У найбуйнейшым калектыўным блогу інтэрнэту reddit стала папулярнай забава стварэньня «сярэднестатыстычных партрэтаў»: камбінацыя ў адным фота твараў, напрыклад, наймацнейшых тэнісістаў, нямецкіх палітыкаў і кітайскіх бюракратаў, амэрыканскіх прэзыдэнтаў і порназорак.
Як выглядаюць сярэднестатыстычныя беларускія дэпутат, дэпутатка і прэзыдэнт. Фота

1
Свабода вырашыла стварыць «сярэднестатыстычных» беларускіх дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня з афіцыйных здымкаў на сайце Палаты. Зрабіць такі камбінаваны здымак можна ў графічным рэдактары, дадаўшы шэраг здымкаў асобнымі пластамі, выраўнаваўшы іх па вачах, вуснах і вушах і надаўшы частковую празрыстасьць (адсотак празрыстасьці роўны колькасьці здымкаў, падзеленай на 100, з акругленьнем у меншы бок).

2
З 38 здымкаў дэпутатак самым незвычайным можна назваць фота Ганны Канапацкай. Яна ня толькі адзіная прадстаўніца апазыцыйнай партыі ў Палаце прадстаўнікоў (Алена Анісім, якую таксама называюць апазыцыянэркай, не прадстаўляе ніякай партыі), але і тым адзіная, хто на фота ўсьміхаецца шырокай усьмешкай, паказваючы зубы.

3
З 72 здымкаў мужчын-дэпутатаў самым «апазыцыйным» фота можна назваць здымак Ігара Марзалюка: усе мужчыны сфатаграфаваныя строга анфас, Марзалюк жа на фота сядзіць напаўпаварота. Сам Марзалюк сябе не называе апазыцыйным дэпутатам, але часам не пагаджаецца з «мэйнстрымам» Палаты прадстаўнікоў.

4
Сярэднестатыстычны прэзыдэнт у Беларусі адзін: Аляксандар Лукашэнка. Выбраны ўпершыню ў 1994 годзе, ён перамагаў яшчэ на чатырох выбарах — пасьля 1994 году вынікі ўсіх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі не прызнаваліся заходнімі краінамі свабоднымі і сумленнымі. Фота «сярэднестатыстычнага прэзыдэнта» складзенае зь пяці афіцыйных перадвыбарчых партрэтаў Лукашэнкі. Некаторыя зь іх, магчыма, апрацаваныя ў «Фоташопе».