсы, акцыянаваньні выданьняў і дзяржаўнай падтрымцы беларускамоўных СМІ.
Першачарговым крокам мелася быць дэманапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі, якія сканцэнтраваліся ў руках Саўміну. У ліпені я запрасіў на гутарку галоўных рэдактараў дзяржаўных газэт — палова не прыйшла, а тыя, хто прыйшоў, скептычна паставіліся да маіх прапановаў. Яны не хавалі, што ў выбары паміж свабодай і фінансавай падтрымкай ураду выбіраюць грошы. Хай будуць і залежныя, затое — сытыя.
Акрамя таго, яны цудоўна ведалі, што вырашае не парлямэнцкая камісія, а апарат Саўміну, аддзелы, створаныя распараджэньнем Кебіча без усялякага ўзгадненьня зь Вярхоўным Саветам. Прэсай там займаліся аж дзьве структуры — Упраўленьне інфармацыі і грамадзкіх сувязяў на чале з былым сакратаром ЦК ЛКСМБ Валерыем Драгаўцом і Аддзел друку, радыё і тэлебачаньня на чале зь Сяргеем Паваляевым. Менавіта яны і прымалі рашэньні.
Вынік зваротаў да Шушкевіча: “Гэта не мая справа”
У ліпені 1992 году я напісаў ліст на імя Шушкевіча, у якім зьвярнуў увагу на ненармальную сытуацыю, калі прызначаныя прэм’ерам чыноўнікі даюць распараджэньні рэдактарам газэт і міністру інфармацыі, які зацьвярджаўся парлямэнтам. Ніякай рэакцыі з боку Шушкевіча не было.
Магчыма, таму не было, што і сам Шушкевіч стварыў у апараце Аддзел інфармацыі (узначальваў яго Васіль Вераб’ёў), які імкнуўся ўплываць на СМІ. Паміж гэтым аддзелам і адпаведнымі структурамі Саўміну разьвязалася сапраўдная інфармацыйная і апаратная вайна. Пры гэтым абодва бакі падкрэсьлена ігнаравалі нашу парлямэнцкую камісію. Нешта падобнае было і зь іншымі Камісіямі Вярхоўнага Савету. (Разьвязка надыдзе ў канцы 1993 году, калі старшыня КДБ Эдуард Шыркоўскі і міністар унутраных справаў Уладзімер Ягораў выступяць з адкрытым лістом да Вярхоўнага Савету супраць начальніка Ўпраўленьня грамадзкай бясьпекі і абароны Генадзя Данілава — бліжэйшага паплечніка Вячаслава Кебіча. Шыркоўскі і Ягораў напішуць гэты ліст у спадзяваньні на падтрымку Шушкевіча — але не атрымаюць яе. У студзені 1994 году кантраляваная Кебічам парлямэнцкая большасьць адправіць іх абодвух у адстаўку, а празь некалькі дзён здыме з пасады старшыні Вярхоўнага Савету і самога Шушкевіча.)
Пакуль жа, у 1992-м, Шушкевіч назіраў за супрацьстаяньнем парлямэнцкага і ўрадавага апарату. Адносна нас, дэпутатаў — кіраўнікоў камісіяў, у яго была апрабаваная тактыка, якую я спазнаў на ўласным досьведзе.
Некалькі разоў я зьвяртаўся да Шушкевіча з прапановамі (пераважна ў справах сродкаў масавай інфармацыі) — варта аддаць яму належнае, ён адразу прымаў дэпутатаў і ў гэтым сэнсе паводзіў сябе дэмакратычна. Ужо вясной 1992-га камісіі і апарат Вярхоўнага Савету перабраліся ў будынак былога ЦК КПБ (перад фасадам якога былі прыбраныя бюсты Маркса і Леніна), і Шушкевіч заняў кабінэт першага сакратара ЦК, так званы «машэраўскі». Замест партрэта Леніна над пісьмовым сталом быў Скарына.
Шушкевіч уважліва выслухоўваў, але фіналам гутаркі былі нязьменныя два варыянты адказаў.
Калі гаворка ішла пра нейкую маштабную справу, якая патрабавала рашэньня ня толькі ягонага, ён раіў: «А вы пераканайце ў гэтым Вярхоўны Савет!» Ніколі не сказаў хаця б кшталту — «Добра, я паспрабую пераканаць». Пры гэтым, канешне, цудоўна разумеў, што правесьці рашэньне праз парлямэнцкую большасьць нам, дэпутатам БНФ, будзе вельмі праблематычна.
