Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі затрыманы яшчэ адзін украінец — прадпрымальнік


Менскі трактарны завод
Менскі трактарны завод

Паводле ўкраінскіх СМІ, у Беларусі затрыманы яшчэ адзін грамадзянін Украіны — кіраўнік акцыянэрнага таварыства «Завод уцяжарвальнікаў» (Данецкая вобласьць) Аляксандар Скіба, які прыехаў у Менск 15 лістапада для правядзеньня перамоў зь Менскім трактарным заводам.

Украінскае інтэрнэт-выданьне lb.ua апублікавала ліст аднаго з кіраўнікоў украінскага прадпрыемства, накіраваны амабасадару Ўкраіны ў Беларусі Ігару Кізіму. У звароце паведамляецца, што Скіба вылецеў зь Кіева ў Менск рэйсам 15 лістапада і плянаваў у той жа дзень вярнуцца ва Ўкраіну. Аднак на наступны дзень кіраўнік украінскага прадпрыемства затэлефанаваў жонцы з чужога беларускага нумару і паведаміў, што яго затрымалі супрацоўнікі КДБ Беларусі.

«Спрабуючы даведацца пра лёс нашага супрацоўніка, я зьвярнуўся на тэлефон, знойдзены ў інтэрнэце, да апэратыўнага дзяжурнага ўпраўленьня КДБ Беларусі ў Менску з запытам аб затрыманьні нашага супрацоўніка. Чалавек, які назваўся намесьнікам апэратыўнага дзяжурнага, пацьвердзіў мне факт утрыманьня нашага супрацоўніка ў гэтай установе», — адзначаецца ў лісьце.

Пры гэтым, адзначаецца ў лісьце, прадстаўнік КДБ Беларусі не паведаміў абставінаў і мэты затрыманьня, паабяцаўшы ператэлефанаваць, калі ўзнікне такая неабходнасць.

У той жа час ва ўкраінскім прадпрыемстве адмовілася камэнтаваць гэтую сытуацыю. «Мы нічога не камэнтуем і не пацьвярджаем», — сказалі Свабодзе, адказваючы на пытаньне.

У амбасадзе Украіны Свабодзе паведамілі, што ім вядома пра гэты выпадак, справай займаецца консул.

Свабодзе пакуль не ўдалося атрымаць камэнтар у КДБ Беларусі. Аднак поводле афіцыйна непацьверджанай інфармацыі, Аляксандра Скібу затрымалі пры перадачы хабару.

Завод уцяжарвальнікаў мае пагадненьне пра супрацу зь Менскім трактарным заводам пра пастаўку прадукцыі, што выкарыстоўваецца ў ліцейнай вытворчасьці беларускага заводу.

17 лістапада стала вядома пра затрыманьне 25 кастрычніка ў Менску журналіста «Ўкраінскага радыё» Паўла Шаройкі. Паведамлялася, што ўкраінца трымаюць у СІЗА КДБ, але прадстаўнікі ўладаў Беларусі дагэтуль не камэнтавалі сытуацыю. Зьвестак пра тое, у чым абвінавачваюць афіцыйныя крыніцы не даюць. У якасьці адной з вэрсій абмяркоўваецца абвінавачаньне яго ў шпіянажы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG