Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абыякавасьць і пяшчота ў беларускай правінцыі


Ірэна Кацяловіч
Ірэна Кацяловіч

Ірэна Кацяловіч піша пра фільм Юліі Шатун «Заўтра».

Рэжысэрка Юлія Шатун са сваім поўнамэтражным фільмам «Заўтра» зьявілася быццам зь ніадкуль, затое адразу ў двух конкурсах кінафэстывалю «Лістапад». Апроч Нацыянальнага конкурсу, які зьбірае найлепшыя работы беларускіх аўтараў за апошні час, яе фільм быў уключаны ў праграму «Маладосьць на маршы», чаго раней зь беларускімі карцінамі не здаралася. На фоне ўсёй гэтай калякіношнай інфармацыі трэба сказаць, што работа «Заўтра», якая ў выніку была прызнаная «найлепшым мастацкім фільмам» Нацыянальнага конкурсу і аказалася ў цэнтры кінаабмеркаваньняў, сапраўды трапляе ў яблычак. Юлія Шатун абышлася з навакольлем па-рэжысэрску: апрацавала на карысьць сэнсавай задуме, удыхнула своеасаблівую эстэтыку, пакінула кінэматаграфічныя адсылкі і празь яго перадала вельмі трапны і ў той жа час далікатны вобраз беларускай рэчаіснасьці.

Амаль безьбюджэтны фільм здольны выклікаць сьлёзы

І гэты вобраз чапляе: усё ў карціне пераклікаецца з вопытам уласных стасункаў з той рэальнасьцю, якая склалася на нашай прасторы. Дзіўна, але амаль безьбюджэтны фільм, з «прэсным» візуалам, без аніякага маніпуляваньня эмацыйнымі ці эфэктнымі сцэнамі рэзаніруе як трэба і нават здольны выклікаць сьлёзы (маю на гэты конт дакладную інфармацыю). «Заўтра» ня толькі намінальна, але і па сутнасьці — менавіта беларускае кіно, прычым з правільнымі мастацкімі арыентырамі і даволі сур’ёзным імпэтам стварыць вобраз цэлай сыстэмы жыцьця. Якраз усёабдымная здольнасьць паказаць краіну Беларусь празь яе жыхара/маленькага чалавека становіцца галоўнай якасьцю фільму, якой у цэлым можна і абмежавацца.

Героі карціны — звычайная пара, якая жыве ў правінцыйным горадзе, «вучыць» сына ў сталіцы, перабіваецца выпадковымі заработкамі, робіць рамонт у кватэры, гуляе ў лятарэі. Праз прыватнае да агульнага: звычайнае жыцьцё, рутына, павольнасьць, маркотнасьць, безэмацыйнасьць, што перадаюцца ў шэрагу сцэн асабістага жыцьця, дасягаюць узроўню характарыстыкі краіны ўвогуле. Былы настаўнік англійскай мовы шукае працу і знаходзіць толькі вакансію разносчыка лістовак; пад апавяданьні дыктара з тэлебачаньня (а мы ведаем, якой Беларусь паўстае ў зводках навін) ён вячэрае рэдзенькім супчыкам; на гадавіну вясельля галоўны герой дорыць жонцы шпалеры; ён адносіць на рынак шараговы ўзнос за набытую для сына куртачку; трапіўшы ў сталіцу адольвае вялікую адлегласьць пешшу, каб зэканоміць на транспарце.

Інтэлігентны чалавек куртку здольны набыць толькі ў растэрміноўку

Відовішчная прыцягальнасьць карціны хаваецца не ў маляўнічасьці плянаў, а якраз у гэтай балючай недарэчнасьці, якую трансьлюе галоўны герой: разумны, адукаваны і, галоўнае, інтэлігентны чалавек чамусьці разносіць лістоўкі, а куртку здольны набыць толькі ў растэрміноўку. Важным дадаткам у гэты вобраз жыхара краіны і самой краіны зьяўляецца камунікацыя мужа з жонкай ці хутчэй пяшчотная «некамунікацыя». Заціснутыя рутынай, стомленыя ад неўладкаванасьці, прыгнечаныя грашовымі пытаньнямі, героі ў сваіх праблемах жывуць амаль аўтаматычна, таму ледзь заўважная пяшчота — гэта ўсё, на што іх хапае. Сьпяць яны паасобку і размаўляюць толькі на надзённыя тэмы, а чаго вартая сцэна сьвяткаваньня гадавіны — муж з жонкай сядзяць у рэстаўрацыі, але замест таго, каб успамінаць сваё знаёмства, маўчаць і назіраюць за танцпляцоўкай, зь якой чуюцца папулярныя песьні расейскай эстрады. Дарэчы тут прыйшлася непрафэсійнасьць актораў: некаторая скаванасьць герояў, а іх сыгралі сваякі рэжысэркі, зрабіла свой уклад у некамунікацыю, бо тое, што мы бачым на экране, выглядае, быццам пэрсанажы развучыліся мець зносіны і ад іх неабходнасьці адчуваюць няёмкасьць.

