У дыскусіі ўдзельнічалі супрацоўніца Міністэрства адукацыі Ірына Бураўкіна, а таксама Ганна Валочка і Вольга Зелянко з Нацыянальнага інстытуту адукацыі. Іхнымі апанэнтамі былі бацька чацьвярых дзяцей Андрусь Клікуноў, Мілана Міхалевіч, якая гадуе дзьвюх дачок, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім і старшыня ТБМ Алег Трусаў. Свабода сабрала дзевяць праблемаў і іх вырашэньняў, якія яны агучылі міністэрству і інстытуту.
1. Настаўнікі мусяць заахвочваць дзяцей размаўляць па-беларуску
Андрусь Клікуноў: «Самае галоўнае — адсутнасьць матывацыі размаўляць па-беларуску. Дзеці вывучаюць мову, але па-за ўрокамі на ёй не гавораць. Раней езьдзілі ў вёску да беларускамоўных бабуль і дзядуляў, цяпер гэтага ўжо няма. Бабулі жывуць у гарадах і таксама размаўляюць па-расейску. Дзеці ня ведаюць элемэнтарных словаў. Неабходна, каб настаўнікі заахвочвалі іх размаўляць па-беларуску, а ня толькі вучыць мову».
2. Наладзіць пераемнасьць паміж садком, школай і ВНУ
Андрусь Клікуноў: «Цяпер няма пераемнасьці паміж садкамі, школамі і ВНУ. Адно маё дзіця заканчвае беларускамоўны садок, і яму няма куды ісьці, бо побач няма беларускамоўнай школы. Прыйдзецца выбраць рускамоўную. Дзеці мусяць ісьці пасьля садку ў школы з расейскай мовай навучаньня. Атрымліваецца, што садок іх выпускае ў нікуды. Гэта неабходна выправіць. Трэба, каб з садку можна было пайсьці ў беларускамоўную школу, а потым у такую ж беларускамоўную ВНУ. Каб быў ланцужок, пераемнасьць».
3. Друкаваць дапаможныя матэрыялы па-беларуску
Мілана Міхалевіч: «Праблемаў з беларускамоўнымі падручнікамі няма, так. Але ёсьць праблема зь беларускамоўнымі дапаможнікамі, з тэматычнымі сшыткамі. З контурнымі мапамі, напрыклад. Усё пераважна на расейскай мове. Мы зь іншымі бацькамі калі раптам нешта недзе заўважым, то адзін аднаму расказваем, каб хутчэй паехаць і набыць... Калі так складана друкаваць дапаможныя матэрыялы па-беларуску, то выкладзіце хаця б у інтэрнэце, мы самі раздрукуем іх».
4. У беларускамоўных падручніках мусяць быць ня толькі «вясковыя» прыклады
Алег Трусаў: «У падручніках на беларускай мове прыклады даюцца ў асноўным вясковыя. Дзе прыклады з гораду? Чаму б у сшытках па матэматыцы, па біялёгіі маленькія слоўнікі не зьмясьціць з тэрміналёгіяй? Дзеці ўжо ня ведаюць словаў. Таму ў мяне просьба — пашырыць гарадзкую лексыку. Каб ня толькі „вясковыя“ словы там былі».
5. Настаўнікі беларускай мовы не павінныя размаўляць па-расейску ў школе
Алег Трусаў: «Настаўнікі мовы ёй толькі на ўроках карыстаюцца. На перапынках і па-за школай ужо не. Гэта трэба зьмяняць. Магчыма, хай нешта накшталт клятвы Гіпакрата даюць... Хай зь імі міністар сустрэнецца, пагаворыць, выкажа пажаданьні, дасьць рэкамэндацыі. Трэба, каб настаўнікі беларускай мовы яе пашыралі ня толькі на ўроках».
6. Патрэбныя беларускамоўныя факультатывы
Алег Трусаў: «Неабходна, каб былі беларускамоўныя факультатывы. Яны праходзяць у суботы. Хай будуць па-беларуску. Па архітэктуры, па ўсім іншым. Гэта пашырыць сфэру ўжываньня мовы дзецьмі».
7. Стварыць крокавую даступнасьць беларускамоўных школаў
Алена Анісім: «Некалі ў Літве існавала правіла — з трох школаў дзьве літоўскія і адна расейскамоўная. У Беларусі ж складана аддаць дзіця ў беларускамоўную школу, іх мала, яны далёка. Дзяцей элемэнтарна складана давезьці. Неабходна павялічваць колькасьць беларускамоўных школаў, каб яны станавіліся даступныя людзям».
8. Падзяляць клясы на моўныя групы
Алена Анісім: «Зьяўляецца новая праблема. Калі бацькам адмаўляюць у магчымасьці вучыць іх дзяцей па-беларуску, бо большасьць выказала жаданьне навучацца па-расейску, то яны часам забіраюць дзяцей са школы і вучаць дома самастойна. Гэтая тэндэнцыя можа нарастаць. Школы ўвогуле могуць застацца без беларускамоўных вучняў. Сытуацыю магла б выправіць магчымасьць дзяліць клясы. Ствараць унутры іх групы вучняў, якія хаця б частку прадметаў вывучалі па-беларуску».
9. Рыхтаваць больш беларускамоўных настаўнікаў
Мілана Міхалевіч: «Яшчэ адна праблема — адсутнасьць беларускамоўных настаўнікаў. Часам людзі і хочуць выкладаць па-беларуску, але ім не хапае кваліфікацыі, ведаў. Наша гімназія ня можа знайсьці беларускамоўнага матэматыка, напрыклад. Магчыма, варта праводзіць перападрыхтоўку настаўнікаў, арганізаваць курсы павышэньня кваліфікацыі, дзе б настаўнікі вучыліся выкладаць свае прадметы па-беларуску».