Жузэп Люіс Эскрыю Хуста ўжо 10 гадоў узначальвае ў сваёй вёсцы Кальбато непадалёк ад Барсэлёны асацыяцыю, якая дапамагае чарнобыльскім дзецям. Ён жа быў у Кальбато адным з арганізатараў рэфэрэндуму аб незалежнасьці Каталёніі, які гішпанскія ўлады абвясьцілі незаконным.
Дабрачынца і актывіст расказаў Радыё Свабода, што яго радуе і што турбуе ў Беларусі, а таксама чаму шмат якія каталёнцы больш ня хочуць быць у складзе Гішпаніі. Мы таксама пагутарылі зь 19-гадовым Сяргеем Лахтанавым з Кармянскага раёну, які кажа, што каталёнец фактычна замяніў яму бацьку.
Калі Жузэп Люіс нарадзіўся ў 1973 годзе, гэтае імя яму нельга было даць афіцыйна. Ва ўладзе ў Мадрыдзе яшчэ заставаўся генэрал Франка, і некаторыя каталёнскія імёны былі пад забаронай. Хлопчыка запісалі Хасэ Люісам. Маці яго гэтак і называла, але бацька-каталёнец і сябры заўсёды зьвярталіся да яго як да Жузэпа Люіса.
З бацькам і ягонай сям’ёй Жузэп Люіс размаўляў па-каталянску. З маці і ейнай сям’ёй — па-гішпанску.
— Гэта тут нармальна, калі дзьве мовы ў адной сям’і. Мая бабуля па бацьку размаўляла толькі па-каталянску, а бабуля па маці — толькі па-гішпанску. Калі яны разам прыяжджалі ў наш дом, дык неяк дамаўляліся кожная на сваёй мове.
Неяк дамаўляліся кожная на сваёй мове.
Мая мама вырасла ў правінцыі Ля-Манча, у вёсцы за 100 кілямэтраў ад Мадрыду. Яна зь сям’ёй пераехала ў Барсэлёну, калі ёй было 16. У той час у Ля-Манчы немагчыма было знайсьці працу.
Мама практычна ня ўмее размаўляць па-каталянску. Яна ўсё жыцьцё працавала ў вулічным кіёску ў Барсэлёне, і ёй ніхто кепскага слова не сказаў — усім было ў парадку, што яна размаўляе па-гішпанску.
Я ня ведаю, ці бацька быў за незалежнасьць — ён памёр, калі мне было 12. Мама раней была супраць, але тое, як паводзіў сябе мадрыдзкі ўрад, на яе паўплывала — цяпер яна за незалежнасьць. Пасьля размоваў са мной і маімі братамі.
Гішпанскі ўрад назваў незаконным рэфэрэндум, які разам з аднавяскоўцамі дапамагаў ладзіць Жузэп Люіс. Мадрыд прыгразіў увесьці ў дзеяньне артыкул 155 гішпанскай Канстытуцыі. Ён азначае спыненьне аўтаноміі Каталёніі і перавод усіх мясцовых органаў кіраваньня наўпрост у падпарадкаваньне цэнтру. У суботу, 21 кастрычніка, гэтае пытаньне будзе абмяркоўвацца на паседжаньні гішпаніскага ўраду. Жузэп Люіс тлумачыць свой погляд на прычыны цяперашняга канфлікту:
— У 2006 годзе мы на рэфэрэндуме прынялі зьмены ў Статут аб аўтаноміі. Гэтыя зьмены былі ўзгодненыя з парлямэнтам у Мадрыдзе і з тагачасным урадам. Але Народная партыя, якая цяпер пры ўладзе, тады паскардзілася ў Канстытуцыйны суд, і суд ўсё скасаваў. Людзі пачалі пратэставаць.
Мы аддаём усе грошы Мадрыду, а Мадрыд ужо разьмяркоўвае. Так па ўсёй краіне, акрамя Краіны Баскаў і Навары. Каталёнія прапаноўвала зьмены ў гэтую сыстэму, але нас праігнаравалі.
На відэа: Людзі ў Кальбато каля выбарчага ўчастку крычаць «Прагаласуем!» і вітаюць мясцовую паліцыю, якая не перашкаджала рэфэрэндуму
— 15 гадоў таму сярод маіх сяброў я быў адзіны, хто выступаў за незалежнасьць. Але цяпер усё наадварот — у меншасьці тыя, хто супраць.
