Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму і што дакладаў вайсковы контравыведнік у Печах? — пытаецца былы вайсковец Алесь Чахольскі


Алесь Чахольскі.  
Алесь Чахольскі.  

Былы вайсковец, кіраўнік грамадзкай дырэкцыі мэмарыялу Курапаты і адзін з кіраўнікоў КХП БНФ Алесь Чахольскі ў сувязі зь гібельлю Аляксандра Коржыча ў Печах зьвяртае ўвагу на наступны момант:

«У кожнай вайсковай частцы ёсьць афіцэр вайсковай контравыведкі. Служба гэтая падпарадкоўваецца старшыні КДБ, і я ня думаю, што вайсковая контравыведка не дакладала, што адбываецца ў гэтай вайсковай частцы, бо гэта прафэсійны абавязак контравыведніка — сачыць за тым, што адбываецца ў частцы. Думаю, што даклады наверх ішлі і з гэтай часткі, і зь іншых частак. Таму тут ёсьць віна і старшыні КДБ. Калі старшыня КДБ дакладваў галоўнакамандуючаму, то гэта на 100% і віна галоўнакамандуючага. У галоўнакамандуючага ёсьць таксама памочнік у справе структур бясьпекі. Таму і на гэтым памочніку гэта віна. А калі не дакладалася наверх, то наша слаўнае „ВЧК“ гэта праспала. Але я ня думаю, што гэта так. Інфармацыя павінна была паступаць, што ў вайсковых частках адбываецца „дзедаўскае“ бязьмежжа.

Гэта паказвае, што нашае войска ня стала беларускім, ня стала нацыянальным. Уявіць, каб такое было ў сапраўдным беларускім войску, дзе адказныя афіцэры, дзе ёсьць нацыянальны дух, дзе прысутнічае мова, культура. Гэта ўсё засталося ад савецкай арміі, усё гэта мы прайшлі ў савецкім войску. Я служыў у Кіеўскай ваеннай акрузе, паўгода быў у „вучэбцы“, мы ўсе гэта прайшлі. І гэта адбываецца зараз у так званым беларускім войску. Гэта рэха расейскага, савецкага войска. І мы гэта пажынаем, таму што ў нас войска не рэфармаванае. Расейцы адкрыта гавораць, што мы іх заходняя вайсковая групоўка».

3 кастрычніка цела салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча знайшлі ў падвале вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Паводле праверкі, якую правялі ў вайсковай частцы, прычынай сьмерці салдата нібыта стаў суіцыд. Але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фотаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў. Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG