Карбалевіч: 13-14 верасьня ў Менску прайшоў другі раўнд беларуска-літоўскіх кансультацый аб Беларускай АЭС. Нагадаю, першы раўнд такіх кансультацый прайшоў у Вільні 21 і 22 чэрвеня сёлета. Тады бакі абмяняліся інфармацыяй. Аб выніках перамоваў кожны з бакоў выступіў са сваёй заявай для прэсы. Літоўскі бок быў незадаволены перамовамі, бо, паводле ягонай вэрсіі, не атрымаў усе адказы на свае пытаньні.
Літва просіць Беларусь як мага хутчэй правесьці стрэс-тэсты АЭС і запрасіць місію МАГАТЭ, а таксама ўключыць сваіх прадстаўнікоў у гэтую місію і запрасіць іх падчас стрэс-тэстаў. Дакуль гэтыя мерапрыемствы не праведзеныя, Вільня просіць Менск прыпыніць будаўніцтва АЭС. То бок Літва не давярае нават МАГАТЭ. Наўрад ці такая пазыцыя рэалістычная. І вось новы раўнд кансультацый у Менску. Гэтыя перамовы цікавыя тым, што менавіта на іх высьвятляюцца некаторыя акалічнасьці будаўніцтва АЭС, якія ўлады хаваюць ад грамадзкасьці. Нагадаю, што толькі пасьля заявы прэзыдэнта Літвы Далі Грыбаўскайце беларускія ўлады прызналі, што адбылася аварыя, упаў рэактар. І вось цяпер высьветлілася, што за час будаўніцтва БелАЭС адбылося 10 аварыяў, падчас якіх загінула тры чалавекі.
Лукашэнка дасьць загад фарсаваць будаўніцтва, каб запусьціць першы блёк да 2020 году, да прэзыдэнцкіх выбараў.
Дасюль усё гэта беларускія ўлады хавалі ад грамадзкасьці. Тактыка ўтойваньня праўды пра АЭС вельмі нагадвае чарнобыльскі сцэнар. У перамовах зь беларускага боку прымалі ўдзел першы намесьнік кіраўніка Міністэрства аховы прыроды Ія Малкіна і намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк. Зь літоўскага боку перамовы вёў дырэктар дэпартамэнту прадухіленьня забруджваньняў Міністэрства навакольнага асяродзьдзя Літвы Віталіюс Аўгліс. Гэтым разам кіраўнікі дэлегацыі выйшлі да журналістаў разам. І гэта прагрэс.
Але ў бальшыні пытаньняў бакі не дамовіліся. У сьнежні прыедзе місія МАГАТЭ і будуць праведзеныя стрэс-тэсты. Але ці будуць у іх удзельнічаць замежныя экспэрты, пагатоў прадстаўнікі Літвы, пакуль невядома. Рыхтуецца двухбаковае пагадненьне, праект якога будуць абмяркоўваць у канцы кастрычніка ў Менску. У зьвязку з тым, што будуць мяняць рэактар, тэрміны ўводу станцыі адкладваюцца. Першы блёк БелАЭС павінен быў пачаць працу ў 2018 годзе, другі — у 2020-м. Вытворчы цыкль вырабу корпусу рэактара ВВЭР-1200 з моманту пачатку вырабу нарыхтовак да даставы займае 840 сутак. Гэта два з паловай гады. Мяркую, Лукашэнка дасьць загад фарсаваць будаўніцтва, каб запусьціць першы блёк да 2020 году, да прэзыдэнцкіх выбараў. Яму патрэбная гучная піяр-акцыя, бо больш хваліцца асабліва няма чым. А калі будаўніцтва такога абʼекту фарсуюць, то нічога добрага з гэтага не атрымоўваецца. Узгадаем, што будаўніцтва Чарнобыльскай АЭС таксама фарсавалі.
Калі мы абмяжоўваем экспарт, эканамічнай выгады ад станцыі практычна не застаецца, яна становіцца адмоўнай, нясе страты.
Глод: Канечне, для Літвы найлепшы варыянт разьвіцьця падзеяў быў бы ў выглядзе спыненьня будаўніцтва Астравецкай АЭС, закрыцьцё гэтага праекту наагул. Але такі варыянт, на мой погляд, не выглядае рэальным. І тут я падзяляю меркаваньне Валера Карбалевіча. Хоць літоўскі бок спрабуе зрабіць істотныя крокі ў гэтым кірунку. Так, вядома, што літоўскія кансэрватары сабралі амаль 65 000 подпісаў супраць будаўніцтва АЭС у Астраўцы. Дакладней казаць, гэта подпісы пад законапраектам, які, па-першае, забараніў бы прадаваць у Літве вырабленую на гэтай атамнай станцыі электраэнэргію, а па-другое, не дазволіў бы гэтай АЭС карыстацца электраэнэргетычнай сыстэмай Літвы.
