У Варшаве 15 верасьня пачаўся сёмы міжнародны Кангрэс дасьледчыкаў Беларусі.
Сярод тэмаў, якія будуць абмяркоўваць навукоўцы і дасьледчыкі Беларусі з усяго сьвету — рэгіянальная бясьпека, прапаганда і дэзінфармацыя, беларуская ідэнтычнасьць, дэмаграфічныя і гендэрныя пытаньні, беларуская літаратура з айчыннай і замежнай пэрспэктывы, праблемы перакладу ды іншыя.
Сёньня Кангрэс пачаўся пленарнай дыскусіяй «Рэвалюцыя 1917 году і досьвед камунізму для Цэнтральна-Усходняй Эўропы». У ёй, акрамя іншых, бяруць удзел нямецкія гісторыкі Фэлікс Акэрман і Томас Бон, сацыёляг зь Беларусі Аляксей Ластоўскі, філёзафы Ўладзімір Мацкевіч, Валер Булгакаў, Пётар Рудкоўскі, дырэктарка тэлеканалу «Белсат» Агнешка Рамашэўска-Гузы, польская славістка Эльжбэта Смулкова. Удзельнікі дыскусіі спрабуюць разабрацца, якім чынам спадчына камунізму працягвае ўплываць на культурнае і палітычнае разьвіцьцё рэгіёну.
Кангрэс будзе доўжыцца да 17 верасьня.