Калі ў верасьні Цывільная гвардыя затрымала міністра эканомікі Каталёніі а восьмай раніцы, я прыйшоў на месца па абедзе і пабачыў агромністы натоўп народу, які пратэставаў. Бо нам такое не падабаецца, гэта нашая ўстанова, мы выбіралі гэтых людзей. І мы проста хочам мець права голасу. Маю пытаньне да Эўразьвязу — ці варта быць у зьвязе, які не абараняе дэмакратыю і свабоду?
На відэа: Пратэст у Кальбато 3 кастрычніка, у дзень агульнакаталёнскага страйку ў падтрымку незалежнасьці пасьля рэфэрэндуму
Чарнобыльскія справы
— Мая мама пайшла на пэнсію ў 2003 годзе, калі ў нас у вёсцы ўжо была асацыяцыя дапамогі чарнобыльскім дзецям. І гэта была яе ідэя — запрасіць да сябе дзіця зь Беларусі. У 2004 годзе да нас упершыню прыехала Яна. Ёй тады было 9 гадоў. А яе малодшы брат Сяргей упершыню прыехаў на наступны год.
Цяпер Яне ўжо 23 гады, яна вывучала эканоміку ў Гомельскім унівэрсытэце і працуе ў банку ў Рагачове. Мы дапамагалі ёй плаціць за вучобу.
Сяргей летась пачаў вучобу ў Гомельскім гандлёва-эканамічным каледжы. Мы таксама дапамагаем, бо інакш бы ён ня змог вучыцца.
— У 2007 годзе я ўпершыню наведаў Беларусь. Мы разам з мамай і яшчэ адным чалавекам зь вёскі езьдзілі ў Кармянскі раён паглядзець, як жывуць сем’і, дзеці зь якіх прыяжджалі ў Кальбато. Тады асацыяцыя вырашыла працаваць толькі з гэтым раёнам. Ён моцна пацярпеў ад Чарнобыльскай аварыі. Сьледам за радыяцыяй туды прыйшлі іншыя праблемы — нізкія заробкі, беспрацоўе, гвалт, алькагалізм.
— Ад таго часу дзеці з Кармянскага раёну езьдзяць да нас штолета. Мінулым летам да нас у вёску прыяжджалі шасьцёра дзяцей. Яны хадзілі ў летнюю школу. Вывучалі тыя прадметы, што і ў беларускай школе, плюс гішпанскую мову. Дзеці таксама ходзяць на плаваньне, а яшчэ мы іх водзім да зубнога, да акуліста, да іншых дактароў.
— Дапамога дзецям не абмяжоўваецца іх прыездам сюды. Мы падтрымліваем зь імі кантакты, дапамагаем атрымаць адукацыю пасьля школы. Шмат у каго зь іх цяжкая сытуацыя ў сям’і. Некаторыя зь дзяцей вельмі кепска харчуюцца.
— Летась у жніўні я быў у Беларусі — вазіў туды вопратку і ежу. Я ўжо быў у Беларусі 9 ці 10 разоў. Мне вельмі падабаецца Менск, ён штогод лепшае. Але мне недаспадобы сытуацыя ў Гомельскай вобласьці. Калі я, напрыклад прыяжджаю ў Карму, то бачу, у якім цяжкім становішчы людзі. Пры гэтым яны кажуць, што ня маюць праблем. Як жа ня маюць? Ёсьць праблемы. Людзі ня хочуць расказваць пра свае праблемы — можа гэта культурныя звычкі, а можа палітычная сытуацыя. Я ня ведаю.
— У 2012 годзе я быў у Бэрліне на міжнароднай канфэрэнцыі на тэму чарнобыльскіх праблемаў. Там былі прадстаўнікі Беларускага Чырвонага Крыжа. І я спытаўся: «Ці маеце офіс у Карме?» Яны сказалі, што не. І тлумачылі на канфэрэнцыі, як дапамагаюць старэйшым людзям у Берасьці ці Горадні. «А што наконт дзяцей у Гомельскай вобласьці?» Яны адказалі, што прыехалі не пра гэта размаўляць.
Калі я пытаўся ў людзей у Кармянскім раёне, ці маюць яны нейкую падтрымку ад беларускіх недзяржаўных арганізацыяў, тыя адказвалі, што не. Ад італьянскіх, гішпанскіх ці брытанскіх — так, але не ад беларускіх.
Жузэп Люіс не спыняў працу ў Асацыяцыі, нават калі на пэўны час страціў асноўную працу — паводле прафэсіі ён фінансавы аўдытар.
— Грашыма асацыяцыю падтрымліваюць каля 80 чалавек. Нам дапамагае Рада вёскі. Урад Каталёніі дапамагае толькі з дакумэнтамі, але не аказвае фінансавай падтрымкі. Нейкі час нас падтрымліваў буйны каталёнскі банк La Caixa, але знайсьці спонсараў цяпер вельмі цяжка, бо эканамічны крызіс.
Нам тлумачаць, што беларускія грошы на гэтыя праграмы выкарыстоўваць забаронена.
У Беларусі гэта ўвогуле немагчыма. Напрыклад, штогод мы прасілі «Белавія» падтрымаць нас, але не было ніякай дапамогі. Нам тлумачаць, што беларускія грошы на гэтыя праграмы выкарыстоўваць забаронена.
Мы нават зьвярталіся ў Дэпартамэнт гуманітарнай дзейнасьці кіраўніцтва справамі прэзыдэнта Беларусі. Мы прасілі памяняць гэтыя правілы, каб беларускія бізнэсоўцы маглі хаця б аплачваць дзецям дарогу. Яны казалі, што паспрабуюць нешта памяняць, але ніякіх зьменаў не адбылося.
— Праблема ў тым, што пра Чарнобыль ужо забыліся, нібыта наступстваў ужо няма. Але яны ёсьць. Беларускія ўлады ня хочуць шмат увагі надаваць гэтаму, бо эканамічная сытуацыя цяжкая. І трэба разумець, што сытуацыя ў Гомельскай вобласьці зусім не такая, як у Менску.
У людзей такое стаўленьне, што, маўляў, мы нічога ня можам памяняць.
Праз гэта вельмі цяжка патлумачыць маштаб праблемы людзям у Гішпаніі. Да таго ж, у нас ёсьць атамныя электрастанцыі. Значыць, ёсьць зацікаўленыя ў тым, каб людзі лічылі, што ядзерная энэргетыка цалкам бясьпечная. Але ж мы бачым, што здарылася ў Фукусіме. Пры тым, што Японія — вельмі эканамічна разьвітая краіна, і там дапамагаюць людзям перасяляцца.
А ў Беларусі шмат людзей застаюцца там, дзе высокі ўзровень радыяцыі. У людзей такое стаўленьне, што, маўляў, мы нічога ня можам памяняць. Я размаўляў з бацькамі дзяцей, якія прыяжджаюць да нас, і некаторыя з гэтых бацькоў казалі: «У мяне выбар — карміць дзяцей тым, што вырошчваю на сваім гародзе, ці зусім іх не карміць. Ведаю, што тут высокая радыяцыя, але ў мяне няма іншага выбару».
19-гадовы Сяргей Лахтанаў кажа, што Жузэп Люіс для яго як бацька.
— Спачатку ў гэтую сям’ю езьдзіла мая сястра, а потым расказала, што ў яе брацік ёсьць. Мама была вельмі радая. Пры сустрэчы зь Люісам заўсёды дзякавала, плакала.
Мой бацька моцна піў, маці зь ім разьвялася, калі мне было 9 гадоў. А ён мне замяніў бацьку.
Ён мне замяніў бацьку.
Ён мне цалкам аплачвае вучобу ў гандлёва-эканамічным каледжы і яшчэ дае грошы. Я езьдзіў туды і малым шмат разоў, і апошнія два гады — вывучаў гішпанскую мову, гэта таксама аплачваў Люіс.
Каталянскую я не вучыў, толькі гішпанскую. У Кальбато старэйшыя людзі гавораць па-каталянску, а маладзейшыя хто як. Але па-каталянску там шмат людзей гаворыць. Разумець каталянскую я магу, а размаўляць ужо ня надта.
Пра незалежнасьць Каталёніі ён мне спрабаваў нешта расказваць, але я такія складаныя словы ўжо ня надта разумею. Я асабліва не зразумеў, што ён мне хацеў сказаць.
***
Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.