Даля — кіраўніца новай магілёўскай кавярні «Шпаркі лось». Страўня з аўтарскай кухняй — адна зь нямногіх тутэйшых, якую гаспадары аформілі цалкам па-беларуску.
«Пачуваюся ў Беларусі, як у сваёй хаце»
У Беларусі Даля зь невялікімі перапынкамі жыве амаль два гады. Яна выйшла за магілёўскага хлопца, якога лічыць беларускім патрыётам. Пакідаць радзіму ён не захацеў, і яна пасьля роздумаў адважылася пераехаць да яго. Паводле Далі, асаблівага дыскамфорту ў Беларусі яна не адчувае.
«Нават калі даводзіцца бываць цяпер у Літве, то хочацца дадому, — з усьмешкай заўважае яна, седзячы за столікам кавярні. — Да тутэйшага жыцьця я прызвычаілася, пачуваюся тут, як у сябе ў хаце».
Сама Даля зь Вільні. Ня ўтойвае, што часам сумуе па лябірынтах вуліц старога гораду. У беларускіх жа гарадах, кажа яна, ад старых часоў засталося няшмат, а тое, што ацалела, не параўнаць з тым, што ёсьць у сталіцы Літвы.
«Я разумею, што давялося перажыць вашым гарадам, — са шкадаваньнем кажа суразмоўца. — Нашым пашанцавала значна болей».
Беларусы, паводле яе, людзі гасьцінныя, хоць у параўнаньні зь літоўцамі больш закрытыя.
«Літоўцы больш разьняволеныя, — адзначала яна. — Беларусы ж паводзяць сябе іншым разам так, нібыта ўвесь час чакаюць нечага для сябе непрыемнага, але яны падкупляюць іншаземца цеплынёю ў стасунках. У іхных паводзінах няма агрэсіі».
«Чаму беларусы не гавораць па-беларуску, мне незразумела»
Даля вучыць беларускую мову, але прызнаецца, што пакуль падтрымліваць доўга гаворку ў яе не выходзіць. Не хапае, тлумачыць, маўленчай практыкі, бо мала беларускамоўных суразмоўцаў. Кажа, што атачэньне мужа трымаецца беларускасьці, але сябры і знаёмцы гавораць па-беларуску ня ўсюды і не з усімі.
«Беларускай мовы не чуваць, таму і вывучаць яе няпроста. Калі б усе тутэйшыя гаварылі па-беларуску, то я б ужо добра размаўляла на вашай мове», — запэўнівала суразмоўца.
«А так, — са скрухаю кажа яна далей, — запытаеш у некага, як па-беларуску будзе нейкае слова, — адкажуць, а паколькі няма дзе яго ўжываць, дык яно і забываецца».
Моўная сытуацыя ў Беларусі Далю дзівіць. Яна не разумее, чаму беларусы цураюцца сваёй мовы. Спрабавала высьветліць, як так сталася. Тлумачэньні беларусаў засталіся для яе непераканаўчымі.
«Я спрабавала пераканаць сваіх суразмоўцаў, што беларуская мова — іхная родная мова, але гэта не дало плёну, — прыгадвае свае дыскусіі зь беларусамі ў моўным пытаньні Даля. — Мне адказвалі: „Дык у нас жа дзяржаўная мова таксама і расейская, дык навошта вучыць яшчэ беларускую? Навокал жа гавораць па-расейску!“».
«Некаторыя тлумачылі сытуацыю тым, што беларусаў спрэс зрусіфікавалі, — казала далей суразмоўца. — Я такім адказвала, што і літоўцаў таксама спрабавалі русіфікаваць, і нават забаранялі нашу мову, але літоўцы трымаліся свайго слова. Даводзіла, што не памятаю сваіх сямейнікаў, каб яны не гаварылі па-літоўску. Карацей, моўная сытуацыя ў Беларусі для мяне дзіўная».
«Беларуская мова — мілагучная і эўрапейская»
Акрамя сваёй роднай мовы, Даля гаворыць па-ангельску і па-расейску.
«Мы хадзілі ў Магілёве на прэм’еру беларускамоўнага „Маленькага прынца“, — кажа Даля, — дык засталіся ў захапленьні ад мовы, на якой гаварылі героі мультфільму. Ваша мова такая мяккая ды простая ва ўспрыняцьці. Мне незразумела, чаму некаторыя называюць яе „калгаснай“. Як па мне, то беларуская мова мілагучная і эўрапейская».
Суразмоўца не сумняваецца, што найлепшае ў беларускай мовы яшчэ наперадзе. Як толькі прыехала ў Беларусь і ўзялася за мову, кажа яна, то, здавалася, што тых, хто гаворыць на ёй, няшмат. Аднак з часам пераканалася ў адваротным.