Здаралася, што патрэбна было ягонае пэрсанальнае рашэньне альбо тэлефонны званок. Так, у пачатку 1992-га, пасьля візыту ў Менск кіраўніцтва Радыё Свабода — Свабодная Эўропа, удалося папярэдне дамовіцца пра тое, што Беларуская служба Свабоды будзе арэндаваць пэўны час у правадной радыёсетцы. Тады «радыёкропкі» былі амаль што ў кожнай кватэры і ў кожнай вясковай хаце, былі яны і на працы, радыёперадачы слухалі мільёны. Можна толькі ўявіць, які ўплыў зрабіла б непадцэнзурнае вяшчаньне — хай сабе і на працягу гадзіны-дзьвюх у суткі. Вяліся перамовы са старшынём Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Аляксандрам Сталяровым, асабіста я гутарыў зь міністрам сувязі Іванам Грыцуком (з апошнім — у нейкіх тэхнічных справах). Міністар сказаў, што можа прыняць рашэньне — «Але зразумейце мяне правільна, гэта пэўная адказнасьць і мне патрэбна ўказаньне «зьверху»». Я разумеў, што з Кебічам дамовіцца будзе цяжка, і запытаўся ў міністра: «Званка Шушкевіча хопіць?» — «Канешне!» Званком ад старшыні Вярхоўнага Савету міністар, безумоўна, мог прыкрыцца ад каго заўгодна. Але званка не было.
Другі варыянт: «Гэта не мая справа», — адказваў звычайна Шушкевіч у такіх выпадках, часам дадаючы, што ён «усяго толькі» сьпікер парлямэнту. У такія імгненьні прыгадваўся Ельцын, які да лета 1991 году таксама быў «толькі сьпікерам», альбо Ландсбергіс, які быў «толькі сьпікерам» — аднак абодва здолелі скарыстаць сьпікерства ў інтарэсах сваіх краінаў напоўніцу.
У мяне ўзьнікала адчуваньне, што Шушкевічу дастаўляе нейкае задавальненьне вось так абыходзіцца з дэпутатамі, што з поўным правам можна было б назваць своеасаблівым зьдзекам. Пазьней адзін з ініцыятараў адстаўкі Шушкевіча Віктар Ганчар заўважыць, што ён перанёс інтрыгі вузкага кола навуковай катэдры ў палітыку — вызначэньне вельмі трапнае (пры тым, што адстаўку Шушкевіча я, як і іншыя дэпутаты БНФ, не падтрымліваў).
«Голас апазыцыі павінен гучаць у эфіры». Але – не прагучаў
Асобны сюжэт у тэме сродкаў масавай інфармацыі — доступ дэпутатаў апазыцыі да тэлебачаньня і радыё. Хоць закон аб статусе дэпутата прадугледжваў яго, але ў рэальнасьці выхаду ў эфір даводзілася дамагацца.
Увогуле, «выбіваньне» эфіру для дэпутатаў БНФ было адным з маіх абавязкаў як каардынатара парлямэнцкай апазыцыі, і працэс гэты быў хоць і даволі дыскамфортны псыхалягічна (даводзілася ці то прасіць, ці то пераконваць кіраўніцтва Дзяржтэлерадыё). Пры афармленьні сваіх заяваў я звычайна спасылаўся на закон: «У адпаведнасьці з Законам аб статусе народных дэпутатаў Рэспублікі Беларусь, прашу выдзеліць…» Здагадваюся, што законам і апраўдваліся тэлевізійныя кіраўнікі перад сваім начальствам у Саўміне за тое, што раз на паўгода нам удавалася выйсьці ў эфір.
Але мы разумелі, што магчымасьць апэляцыі да грамадзтва праз СМІ (і найперш тэлебачаньне) павінна быць не спарадычнай. Таму ў пачатку жніўня 1992 году я падрыхтаваў зварот да міністра інфармацыі Анатоля Бутэвіча з патрабаваньнем выдзяленьня нам гарантаванага, сталага эфірнага часу на тэлебачаньні і на радыё.
26 жніўня мы зь Зянонам Пазьняком тры гадзіны вялі перамовы з намесьнікам міністра інфармацыі Іванам Карэндам і намесьнікам старшыні Белтэлерадыёкампаніі Баляславам Сушкевічам. Мы казалі пра тое, што электронныя сродкі масавай інфармацыі манапалізаваныя Саўмінам, а дэпутаты, увогуле прадстаўнікі дэмакратычных сілаў сутыкаюцца зь перашкодамі, калі хочуць данесьці свае меркаваньні да грамадзкасьці. У адказ Карэнда і Сушкевіч запэўнівалі, што перашкоды, калі яны сапраўды былі — гэта «асобныя выпадкі». «Голас апазыцыі павінен гучаць у эфіры», — сказаў намесьнік міністра.
Мы вырашылі сустрэцца зноў, каб ужо канкрэтна дамовіцца пра тэхнічны бок справы.
Жнівень і першая палова верасьня быў часам адпачынку, кіраўнікоў СМІ не было ў Менску, а 23 верасьня Зянон Пазьняк, Ігар Гермянчук і я сустрэліся з намесьнікам старшыні Белтэлерадыёкампаніі Паўлам Шаўчуком у ягоным кабінэце ў будынку на Макаёнка.
Мы пагадзіліся, што дамоўленасьць аб выдзяленьні дэпутатам апазыцыі эфірнага часу павінна быць замацаваная дакумэнтам, які б рэглямэнтаваў абавязкі абодвух бакоў. Пад ім павінны былі стаяць подпісы першых асобаў. Меркавалася, што дакумэнт падпішуць міністар інфармацыі Анатоль Бутэвіч і старшыня Белтэлерадыёкампаніі Аляксандар Сталяроў.
На сустрэчу з Бутэвічам і Сталяровым 28 верасьня мы з Пазьняком пайшлі з праектам дамовы, які я падрыхтаваў з улікам ўсіх тых дэталяў, якія мы абгаварылі з Шаўчуком.
Але падпісаць яе не ўдалося.
У самым пачатку Бутэвіч і Сталяроў заявілі, што пра папярэднюю дамоўленасьць з Шаўчуком ім нічога не вядома. Таксама яны сказалі, што даць эфірны час дэпутатам Апазыцыі БНФ — гэта стварыць пэўнага кшталту прэцэдэнт, далей трэба будзе і лідэраў іншых партыяў пусьціць на тэлебачаньне. Найперш — прадстаўнікоў дэпутацкай групы «Беларусь». Пазьняк заўважыў, што гэтая група слова ў слова паўтарае афіцыйную пазыцыю ўраду, якая і без таго прадстаўленая ў эфіры штодня. Я сказаў, што ў прынцыпе забесьпячэньне іншым дэмакратычным партыям магчымасьці данесьці сваю пазыцыю да насельніцтва — звычайная практыка ў дэмакратычных краінах. Але ў дачыненьні да дэпутатаў БНФ гаворка ідзе пра тое, што наўпрост гарантавана нам законам.
Бутэвіч і Сталяроў не пагадзіліся, сустрэча скончылася безвынікова. Безвынікова для нас, дэпутатаў апазыцыі — а ўлады замацавалі за сабой права не даваць права голасу сваім палітычным апанэнтам.
Было зразумела, што перад сустрэчай яны пракансультаваліся «ўверсе» і атрымалі ўказаньне: эфір не даваць.
Цяпер жа для завяршэньня тэмы з эфірам для парлямэнцкай апазыцыі забягу наперад, у апошнія месяцы 1992 году.
5 лістапада я выступіў на сэсіі Вярхоўнага Савету ў разьдзеле «Рознае» і паўтарыў патрабаваньне аб выдзяленьні апазыцыі гарантаванага эфіру — дзьвюх гадзінаў на тэлебачаньні і гадзіны на радыё кожны тыдзень.
Празь некалькі дзён на тры адрасы — Вярхоўнаму Савету, Савету Міністраў і мне як дэпутату — прыйшоў адказ, падпісаны міністрам інфармацыі Анатолем Бутэвічам.
«Патрабаваньне парлямэнцкай апазыцыі аб выдзяленьні пастаяннага эфірнага часу… у апошнія месяцы гучыць неаднаразова, — пагаджаўся міністар. — Гэтае пытаньне абмяркоўвалася ў часе сустрэч прадстаўнікоў міністэрства, Белтэлерадыёкампаніі і лідэраў апазыцыі.
Наша пазыцыя была і застаецца адназначнай: мы не адмаўляем апазыцыі ў праве на эфір, аднак выдзяляць ёй пастаянны час для перадач лічым немэтазгодным. На наш погляд, па гэтым шляху нельга ісьці таму, што эфір дзяржаўнага тэлебачаньня і радыё не павінен быць арэнай барацьбы розных палітычных сіл».
Тут перапыню цытаваньне і зьвярну ўвагу на тлумачэньне: эфір не павінен быць арэнай палітычнай барацьбы. Дзіўнавата было чытаць такое ў адказе міністра, члена ўраду краіны, разьмешчанай на эўрапейскім кантынэнце, дзе (у большасьці) урады фармуюцца ў выніку свабодных выбараў, а самі выбарчыя кампаніі праходзяць у сутыкненьні пазыцый менавіта ў сродках масавай інфармацыі (і найперш — у дзяржаўных, калі такія ў той або іншай краіне існуюць).