Шэраг эпізодаў, кожны з якіх у сваёй важкасьці раўназначны суседняму, ствараюць такі «гарызантальны» сюжэт у дакумэнтальным кірунку. Маўляў, вось непрадузятая фіксацыя рэчаіснасьці, паставіў камэру і здымаю, што, канешне, дадае верагоднасьці альбо ілюзіі верагоднасьці. Але ў сюжэце зьяўляецца, і моцна зь яго дакумэнтальнай гарызанталі выдзяляецца, адзін відавочны знак мастацкага кіно — нечаканасьць амаль фантастычнага характару. Галоўны герой выйграе ў лятарэю пуцёўкі ў гарачую краіну. І тут узьнікаюць два магчымых варыянта разьвіцьця падзей: альбо гэта здарэньне з-за сваёй надзвычайнасьці ў кантэксьце шэрай павольнасьці фільму пераверне ўсё з ног на галаву, альбо гэтая шэрасьць і любоў да бласлаўлёнага пекла задушыць надзвычайнасьць…

Прастора перадае постапакаліптычныя абставіны, у якіх ты не жывеш, а выжываеш

Тое, што я называю шэрасьцю, — паняцьце куды больш шырокае і ў некаторым сэнсе нават прыгожае. Рэжысэрка шчодра напоўніла сваю карціну пустым урбанізмам беларускага правінцыйнага горада (і ён не заўсёды шэры ў літаральным сэнсе). Бязьлюдныя пабудовы і ціхія вуліцы, на якіх нікога не сустрэць (дарэчы прыйшоўся сэзон здымак зь яго сьнегам, адсутнасьцю колераў і паўнавартаснага сонечнага сьвятла). Гэта таксама да характару беларускага жыцьця, таму што вуліцы беларускіх гарадоў сапраўды бязьлюдныя і пустыя. Але апроч гэтай адпаведнасьці рэальнасьці такое настойлівае акцэнтаваньне на пустэчы стварае і сэнсавы фон — з героямі, якіх у фільме, можна сказаць, толькі два, гэта прастора перадае постапакаліптычныя абставіны, у якіх ты па азначэньні не жывеш, а выжываеш. Так праз эстэтыку фільму — а гэтым урбанізмам у фільме дакладна ствараецца вобраз стройнай, геамэтрычнай, бязьлюднай эстэтыкі — трансьлююцца сэнсы. І тое, што візуальны бок карціны «Заўтра» аднастайны, бясколерны і нудны — таксама невыпадковасьць, якая зноў жа дадае ў вобраз краіны.

Імпануе, што ў дачыненьні да фільму «Заўтра» яго ня трэба «акультурваць» сваёй інтэрпрэтацыяй, бо разумееш: пасылы карціны цалкам прадуманыя і нават візуальны спосаб апавяданьня працуе на сэнсавы складнік. Імпануе, што да патрабавальнага матэрыялу — вобразу краіны, які так ці інакш ствараецца ў стужцы, аўтарка ставіцца сур’ёзна і адказна. Імпануе, што паказаная характарыстыка сыстэмы з усёй яе сумнеўнай сымпатычнасьцю, на шчасьце, далёкая ад дыдактыкі ці пагарды рэжысэра да недасканалага грамадзтва.

Такая вытрыманая простасьць адназначна выйграе ў прафэсійным кіно

«Заўтра» — і тэхнічна, і драматургічна даволі просты фільм: здавалася б, толькі і ёсьць, што шэраг іскрамётных сцэнаў, заключаных у вечным коле, ды сьціплыя сюжэтныя завязка з разьвязкай. Але такая вытрыманая простасьць, дзе кожны складнік мае значэньне, дзе арганічна абраны спосаб расповеду, дзе відавочна веданьне найлепшых узораў кіно, дорага каштуе і ў маіх вачах адназначна выйграе ў прафэсійным кіно, якое ідзе за напрацаванай кіношнай калькай.

Фільм «Заўтра» апроч уласна мастацкай якасьці, якую варта было б зацаніць кожнаму беларусу, ня менш важны сваім, так скажам, «індустрыяльным» складнікам. Якраз у эпіцэнтры дыскусій і пошукаў рэцэптаў Новай хвалі беларускага кінэматографу, калі нацыянальная кінастудыя выглядае безнадзейнай, а незалежнае кіно пакуль не прадстаўляе нейкай сілы, калі чуюцца скаргі на адсутнасьць сцэнараў, несфармаваны інстытут прадусарства, недасканалую сыстэму дзяржаўнага фінансаваньня, зьяўляецца безьбюджэтны, але разумны фільм. Непрафэсійны, але ад пачатку да канца асэнсаваны. Візуальна нудны, але эмацыйны праз трапныя сцэны, якія карэлююць з нашым навакольлем і бэкграўндам гледача.

У беларускім кіно бюджэты рэдка трапляюць у “тыя” рукі.

Усё гэта, канешне, ня значыць, што нам не патрэбны прафэсійны кінэматограф, але нагадвае, што цэлыя кіназьявы, як француская Новая хваля альбо італьянскі нэарэалізм, ствараліся непрафэсіяналамі, і паказвае на тое, што ў беларускім кіно, відавочна, бюджэты пакуль рэдка трапляюць у «тыя» рукі.

Што да вобразу краіны ў фільме, можна заўважыць, што ў вуглаватасьці пэрсанажаў, прыхаванай пяшчотнасьці і замілавальнай халоднасьці беларускай прасторы недзе ў аснове ўсё роўна хаваецца любоў. «Заўтра» дакладна не кажа пра шчасьлівую краіну, але няшчасьце гэта ў тым, што галоўнае аказалася вымушана забытым праз праблемы неўладкаванага жыцьця. Яно і ёсьць — бласлаўлёнае пекла.

Ірэна Кацяловіч

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG