У Магілёве насупраць ратушы паставілі памятны знак стаўцы расейскага імпэратара Мікалая ІІ. Апошні расейскі самаўладца камандаваў з Магілёва сваімі войскамі ў Першую ўсясьветную вайну.
Адзначыць падзею, якія адбываліся ў беларускім горадзе на пачатку ХХ стагодзьдзя з удзелам расейскага цара, вырашыла гарадзкая адміністрацыя.
Знак паставілі насупраць ратушы, на найстарэйшай плошчы гораду, што цяпер завецца плошчай Славы. Урачыстага адкрыцьця пакуль не было. Надпіс на знаку — на беларускай і расейскай мовах.
Альтэрнатыва помніку Мікалаю ІІ
Ініцыятыва паставіць памятны знак стаўцы расейскага цара зьявілася летась. У афіцыйных паведамленьнях адзначалася, што «абʼект будзе ўтрымліваць інфармацыю пра даты знаходжаньня ў Магілёве Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага».
Думкі экспэртаў, якія абмяркоўвалі ініцыятыву гарвыканкаму, падзяліліся. Адны настойвалі, што ініцыятыва чыноўнікаў скіраваная не на ўвекавечваньне расейскага самаўладцы, а на адзначэньне гістарычнага факту, што стаўка месьцілася якраз у Магілёве. Гучалі меркаваньні, што памятны знак варта разглядаць як кампрамісны варыянт помніка Мікалаю ІІ.
Іншыя трымаліся пазыцыі, што ўшаноўваць варта найперш падзеі і асобаў зь беларускай гісторыі, якія мацуюць беларускую дзяржаўнасьць і нацыянальную сьвядомасьць грамадзян Беларусі. А гэта пэўна не пра Мікалая ІІ.
Думка скульптара
«У мяне няма адчуваньня, што я зрабіў нешта кепскае. Я не баюся крытыкі наконт сваёй спрычыненасьці да вырабу памятнага знаку. Калі яе баяцца, то ня варта нічога рабіць, — кажа аўтар памятнага знаку, магілёўскі скульптар Андрэй Вераб’ёў. — На маю думку, гэты памятны знак — кампрамісны варыянт помніка Мікалаю ІІ, ідэя ўсталяваньня якога пастаянна ўздымаецца пэўнай часткай грамадзкасьці Магілёва. Памятным знакам зафіксаваная падзея, якая адбылася ў гісторыі гораду. Заганы ў гэтым няма. Я пастараўся перадаць у кампазыцыі дух таго часу. На знаку рамізьнік, будынкі кіраўніцтва губэрні і звон з выявай Мікалая ІІ».
Магілёўская ўлада сьведчыць сваю прыхільнасьць да расейскай гісторыі?
Тэма побыту расейскага самаўладцы, ягонай сямʼі ды стаўкі ў Магілёве ўздымаецца рэгулярна. У 2009 годзе зьбіраліся паставіць бюст Мікалая ІІ. Ініцыятыва выклікала палкую дыскусію — ці мэтазгодна ўвекавечваць у беларускім горадзе расейскага імпэратара? Кіраўніцтва маскоўскага раёну Сакаліная Гара падаравала Магілёву такі бюст — яго перадалі ў музэй.
Адзін з тых, хто актыўна пратэставаў супраць усталяваньня помніка расейскаму цару ў Магілёве, актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігар Барысаў кажа, што са зьяўленьнем памятнага знаку стаўцы найстарэйшая плошча гораду стала яшчэ больш эклектычнай. Ён нагадвае, што на плошчы Славы ўзьвялі за савецкім часам мэмарыял «Барацьбітам за савецкую ўладу», паставілі памятны знак тым, хто ваяваў зь «белапалякамі ў 1920 годзе», за часамі незалежнай Беларусі адбудавалі гарадзкую ратушу. Непадалёк, на замчышчы, узьвялі праваслаўную царкву ў памяць пра расейскага цара.
«Усё гэта сьведчыць пра тое, як мясцовая ўлада бачыць беларускую гісторыю і асобныя яе падзеі. Зразумела, выглядае плошча шмат у чым недарэчна», — кажа партыец.
«Памятны знак жа паставілі, каб горад быў больш прывабны для расейскіх турыстаў, — лічыць партыец. — Зразумела, што пры цяперашняй уладзе такі пэрсанаж магілёўскай гісторыі, як Пара-Левановіч, які ўзьняў паўстаньне супраць маскоўцаў у 1661 годзе, ня будзе ўшанаваны, бо, на думку ўлады, ён „клін у сяброўстве Беларусі і Расеі“. Пакуль улада сьведчыць сваю прыхільнасьць да расейскай гісторыі».
Цяперашняя плошчы Славы ў часы магдэбурскага права называлася Гандлёвай. Калі прыйшлі расейцы, стала Губэрнатарскай, пазьней Думскай. За бальшавікамі — плошчай Свабоды. Пасьля Другой усясьветнай вайны стала Савецкай. У 1982 годзе на ёй узьвялі мэмарыял «Барацьбітам за савецкую ўладу». Тады Магілёву ўручылі ордэн Айчыннай вайны.
У 2014 годзе дэпутаты гарсавету не падтрымалі ініцыятыву назваць плошчу Ратушнай.