Далей, нагадаўшы, што «ўсе зарэгістраваныя ў рэспубліцы партыі і рухі маюць роўныя правы на асьвятленьне сваёй дзейнасьці ў сродках масавай інфармацыі» (але не сказаўшы, што скарыстацца гэтым правам могуць ня ўсе), міністар пісаў: «Задаволіць патрабаваньні БНФ і іншых палітычных арганізацый на выдзяленьне ім пастаяннага эфірнага часу немагчыма і зь іншых важкіх прычынаў — з-за абмежаваньня аб'ёмаў вяшчаньня, катастрафічнага стану матэрыяльна-тэхнічнай базы тэлебачаньня і радыёвяшчаньня, недахопу фінансавых сродкаў. Нельга не ўлічыць і тое, што перадач на палітычныя тэмы на беларускім тэлебачаньні і радыё дастаткова (яны займаюць каля 60-70 працэнтаў эфірнага часу). Што гледачы і слухачы настойліва ставяць пытаньне аб нарошчваньні аб'ёмаў мастацкага вяшчаньня, стварэньні праграмаў аб разьвіцьці і адраджэньні нацыянальнай культуры, духоўнасьці беларускага народу».
Быкаў: “Саўмінаўскі друк спрабуе зганьбіць беларусізацыю”
Ізноў даводзіцца спыніць цытаваньне. Не сумняваюся, што такія патрабаваньні да міністра і ў Белтэлерадыёкампанію прыходзілі, на гэтым настойвалі і мы, дэпутаты. Але ў рэальнасьці на экранах тэлевізараў было нешта супрацьлеглае. Напрыклад, «Крок» і іншыя перадачы моладзевай рэдакцыі тэлебачаньня, якія ў канцы 80-ых гадоў зьбіралі мільённую аўдыторыю дзякуючы сваёй вастрыні, дэмакратычнасьці, — у 1992 годзе ператварыліся ў рупар антынезалежніцкіх, антыбеларускіх сілаў. З экрана гучалі абразы і зьдзекі ў бок беларускай мовы, сама дзяржаўнасьць беларускай мовы высьмейвалася, права Беларусі быць сувэрэннай краінай ставілася пад сумнеў. Кіравала рэдакцыяй Ніна Чайка — прыхільніца чарнасоценнага «славянскага сабору Белая Русь». У пачатку 2000-ых яна будзе галоўным рэдактарам часопісу «Нёман» які надрукуе гнюсны тэкст супраць Васіля Быкава, і я ў Празе буду сьведкам, як падарве гэтая публікацыя здароў’е Васіля Ўладзімеравіча ў апошнія месяцы ягонага жыцьця.
Менавіта такія асобы, якія мелі добрыя пазыцыі ў кіраўніцтве тэлебачаньня і радыё, і перашкаджалі стварэньню «праграм аб разьвіцьці і адраджэньні нацыянальнай культуры», а зусім не «катастрафічны стан матэрыяльна-тэхнічнай базы». І якраз патранаваныя імі антыбеларускія, антыдэмакратычныя перадачы займалі калі ня ўсю, дык добрую палову прыгаданых міністрам «60-70 працэнтаў эфірнага часу».
Думаю, калі б усё сапраўды залежала толькі ад міністра Бутэвіча, сытуацыя ў сродках масавай інфармацыі была б іншая. Ва ўсялякім разе, значна лепшая. Але рэальны кантроль ажыцьцяўляў апарат Саўміну, дзе панавалі антыбеларускія, праімпэрскія настроі.
Менавіта іх меў на ўвазе Васіль Быкаў, калі ў жніўні 1992-га выступаў ў Маладэчне на міжнароднай канфэрэнцыі «Фармаваньне і разьвіцьцё нацыянальнай самасьвядомасьці беларусаў»:
«Нацыянальны рух для гэтых людзей — самая яўная перашкода на шляху да страчанай імі ўлады. Таму сёньня мы бачым, што чым далей, тым усё болей упартым робіцца іхняе супраціўленьне нашай нясьмелай, нерашучай, непасьлядоўнай беларусізацыі: камуністычны саўмінаўскі друк, радыё і тэлебачаньне рэдкі дзень так або інакш не спрабуюць зганьбіць яе».
Усе публікацыі праекту «Дзевяноста другі»