Бургер-Пуцін
Некалькі расейскіх дзяржаўных СМІ, у тым ліку тэлеканалы «Россия-24» і RT, апублікавалі сюжэты пра тое, што нібыта ў адным зь нью-ёрскіх рэстаранаў у гонар дня нараджэньня Ўладзіміра Пуціна падаюць спэцыяльны бургер.
Ён нібыта важыў 1952 грамы (год нараджэньня Пуціна).
«Традыцыі ўжо тры гады, бо мы лічым Пуціна выбітнай палітычнай пэрсонай», — кажа галоўная бармэнка рэстарану Дар’я Павутава на камэру.
Агенцтва ТАСС цытуе аднаго з мэнэджараў рэстарану Тэда Браена, які нібыта заявіў, што Пуцін — «адзіны дзяржаўны лідэр, дзень нараджэньня якога адзначаюць ва ўстанове, падаючы асаблівую страву».
Аднак, як высьветлілі брытанская газэта Guardian і расейскі праект «Лапшеснималочная», сюжэт цалкам сфабрыкаваны.
Мэнэджар сеткі рэстаранаў, якой належыць нью-ёрская ўстанова, напісаў у электронным лісьце, што чалавек на імя Тэд Браен ніколі не працаваў у іхным рэстаране.
Сам рэстаран «ніколі і ні ў якой форме» не сьвяткаваў дзень нараджэньня Пуціна і не падаваў «бургэр Пуціна». Дар’я працуе ў рэстаране, але пасьля таго, што здарылася, яе адхілілі ад працы. Зараз установа праводзіць расьсьледаваньне і плянуе залучыць адвакатаў, каб «разабрацца ў гэтым бардаку».
У іншым лісьце гаворыцца, што дзьве супрацоўніцы падманулі мэнэджара, што здымаюць відэапраект для сваёй вучобы. Кіраўнік аддзелу камунікацыяў тэлеканалу RT Анна Белкіна адказала газэце Guardian, што ня мае прычынаў «сумнявацца ў сапраўднасьці гэтай гісторыі». Яна таксама спаслалася на цытату так званага мэнэджара Тэда Браена ў пацьверджанне праўдзівасьці сюжэту.
Украіна афіцыйна дазволіла прадаваць украінцаў на органы?
Міністэрства аховы здароўя Украіны ў 2018 годзе плянуе ўкараніць пілётны праект трансплянтацыі ныркі ад няроднаснага донара. У расейскіх СМІ, маніпулюючы фактамі, паведамляюць, што гэтая ініцыятыва Міністэрства аховы здароўя «ператворыць Украіну ў пастаўніка органаў ад нябожчыкаў».
«Московский комсомолец» спасылаецца на экс-рэгіянала Ўладзіміра Алейніка, які ўжо трэці год жыве ў Маскве і ня ёсьць экспэртам у пытаньнях мэдыцыны.
Намесьнік міністра аховы здароўя Ўкраіны Аляксандар Лінчэўскі патлумачыў, што паведамленьне расейскай прэсы — гэта міт. Кожны дзеяздольны чалавек мае права даць пісьмовую згоду або нязгоду на тое, каб пасьля сьмерці стаць донарам анатамічных матэрыялаў. Калі ў базе дадзеных няма прыжыцьцёвай пісьмовай згоды/нязгоды донара і ягоны сваякі згоды таксама не давалі, браць анатамічныя матэрыялы ў памерлага для трансплянтацыі забаронена. Больш за тое, законапраект прадугледжвае і ўзмацненьне жорсткай крымінальнай адказнасьці за парушэньне парадку трансплянтацыі органаў.
Камэдыяй па скрэпах. Як маніпулююць у Расеі
Камэдыйны фільм Арманда Янучы «Сьмерць Сталіна» ў Расеі назвалі «сплянаванай правакацыяй» і часткаю плянаў Захаду дэстабілізаваць Расею. Стужка распавядае пра першыя дні пасьля сьмерці Ёсіфа Сталіна.
Старшыня грамадзкай рады пры Міністэрстве культуры Расеі Павел Пажэгайла назваў фільм «сплянаванай правакацыяй». А прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў падкрэсьліў, што Міністэрства культуры «надзвычай адказна падыходзіць» да выдачы пракатных пасьведчаньняў, у тым ліку для гэтага фільму.
Фільм раззлаваў расейскіх камуністаў. Кіраўнік прэс-службы КПРФ Аляксандар Юшчанка назваў фільм «брыдотай» і спробай «справакаваць пэўнае незадавальненьне».
Фільм «Сьмерць Сталіна» выходзіць у час, калі папулярнасьць савецкага дыктатара ў Расеі на ўздыме. У чэрвені Сталін узначаліў сьпіс самых выбітных людзей у сусьветнай гісторыі, паводле апытаньня Левада-Цэнтру.
Ці ведалі вы, што...
Сацыяльныя сеткі ў Нямеччыне цяпер будуць вымушаныя плаціць штраф да 50 мільёнаў эўраў, калі ня выдаляць фэйкавыя навіны ці допісы з матэрыяламі, што распальваюць нянавісьць, на працягу 24 гадзін пасьля публікацыі.
Закон уступіў у сілу 1 кастрычніка. У цэнтры яго ўвагі будуць Facebook, Twitter, YouTube ды іншыя сайты, якія налічваюць больш за два мільёны карыстальнікаў у Нямеччыне.
Штрафы выпісваюць толькі на тэрыторыі Нямеччыны, але міністар юстыцыі краіны Гайка Маас, рухавік закону, заявіў, што будзе лябіяваць аналягічныя захады ўва ўсім Эўрапейскім Зьвязе.