21 верасьня на станцыі Верайцы, што меней за 10 кілямэтраў ад палігону «Асіповіцкі», загружаюць эшалён з расейскай вайсковай тэхнікай. На станцыі каля 50 танкаў рознай мадыфікацыі. 37 зь іх ужо пагружаныя.
Зьвезены да тэхнікі з рыштункам і кардоннымі каробкамі асабовы склад салдат. Грузяць тэхніку пад дажджом. Уся тэхніка без апазнавальных знакаў (апроч нумароў) і без аховы.
Паводле мясцовых жыхароў, тэхніка з палігону, на якім праходзілі расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017», прыбыла сваім ходам напярэдадні надвячоркам. Пагрузка працягваецца больш за 12 гадзін.
Жыхары прылеглых дамоў кажуць, што ў хатах вусьцішна. Ад тэхнікі дамы трасуцца. Людзі старога веку прыгадваць вайну і непакояцца, каб не было таго, што ва Ўкраіне. Вяскоўцы імкнуцца не глядзець на тэхніку.
Расейскія вайскоўцы не асабліва гаваркія. Наракаюць, што шмат працы з пагрузкай ды дужа пільнуюць камандзіры, каб не ленаваліся. У прыватных гутарках кажуць, што стаміліся і хочуць на радзіму. Некаторыя адзначаюць, што ім спадабаліся харчы ў крамах. Ці бралі алькаголь, ня кажуць. Спадзяюцца зноў наведаць Беларусь, бо ўпадабалі гасьціннасьць беларусаў. Адзначаюць, што адваявалі на пяць балаў. Адзін з вайскоўцаў шкадуе, што не пабачыў Лукашэнкі, а спадзяваўся.
На ўездах на станцыю разгорнутыя два радыёлякацыйныя пасты. Вайскоўцы не перашкаджалі праезду цывільнага транспарту.
Раней прадстаўнік Міністэрства абароны Беларусі Ўладзімер Макараў казаў, што на Асіповіцкім палігоне ў манэўрах задзейнічаная 1-я танкавая армія Расеі. Яна ўкамплектаваная танкамі Т-72Б3, Т-80, БПМ-2, а таксама 130 найменьнямі іншай баявой тэхнікі. Армію сфармавалі ў 2016 годзе ў Заходняй вайсковай акрузе Расеі.
Усё пра вайсковыя вучэньні «Захад-2017»
Сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» праходзілі на тэрыторыі Беларусі з 14 да 20 верасьня.
Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі яны ахапілі 7 палігонаў і 2 асобныя мясцовасьці, у іх узялі удзел 10 200 вайскоўцаў: 7000 — зь беларускіх падразьдзяленьняў, 3000 — з расейскіх. На манэўры было акрэдытавана 280 журналістаў, запрошана 80 назіральнікаў, у тым ліку з Украіны і краінаў NATO.
Краіны — суседкі Беларусі непакоіліся, што Крамлю вучэньні патрэбныя для агрэсіўнага разьвіцьця вайсковай прысутнасьці ў рэгіёне, на ўсходнім флянгу NATO, і ператварэньня Беларусі ў пляцдарм для наступу на Ўкраіну.
Беларуская апазыцыя асьцерагалася, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін можа выкарыстаць вучэньні, каб распачаць анэксію Беларусі.
Міністэрства абароны Беларусі адзначала «абарончы» характар вучэньняў «Захад-2017» і паабяцала, што ўсе расейскія вайскоўцы, якія бяруць у іх удзел, пакінуць беларускую тэрыторыю да 30 верасьня.