Пугачоў і Цеплякоў былі арыштаваныя пры канцы студзеня 2017 году. Іх абвінавачвалі ў незаконным доступе да кампутэрнай інфармацыі. У лютым адвакат Цеплякова паведаміў, што лідэр групоўкі Ўладзімір Анікееў даў паказаньні ў дачыненьні да сваіх меркаваных саўдзельнікаў. Пугачоў сваю віну адмаўляе. Цеплякоў прызнаўся ў злачынстве.
6 ліпеня суд прысудзіў Анікеева да двух гадоў калёніі. Яго справа разглядалася ў закрытым рэжыме.
Група хакераў «Шалтай-Болтай», ці «Ананімны інтэрнацыянал», спэцыялізавалася на перахопе перапіскі і ўзломе акаўнтаў высокапастаўленых чыноўнікаў, буйных фірмаў і СМІ — для продажу ў інтэрнэце. Сярод магчымых пацярпелых ад дзеяньняў хакераў прэс-сакратар кіраўніка ўраду Расеі Натальля Цімакова і намесьнік начальніка ўпраўленьня ўнутранай палітыкі адміністрацыі прэзыдэнта Цімур Пракапенка.