Будаўнікам гарадзенскім нешта было патрэбна на заводзе, здаецца, украінскім, дзе выраблялі пабочную прадукцыю, «тавары народнага спажываньня». Гэта былі сэрыйныя бюсты. І завод затаварыўся Чапаевымі, Шаўчэнкамі і нейкім наркамам. Гарадзенцаў прымусілі браць «нагрузку», што было вельмі распаўсюджана ў савецкія часы. Усе любілі анэкдоты пра Чапая, таму ў Горадню паехаў ягоны голаў. І стаіць сабе сорак год, таварышы.
Літоўскія і асабліва польскія турысты, аднак, у ступары, яны ня памятаюць анэкдотаў і песень «гуляў па Ўралу Чапаеў герой» і не разумеюць, чаму ў былым каралеўскім горадзе на суседняй з Ажэшкай вуліцы герой Грамадзянскай вайны амаль з Сыбіру. «Ето почему такой человек в Гродно стаіт на уліцэ?».
Калі ў ЗША пачалі дэмантаваць помнікі тым, хто вінны ў Грамадзянскай вайне, праз каго загінуў ледзь не мільён чалавек, мне зрабілася нядобра ад параўнаньняў. У Штатах тыя людзі выступалі фактычна за развал краіны. Пад сьцягам захаваньня рабства. Але помнікі вайскоўцам мяцежнага Поўдня пагадзіліся паставіць улады ЗША, дзеля замірэньня. Аднак гэта не зьмяніла ролі тых людзей, якую яны адыгралі ў той момант амэрыканскай гісторыі. І вось: перагляд, рэвізія помнікаў.
У СССР іх ставілі толькі сваім героям, «харошым». Ніколі думкі ня ўзьнікла, што гэта прынамсі несправядліва.
Але чорт зь ім, з СССР. Мы возьмем БССР і, асобна, Горадню. Навошта тут помнікі Чапаеву расейскаму і «Чапаеву ўкраінскаму»? Толькі таму, што ў Беларусі не было мясцовых? У 1935 годзе Сталін назваў камдыва Шчорса «ўкраінскім Чапаевым» і загадаў рэжысэру Даўжэнку зрабіць пра яго фільм. Той кінуўся з імпэтам па-хуткаму выканаць, але зацягнуўся кінавыраб новага героя на пяць год. Трэба было адно выдумаць, іншае замаўчаць, абыходзіць падвойныя камяні і старацца спадабацца Сталіну.
Гартаючы нядаўна тэлеканалы, я натрапіў на «Шчорса» Даўжэнкі. Проста дрыжыкі, калі герой апантана закрычаў — «Няхай жыве Грамадзянская вайна!» Раней на гэта не зьвярталі ўвагі, гэта было нармальна, гэта было правільна. Разьвязалі вайну і праслаўляюць бясконца.
Як Шчорс трапіў у Горадню, я ня ведаю. Можа ў нагрузку таксама? Паставілі яго за чыгункай у ціхім сквэрыку, навокал казармы. Праўда, цяпер насупраць «украінскага Чапая» малітоўны дом. Такое вось дзіўнае суседзтва.
«Шчорс» ідзе больш за дзьве гадзіны. Першыя паўгадзіны я асьвяжыў у памяці, каб быць дакладным наконт праслаўленьня Грамадзянскай вайны.
Немцы з гайдамакамі ваююць на пшанічных палетках, такі «сымбаль вайны». Чырвоныя пачынаюць гнаць адных і другіх. Гарыць вёска. Чатыры чырвоныя хапаюць немца за рукі-за ногі. Разгушкалі і — у агонь! Ну, гэта напэўна мэтафара — у агонь рэвалюцыі, якая будзе ў Нямеччыне, пра якую гаворка ў фільме.
Байцы чакаюць Шчорса. Ён выходзіць на ганак: «На белы тэрор адкажам чырвоным тэрорам!» Міміка, жэстыкуляцыя — Ленін+Дзяржынскі.
Паяўляецца новы баец: «З партызанскім атрадам у 177 чалавек зьявіўся ў ваша распараджэньне». «Вой хораша, вой хораша, — Шчорс расчулена цісьне яму руку. — Дык гэта ж цэлы полк, можна паглядзець?» Вельмі наіўна. Ня кажучы: 177 — гэта зусім ня полк.
Шчорс пасылае нейкага Міхалюка на перамовы зь немцамі. І ўсё паўтарае: «Каб без мацюкоў. Помні, што ты дыплямат». Дае асобна даручэньне матросу, якога зваць Пятро, «сачыць за мацюкамі». Матрос пад казырок: «Ёсьць, сачыць за мацюкамі!»
У савецкім агітацыйным кіно без трыбуны ніяк. Нават на вёсцы. Шчорс загадвае з трыбуны: «Палкі з насельніцтвам — проста на нямецкія акопы!» «Братацца». І адразу з харавым сьпевам — наперад. Сам — на чале. Рассоўваюць агароджы з калючым дротам. Насустрач выходзіць незадаволены нямецкі генэрал: «Што вам трэба?» Шчорс штурхае генэрала —«Прэч з дарогі!».
Зноў трыбуна. Шчорс прамаўляе. Немцаў адправіць дамоў! Бяз зброі. Даць на дарогу сала. І раптам як залемантуе: «Няхай жыве Грамадзянская вайна! Няхай жыве Ленін!» Шчорсаўцы праходзяць паходным маршам перад трыбунай з транспарантамі «Няхай жыве Грамадзянская вайна!». За імі ў паходным парадку немцы ў касках. Спачатку аркестар. Крочаць з транспарантамі на нямецкай мове. Шчорс ім крычыць з трыбуны: «Біце сваю буржуазію! Няхай жыве сусьветная рэвалюцыя!».
Калі набліжалася 300-годзьдзе Пераяслаўскай рады, Хрушчоў даў каманду паставіць у Кіеве помнік Шчорсу. Вялікі, конны. Пазіраваў скульптару будучы прэзыдэнт Леанід Краўчук. Скульптару патрэбны быў мой торс, так ён патлумачыў, прызнаўся ў пазьнейшыя часы Краўчук.
Магіла «ўкраінскага Чапаева» была згубленая. На месцы могілак пабудавалі завод. Але выпадкова натрапілі на яе. З санкцыі Хрушчова цынкавую труну расчынілі. У чэрапе была кулявая дзірка. Баявы паплечнік, на руках якога нібыта памёр на полі бою Шчорс, засьведчыў некалі: «Куля ўвайшла сьпераду і выйшла ззаду». Аднак экспэртыза засьведчыла, што забіты Шчорс быў у патыліцу з блізкай адлегласьці, ззаду. Значыць, свае.
Але якое гэта ўсё мае дачыненьне да Горадні, хто адкажа? Ці не пара Чапаевых прыбраць зь беларускага гораду? Зрабіць падарунак братнім славянскім народам? Самы час паставіць, замест іншародных, помнікі людзям, якія праславілі Горадню, помнікі, якіх няма, якіх не хапае, якія патрэбныя. Гэта палепшыць турыстычную прывабнасьць як мінімум. А начальства нібы рукамі і нагамі за замежных турыстаў.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.