Заходнія межы акругі цалкам супадаюць на мапе з усходнімі абрысамі Беларусі, штаб знаходзіцца ў Санкт-Пецярбургу. Задача — абарона заходніх рубяжоў.
Як паведамляе дэпартамэнт інфармацыі і масавых камунікацый Мінабароны Расеі, у паветра было паднята больш за два дзясяткі разнатыпных самалётаў і верталётаў — Су-34, Су-35С, Ту-134, Ан-26, Мі-8 і Ка-52. Яны імітавалі палёты экіпажаў-парушальнікаў паветранай прасторы ў зоне адказнасьці падразьдзяленьняў СПА.
Авіятэхніка мусіла пераадолець зоны дзяжурства сілаў СПА незаўважнымі для радыёлякацыйных станцый радыётэхнічных войскаў, таму экіпажы ажыцьцяўлялі палёты на вышынях ад 50 да 10 000 мэтраў з розных кірункаў і на розных хуткасьцях.
Удакладняецца, што большая частка палётаў выконвалася з выключанымі сыстэмамі апазнаваньня на гранічна малых вышынях, з абмінаньнем рэльефу мясцовасьці, у шчыльных страявых парадках і з выкарыстаньнем радыёперашкод.
Ці заглыбляліся расейскія вайсковыя самалёты на тэрыторыю Беларусі, афіцыйна не ўдакладняецца.
Сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» праходзяць на тэрыторыі Беларусі з 14 да 20 верасьня.
У Беларусі яны ахопяць 7 палігонаў і 2 асобныя мясцовасьці, у іх возьмуць удзел 10 200 вайскоўцаў: 7000 — зь беларускіх падразьдзяленьняў, 3000 — з расейскіх. На манэўры акрэдытавана 280 журналістаў, запрошана 80 назіральнікаў, у тым ліку з Украіны і краінаў NATO.
Краіны — суседкі Беларусі непакояцца, што Крамлю вучэньні патрэбныя для агрэсіўнага разьвіцьця вайсковай прысутнасьці ў рэгіёне, на ўсходнім флянгу NATO, і ператварэньня Беларусі ў пляцдарм для наступу на Ўкраіну.
Беларуская апазыцыя асьцерагаецца, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін можа выкарыстаць вучэньні для пачатку анэксіі Беларусі.
Міністэрства абароны Беларусi адзначыла «абаронны» характар вучэньняў «Захад-2017» і паабяцала, што ўсе расейскія вайскоўцы, якія бяруць у іх удзел, пакінуць беларускую тэрыторыю да 30 верасьня.