Майму бацьку прысьвячаецца
— Уставай! Новы дзень кліча! — гулкі бас скаланае сьцены, вібруе на шыбах і праз шчыліны ў раме вырываецца да слоты верасьнёвай раніцы.
Стары панцырны ложак рыпае. Гэта я паварочваюся на голас, адкідаю край коўдры і жмуруся на сьвятло самотнай лямпачкі. Перада мной стаіць бацька — малады і вясёлы. Ён займае палову пакоя і, здаецца, усё дрэннае знаходзіцца недзе ззаду, за яго шырокімі плячамі, не рызыкуючы пераступіць мяжу нашага сямейнага шчасьця…
З той пары мінула шмат гадоў. Калі жыцьцё зьбівае мяне з ног і штурхае, я ўспамінаю словы бацькі і знаходжу сілы ўстаць і рухацца далей:
«Уставай! Новы дзень кліча!»
Сяргей Марчык
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org