Расейская «Независимая газета» са спасылкай на начальніка Аб’яднанага штабу АДКБ Анатоля Сідарава ўдакладняе, што ў манэўрах бяруць удзел каля 12 тысяч чалавек асабовага складу, 1,5 тысячы адзінак вайсковай і спэцтэхнікі, блізу сотні лятальных апаратаў.
Размах манэўраў большы за «Захад-2017»
Экспэрты адзначаюць, што сваімі маштабамі «Баявое братэрства» не саступае нядаўнім расейска-беларускім стратэгічным вучэньням «Захад-2017». Мала таго, ахоп тэатраў вайсковых дзеяньняў нават шырэйшы. Як і тэрміны правядзеньня.
Цягам трох тыдняў у кастрычніку і 10 дзён у лістападзе войскі АДКБ будуць адпрацоўваць узаемадзеяньне на поўдні Расеі, на Каўказе і ў Цэнтральнай Азіі. Акрамя традыцыйных задач абароны і наступленьня, заплянавана «пагашэньне ўзброеных канфліктаў і арганізацыя міратворчых місій».
3 кастрычніка ў Паўднёвай вайсковай акрузе стартавалі тактыка-спэцыяльныя вучэньні «Пошук-2017». Упершыню ў гісторыі АДКБ разам задзейнічана больш за тысячу вайскоўцаў з падраздзяленьняў вайсковай выведкі і сілаў спэцпрызначэньня ўзброеных сілаў Армэніі, Беларусі, Казахстану, Кіргізстану, Расеі і Таджыкістану.
Як паведамляе Міністэрства абароны Беларусі, ад беларускіх узброеных сілаў задзейнічана каля паўсотні вайскоўцаў. На розных этапах плянуецца іх ратацыя.
Міратворцы для Ўкраіны і Сырыі
Паводле афіцыйнай вэрсіі, задума вучэньняў зьвязана «з падрыхтоўкай апэрацый на падтрыманьне міру Калектыўнымі міратворчымі сіламі АДКБ дзяржавам, якія не зьяўляюцца чальцамі арганізацыі».
Як робіць выснову расейскае выданьне, у рэальнасьці такой дзяржавай можа быць Сырыя, Украіна ці любая іншая, дзе ў чальцоў АДКБ ёсьць супольныя інтарэсы.
На пачатку верасьня, калі абмяркоўвалася прапанова Расеі аб увядзеньні ў зону канфлікту ў Данбасе «блакітных касак», намесьнік генэральнага сакратара АДКБ Валерый Семерыкоў заявіў, што іхныя міратворчыя падразьдзяленьні ўжо гатовыя гэта зрабіць. Праўда, улады Ўкраіны ад такой прысутнасьці адмаўляюцца катэгарычна.
Вайсковыя аналітыкі схіляюцца да таго, што міратворцы пад расейскім пратэктаратам хутчэй могуць зьявіцца ў Сырыі, дзе пры ўдзеле Расеі, Ірану і Турэччыны ствараюцца зоны дээскаляцыі.
Прэм’ер-міністар Кіргізстану Сапар Ісакаў ужо выказаў гатоўнасьць абмяркоўваць удзел яго краіны ў міратворчай апэрацыі ў Сырыі. Расейскі генэралітэт разьлічвае, што аналягічны настрой будзе і ў іншых кіраўнікоў краінаў АДКБ.
Пытаньне магчымага далучэньня Кантынгенту міратворчых сілаў АДКБ да ўрэгуляваньня сырыйскага канфлікту будзе ўзьнята падчас паседжаньня Рады калектыўнай бясьпекі 30 лістапада ў Менску.