Унясеньне законапраекту ў Сэйм лідэры кансэрватараў тлумачаць верай у спыненьне будаўніцтва: «На наш погляд, менавіта гэты закон ёсьць адным з галоўных крокаў да прыпыненьня будаўніцтва, бо мы ведаем, што гэтая АЭС будуецца выключна для экспарту. Калі мы абмяжоўваем экспарт, эканамічнай выгады ад станцыі практычна не застаецца, яна становіцца адмоўнай, нясе страты. Адсюль ёсьць вялікая верагоднасьць, што гэта абумовіць і спыненьне будаўніцтва».
Літоўцы кажуць, што Беларусь мае мэтай экспартаваць дзьве траціны электраэнэргіі з АЭС на Захад транзытам празь Літву, пераважна ў Польшчу і Швэцыю. Але калі Літва зробіць гэты транзыт немагчымым, то «гэтая гульня ў Аляксандра Лукашэнкі наўрад ці атрымаецца». Дарэчы, 50 тысячаў подпісаў грамадзян Літвы дастаткова, каб законапраект прынялі для разгляду ў парлямэнце. Я нагадаю, што ў кастрычніку ў Літве праводзяцца парлямэнцкія выбары, і тэма АЭС можна прынесьці дадатковыя галасы ініцыятарам.
Гэтыя палітычныя памкненьні, жаданьне атрымаць дадатковыя галасы ў парлямэнцкай гонцы разумеюць у цяперашнім урадзе Літвы. Так, міністар навакольнага асяродзьдзя Кястуціс Трэчокас заявіў, што будаўнічую пляцоўку Беларускай АЭС у Астраўцы спачатку павінны наведаць экспэрты Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі (МАГАТЭ), а ўжо пасьля літоўскія палітыкі. Ведаючы беларускіх партнэраў ды іхныя палітычныя правілы, мы павінны быць вельмі асьцярожнымі. Палітыкі могуць выканаць сваю працу пазьней, пасьля экспэртаў, — заявіў міністар. Я ня веру, што нашыя суседзі дамогуцца закрыцьця праекту Беларускай АЭС. Але ўсё ж паставіць узьвядзеньне станцыі пад міжнародны кантроль магчыма. Што цяпер і спрабуюць зрабіць літоўцы.
Карбалевіч: Мне падаецца, што літоўскія кансэрватары трохі дрэнна ўяўляюць сытуацыю ў Беларусі. Яны разьлічваюць, што калі стварыць сытуацыю, калі станцыя будзе нерэнтабэльнай, то і спыніцца будаўніцтва. Але будаўніцтва АЭС больш палітычны праект, чым эканамічны. У Беларусі дзясяткі, сотні прадпрыемстваў нерэнтабэльныя — і не закрываюцца.
Тэма АЭС будзе тым каменем, які на дзесяцігодзьдзі ляжа ва ўзаемадачыненьнях паміж Менскам і Вільняй
Навумчык: Ня трэба быць вялікім прагназістам, каб зразумець, што тэма атамнай электрастанцыі будзе тым каменем, які надоўга, можа быць, на дзесяцігодзьдзі, ляжа ва ўзаемадачыненьнях паміж Менскам і Вільняй, і нават калі б у Беларусі быў дэмакратычны ўрад, гэтая праблема таксама б засталася, бо прыхільнікі ядзернай энэргетыкі ёсьць і сярод дэмакратычных палітыкаў. Гэта старая тэма.
Што ж да Астравецкай АЭС, то з самага пачатку пазыцыі Менску і Вільні розьніліся. У Вільні на гэта глядзяць па-эўрапейску. Такія рэчы, як будаўніцтва экалягічна небясьпечнага аб’екту, у дэмакратычных краінах адбываюцца пасьля дасканалага вывучэньня ўсіх аспэктаў і пад наглядам грамадзтва, з улікам грамадзкай думкі. Магчыма, нават праз рэфэрэндум. Нічога падобнага ў Беларусі не было ад прыняцьця рашэньня, выбару пляцоўкі і да сёньняшняга дня.