«Проста беларускамоўныя беларусы трымаюцца чамусьці ў цені і толькі між сабой гавораць па-беларуску», — падзялілася сваімі назіраньнямі магілёўская літоўка.
Чаму як беларуская мова, то абавязкова дранік?
Даля мае адукацыю юрыста. Практыкавалася ў паліцыі. Неяк, кажа яна, зразумела, што занятак юрыста не для яе. Пакуль вучылася, падпрацоўвала афіцыянткай, потым у бары ды адміністратаркай у рэстарацыі. Скончыла курсы кухараў і сваё далейшае жыцьцё зьвязвае зь бізнэсам у сфэры грамадзкага харчаваньня.
«Мне дужа прыемна, калі людзі ядуць і захапляюцца згатаваным, — казала Даля. — Ад гэтага маеш вялізнае задавальненьне. Каб працавала юрысткай, гэтага б ня мела і не адчула».
Кавярняй «Шпаркі лось» валодае суполка бізнэсоўцаў. У назвы, кажа суразмоўца, няма гісторыі.
«Усім спадабаўся яе крэатыў, таму і вырашылі так назвацца», — патлумачыла яна. — Ніхто не пярэчыў, каб аздабленьне было беларускім. Для нас усіх беларускасьць — абсалютна нармальны ход, і нязвыкласьці ў гэтым мы ня бачым«.
«У нашай кавярні аўтарская кухня, — працягвае Даля. — Назвы страў мы прыдумляем самі. Зь імі доўга экспэрымэнтавалі. Мноства разоў прыдуманае бракавалі. З харчоў няма нічога незвычайнага. Тое, што можна купіць у краме, з таго і мы гатуем».
Паводле суразмоўцы, рэакцыя кліентаў на беларускую мову дужа розная. Але кожны зьвяртае ўвагу, што мэню беларускамоўнае.
«У некага пазытыў у вачах, а ў некага зьбянтэжанасьць, але варожасьці няма, — кажа Даля. — Тое, як рэагуюць кліенты, мне падабаецца. Неяк заўважылі былі памылку ў слове „дранікі“, дык нязлосна пра гэта сказалі. Канфліктных сытуацыяў празь беларускасьць не было, дзякаваць Богу. Спадзяюся, што іх і ня будзе».
Паводле суразмоўцы, многія кліенты, пабачыўшы беларускую мову, адразу робяць выснову, што ў кавярні падаюць толькі стравы беларускай нацыянальнай кухні.
«Беларускую мову чамусьці атаясамліваюць з дранікамі», — са зьдзіўленьнем заўважае гаспадыня кавярні. — Дранікі, безумоўна, страва крутая, і іх можна падаць па-рознаму. Мы, напрыклад, прыдумалі страву «Вежкі», гэта калі дранікі выкладзеныя стосікам«.
Але беларускасьць кавярні ня ў драніках, сьцьвярджае Даля.
«Так, у мэню кавярні ёсьць элемэнты зь беларускай кухні, — казала далей Даля. — Але, калі прыяжджаеш у Лёндан, там жа мэню па-ангельску і ніхто гэтаму ня дзівіцца. У Парыжы па-француску. Так і ў Беларусі мэню выдрукавана на беларускай мове, столікі зь беларускімі словамі. Дык чаму адразу нацыянальная кухня і дранікі, не зразумела».
«Спадзяёмся, што беларускамоўных беларусаў стане болей»
Паводле гаспадыні кавярні, пэрсанал з абавязковым патрабаваньнем веданьня беларускай мовы не падбіраўся.
«Ніводзін з нашых работнікаў ня мае нічога супраць беларускай мовы, — даводзіла яна. — Стараюцца, калі зь імі гавораць па-беларуску, адказваць гэтак жа. Таму праблемаў няма».
Даля пакуль не гатовая казаць, ці павялічыць беларускае аздабленьне прыбытак з кавярні. Заўважае, што трэба даўжэй папрацаваць. Пры гэтым кажа, што беларушчына дапамагае вылучыцца з масы падобных устаноў у Магілёве.
«Маем надзею, што беларуская мова будзе прыцягваць кліентаў. На жаль, гэта пакуль для Беларусі ня норма, а хутчэй незвычайнасьць. Зразумела, чым болей кліентаў, тым больш пасьпяховы бізнэс», — кажа гаспадыня страўні і на разьвітаньне дадае:
«Спадзяёмся, што наша беларуская кавярня стане прыкладам для тых, хто хоча загаварыць па-беларуску, і падтрымкай для тых, хто ўжо гаворыць. Яны пачнуць выходзіць зь беларускай мовай на вуліцу і не саромецца размаўляць на ёй. Думаем, што такіх беларусаў паболее».