Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя будаўніцтва Беларускай АЭС у 10 фактах


Дзесяць гадоў таму БелАЭС плянавалі запусьціць ужо ў 2016. Пасьля тэрміны здачы станцыі пераносілі тройчы.

1. Сьнежань 2008. Выбар Астравецкай пляцоўкі і першыя тэрміны здачы АЭС

Вывучэньне пляцовак для будоўлі атамнай электрастанцыі ў Беларусі вялося з пачатку 1990-х гадоў. Тады Акадэмія навук вызначыла прыкладна 70 месцаў, дзе можна было б пабудаваць станцыю. Але далей за гэта справа не дайшла. Ізноў пра будаўніцтва Беларускай АЭС загаварылі толькі ў 2006 годзе. Аднавілася праца для падбору пляцовак, іх колькасьць скарацілася да чатырох: Краснапалянскай, Кукшынаўскай, Астравецкай і Верхнядзьвінскай (рэзэрвовай). У сьнежні 2008 году было агучанае рашэньне будаваць АЭС менавіта ля Астраўца. Тады ж упершыню назвалі і тэрміны здачы: 2016 год для першага рэактара і 2018 для другога.

2. Ліпень 2010. Будаўніцтва адкладаецца «на няпэўны тэрмін».

Пачаткова беларускія ўлады дапускалі, што ў будаўніцтве Астравецкай АЭС могуць прыняць удзел ЗША, Францыя, Кітай, Чэхія альбо Расея. «Удзел амэрыканцаў у будаўніцтве АЭС я выключаю з палітычных матываў. Калі да фінансаваньня будаўніцтва АЭС падключыцца Кітай, маю сумневы, што Расея будзе ўдзельнічаць у рэалізацыі праекту», — заяўляў расейскі амбасадар Сурыкаў. У выніку «Росатом» быў абраны асноўным партнэрам, але перамовы ішлі не без складанасьцяў. Як паведамляла агенцтва «Інтэрфакс» са спасылкай на крыніцу ў беларускім урадзе, бакі не маглі дамовіцца наконт стварэньня сумеснай кампаніі, якая займалася б продажам электраэнэргіі з будучай АЭС. «Гэтая ўмова катэгарычна не задавальняе беларускі бок», — гаварыў суразмоўца агенцтва.

3. Кастрычнік 2011. Падпісаньне кантракту аб будаўніцтве Астравецкай АЭС

11 кастрычніка быў падпісаны кантракт аб будаўніцтве Астравецкай АЭС. Удзельнікамі падпісаньня сталі «Дырэкцыя будаўніцтва атамнай электрастанцыі» зь беларускага боку і таварыства «Атомстройэкспорт» з расейскага. Паводле кантракту Астравецкая АЭС мела быць пабудаваная да 2018 году, а Расея выдзяляла Беларусі крэдыт у 10 млрд даляраў, які меў пакрыць 90% выдаткаў. Такім чынам, яе агульны кошт на кастрычнік 2011 году ацэньваўся ў больш за 11 мільярдаў даляраў.

4. Верасень 2011. Пачатак будаўнічых працаў і перанос тэрмінаў здачы АЭС.

У верасьні на месцы будаўніцтва АЭС зьявіліся бульдозэры. У сакавіку таго ж году паміж урадамі Беларусі і Расеі падпісанае пагадненьне аб будаўніцтве АЭС, у якім тэрміны здачы станцыі пераносіліся на 2017 год для першага рэактара і 2018 — для другога.

5. Лістапад 2013. Указ Лукашэнкі аб Астравецкай АЭС. Другі перанос тэрмінаў здачы будоўлі.

Дакумэнт з назвай «Аб узьвядзеньні Беларускай атамнай станцыі» быў падпісаны 2 лістапада. Пра тэрміны завяршэньня будаўніцтва пісалі так: «Ажыцьцявіць у 2013–2020 гадах будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі (далей — АЭС) на зямельным участку ў Астравецкім раёне Горадзенскай вобласьці». Тэрміны што да кожнага з рэактарных блёкаў не ўдакладняліся.

6. Люты 2015. Заява Міністэрства энэргетыкі: «Тэрміны здачы БелАЭС зьмяняцца ня будуць».

Міністар энэргетыкі Беларусі Ўладзімер Патупчык на прэс-канфэрэнцыі заявіў, што тэрміны здачы Астравецкай АЭС больш зьмяняцца ня будуць. Паводле міністра, першы блёк АЭС павінен пачаць працу ў 2018 годзе, другі — у 2020.

7. Сакавік 2015. Закрытае паседжаньне Савету рэспублікі, на якім абмяркоўваліся тэрміны здачы станцыі.

Пытаньне «Аб ратыфікацыі пратаколу аб унясеньні зьменаў у пагадненьне паміж урадам Рэспублікі Беларусі і ўрадам Расейскай Фэдэрацыі аб супрацоўніцтве ў будаўніцтве на тэрыторыі Рэспублікі Беларусі атамнай электрастанцыі ад 15 сакавіка 2011 году» разглядалася за закрытымі дзьвярыма, журналістаў на яго не дапусьцілі.

8. Ліпень 2016. Інцыдэнт з корпусам першага рэактара БелАЭС

Аб здарэньні падчас мантажу корпусу да першага рэактарнага блёку Астравецкай АЭС стала вядома не адразу. Спачатку інфармацыя зьявілася ў сетках, афіцыйна «Росатом» прызнаў здарэньне амаль празь месяц — толькі на пачатку жніўня. У выніку Беларусь прыняла рашэньне замяніць корпус рэактара. «Нават калі ёсьць найменшыя пашкоджаньні або драпіны, мы ад гэтага корпусу павінны адмовіцца. І расейцы кажуць, што калі беларусы адмовяцца ад гэтага корпусу, то яны прывязуць іншы і ўсталююць. Вось і ўвесь інцыдэнт», — расказваў 4 жніўня Аляксандар Лукашэнка.

9. Верасень 2016. Росатом паведамляе аб пераносе тэрмінаў здачы першага рэактара на 2019 год

«Гэта адкідвае нас прынамсі на паўгода, а то і больш, у тэрмінах уводу блёку... Цяпер акурат мы ўзгадняем з замоўцам новы графік, дзе і вызначаецца, наколькі мы зьмяшчаем тэрмін пуску», — расказваў першы намесьнік кіраўніка карпарацыі «Росатом» Аляксандар Лакшын празь месяц пасьля рашэньня Беларусі замяніць пашкоджаны корпус рэактара.

У лістападзе першы намесьнік віцэ-прэм’ера Ўладзімер Сямашка афіцыйна паведаміў, што праз інцыдэнт з пашкоджаным корпусам першы блёк Астравецкай АЭС будзе здадзены ў 2019 годзе.

10. Ліпень 2017. Усю Астравецкую АЭС плянуецца здаць улетку 2020 году

«Мы ўчора працавалі ўвесь дзень на станцыі, абмеркавалі стан справаў. Гатовыя далажыць падрабязна... Мы зыходзім з абавязаньняў „Росатома“ усю станцыю ўвесьці ва ўжытак улетку 2020 году», — заявіў на сустрэчы з Лукашэнкам генэральны дырэктар «Росатома» Аляксей Ліхачоў. Канкрэтных тэрмінаў уводу ў эксплюатацыю асобных блёкаў АЭС публічна не называлі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG