2 лістапада беларускі сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч адзначыць 25-годзьдзе ўласнай творчасьці на сцэне канцэртнай залі «Менск». Напярэдадні вялікага сольнага канцэрту, першага такога кшталту пасьля шасьці гадоў неафіцыйных забаронаў, Свабода пагутарыла з музыкам ды сабрала 25 фактаў пра ягоную творчасьць і жыцьцё.
- Музыка нарадзіўся ў мястэчку Бярозаўка пад Лідай і паходзіць з дынастыі шкляроў.
Дзед па маці Імполь Конан пачынаў вайну ў складзе Войска Польскага, а потым быў у савецкіх партызанах, атрымаў мэдаль «За адвагу». Просты селянін. Казалі, што быў вельмі дужы. Але памёр ад ранаў неўзабаве пасьля вайны.- Маці сьпевака гандлявала прадуктамі на адзіным у Бярозаўцы пункце з разьліўным півам і марозівам. Дзякуючы гэтаму Зьміцер еў марозіва колькі хацеў. Бацька працаваў на шклозаводзе «Нёман» шкляром, пры гэтым быў вядомым самадзейным артыстам. Ён сьпяваў, граў на гітары і ў аркестры на тубе. Калі Зьмітру было 3,5 года, бацьку насьмерць зьбіў матацыкліст.
- У дзяцінстве добра вучыўся, але быў гарэзьлівы. Разам зь сябрам у другой клясе выпадкова спаліў драўляныя суседзкія пабудовы. Але абодва гадаваліся без бацькаў, таму моцна караць іх ня сталі. Замест спаленых пабудоў шклозавод «Нёман» пабудаваў цагляныя, і ўжо людзі зь іншых двароў жартам прасілі падпаліць паветкі ім. У школе за гэты выпадак настаўніца называла яго «падпальшчыкам».
- Музычны шлях Вайцюшкевіча пачаўся з паступленьня ў 1986 годзе ў Лідзкае музычнае вучылішча на спэцыяльнасьць «клярнэт». Вышэйшую музычную адукацыю ён атрымаў у Інстытуце культуры (1991-1995), хоць дагэтуль беспасьпяхова спрабаваў паступіць у кансэрваторыі ў Ленінградзе і Менску.
- На апошніх курсах ва ўнівэрсытэце спрабаваў наладзіць уласны бізнэс, зьвязаны са шклом. Ролю адыграла ня толькі дынастычнасьць, але і тое, што маці атрымлівала свой заробак на заводзе хрусталём. Скончылася ўсё пасьля затрыманьня супрацоўнікамі АБЭП.
- Першы сцэнічны музычны досьвед атрымаў падчас удзелу ў конкурсе нацыянальнай песьні і паэзіі (правобраз маладэчанскага фэстывалю маладых выканаўцаў) у складзе трыё са сваімі старымі сябрамі зь Ліды.
- Першы запіс як вакаліст зрабіў у 1992 годзе — на звычайны магнітафон падчас рэпэтыцый «Палаца».
- Сваю ўласную песьню («Зоя») Вайцюшкевіч упершыню выканаў у 1997 годзе, дагэтуль былі толькі перапевы.
- Першы музычны гурт сьпевака — «Палац». Зьміцер выступаў у ім у з 1992-га па 1997 год. На той момант гэта быў ці ня самы вядомы беларускі фольк-гурт пасьля «Песьняроў» Мулявіна.
- У 1997 годзе сьпявак пачаў выступаць у сайд-праекце пад назвай KRIWI, дзе працягваў выконваць беларускі фольк, але ў больш сучаснай манэры. Гурт з посьпехам выступаў ня толькі ў Беларусі, але і ў Эўропе.
- Музыка некалькі гадоў быў у шлюбе з вакалісткай KRIWI Веранікай Кругловай.
- У «Палацы» Вайцюшкевіч меў мянушку Фёдар Іванавіч (дзякуючы герою вядомага савецкага фільму «Белае сонца пустыні»), але ў KRIWI псэўданім прыйшлося замяніць, бо іншаземцам было цяжка яго вымаўляць. Так і атрымаўся Тодар.
- KRIWI Зьмітру давялося пакінуць праз завялікую колькасьць канцэртаў і сямейны разлад. Так у 2000 годзе музыка пачаў сольную кар’еру.
- Выступаючы сола, Вайцюшкевіч адразу зьмяніў курс — з фальклёру на «паэзію сьпяваную» і цыклі.
- Назва калектыву для сольнага праекту прыдумалася хутка — WZ Orchestra, што значыць «Зьмітра Вайцюшкевіча аркестар». Аднак пазьней адзін з польскіх сяброў музыкі падказаў, што WZ — гэта яшчэ і назва шашы Усход — Захад, што дадавала сымбалізму.
- Адна зь першых ідэяў для музычных цыклаў сольнай кар’еры была пра мэблю. Але ў паэта Дранько-Майсюка, да якога зьвярнуўся бард, цыкль быў толькі пра зьвяроў. Менавіта так з’явіўся альбом «Цацачная крама».
- Быў знаёмы і папрацаваў з выдатнымі паэтамі Беларусі — Барадуліным, Бураўкіным, Някляевым.
- Супраца з Рыгорам Барадуліным была вельмі пасьпяховай, але на той момант Зьміцер ня зусім разумеў глыбокі сэнс, які паэт укладваў у тэксты. Затое цяпер некаторыя аўтары, з тэкстамі якіх працуе музыка, дакладна ня ведаюць, што бард мае пляны на іх творчасьць.
- Адным з найлепшых і дагэтуль актуальных сваіх твораў Вайцюшкевіч лічыць удзел у супольных праектах — «Народным альбоме» і «Я нарадзіўся тут».
- На думку барда, сярод новага пакаленьня беларускіх музыкаў няма выкліку і сапраўднай беларушчыны.
- Сярод сучасных гуртоў Вайцюшкевіч схадзіў бы на канцэрты Navi, TonqiХод, Валерыі Валадзько («Гаротніца») і Андруся Такіданга.
- Канцэрт 2 лістапада — першы за 6 гадоў выступ Зьмітра Вайцюшкевіча на адной з галоўных пляцовак Менска пасьля неафіцыйнай забароны.
- Падчас «жыцьця пад забаронай» набыў уласную сядзібу, адрамантаваў яе і пачаў займацца агратурызмам. Мае свой маёнтак, лазьню і невялікі прыбытак. «Там я будую свае мары. Я раб Нёмана і радзімы», — гаворыць бард.
- Сьпявак выпусьціў за кар’еру 17 альбомаў і напісаў амаль паўтысячы песьняў.