Па праўдзе кажучы, пачаліся яны, тыя шляхі, ужо пасьля сьмерці вядомага расейскага пісьменьніка. Летась, напрыклад, выстава «Жыць або пісаць. Варлам Шаламаў» аб’ехала некалькі беларускіх гарадоў: Менск, Берасьце, Віцебск, Гародню. З упэўненасьцю, што тут, у Беларусі, дзе ад рэпрэсій пацярпеў кожны дзясяты жыхар, яго, Варлама Шаламава, зразумеюць усе. (А датуль выстава экспанавалася ў Італіі, Люксэмбургу, Украіне, Расеі.)
у лягеры Шаламаву трапляліся і выхадцы зь Беларусі
У лягеры Шаламаву трапляліся людзі з самых розных куткоў тагачаснага СССР, у тым ліку і выхадцы зь Беларусі. Згадаем, што ягоным аднакамэрнікам па Бутырскай турме ў 1937 годзе быў Міхаіл Выган, які нарадзіўся ў 1915-м у Горках Магілёўскай губэрні, але ўжо з 1924-га жыў у Пярмі. Некаторыя ўраджэнцы шматнацыянальнай Беларусі рабіліся прататыпамі герояў пісьменьніка.
Цікава перачытаць творы Варлама Шаламава, адшукваючы ў іх фрагмэнтарныя аскепкі беларускага кантэксту — водгулле з краю, дзе ён пры жыцьці ні разу ня быў.
Так, напрыклад, адразу ў некалькіх апавяданьнях («Сука Тамара», «Багданаў», «Сэнтэнцыя», «Ля стрэмені») прысутнічае каваль Майсей Кузьняцоў — беларускі габрэй з расейскім прозьвішчам. З павагай, захапленьнем і спачуваньнем распавядае пра яго жыцьцёвы шлях В. Шаламаў:
«Суку Тамару прывёў з тайгі наш каваль — Майсей Майсеевіч Кузьняцоў. Мяркуючы па прозьвішчы, прафэсія ў яго была спадчыннай. Майсей Майсеевіч нарадзіўся ў Менску. Быў Кузьняцоў сіратой, пра што, зрэшты, сьведчылі яго імя і імя па бацьку — у габрэяў сына называюць бацькавым імем толькі і абавязкова, калі бацька памірае да нараджэньня сына. Працы ён навучаўся з маленства — у дзядзькі, такога самага каваля, якім быў Майсееў бацька.
жонка Кузьняцова напісала на мужа данос
Жонка Кузьняцова была афіцыянткай аднаго зь менскіх рэстаранаў, была нашмат маладзейшай за саракагадовага мужа і ў трыццаць сёмым годзе, паслухаўшыся парады сваёй адданай сяброўкі-буфэтчыцы, напісала на мужа данос. Гэты сродак у тыя гады быў надзейнейшы за ўсялякую замову ці намову і нават больш надзейны за якую-небудзь серную кіслату — муж, Майсей Майсеевіч, вокамгненна зьнік. Каваль ён быў заводзкі, ня просты каваль, а майстар, нават крышку паэт, працаўнік той пароды кавалёў, што маглі адкаваць ружу. Інструмэнт, якім ён працаваў, быў выраблены ім уласнаручна. Інструмэнт гэты — абцугі, долаты, малаткі, кувалды — меў несумнеўную выкшталцонасьць, што сьведчыла пра любоў да свайго рамяства і разуменьне майстрам душы сваёй справы. Тут рэч была зусім не ў сымэтрыі ці асымэтрыі, а ў чымсьці глыбейшым, больш унутраным. Кожная падкова, кожны цьвік, адкаваны Майсеем Майсеевічам, былі вытанчаныя, і на ўсялякай рэчы, што выходзіла зь ягоных рук, была гэтая пячатка майстра. Над усялякай рэччу ён пакідаў працу са шкадаваньнем: яму заўсёды здавалася, што трэба ўдарыць яшчэ раз, зрабіць яшчэ лепей, яшчэ зручней» (тут і далей пераклад наш — В. Ж.).
мужык плакаў і крычаў: «А як жа я ня еўшы?»
Менавіта ад Кузьняцова (дакладней — ягонага прататыпа) пісьменьнік пачуў беларускую фальклёрную прыпавесьць, якую ўставіў у фінал свайго апавяданьня «Ля стрэмені» (1967), каб праілюстраваць свой роздум пра мяжу чалавечага цярпеньня, свой пісьменьніцкі голас узмацніць голасам народным. Гэта была гісторыя пра тое, як «тры паны — яшчэ пры Мікалаі, вядома ж, — лупцавалі тры дні і тры ночы безь перадыху беларускага мужыка-бедака. Мужык плакаў і крычаў: «А як жа я ня еўшы?». «Да чаго гэтая прыпавесьць? — пытаецца В. Шаламаў і сам жа дае зразумець, што пытаньне было рытарычным. — Ды ні да чаго. Прыпавесьць — і ўсё». Вось так адбіўся ў ягонай творчасьці міт пра славутую беларускую талерантнасьць.
Галоўны герой апавяданьня «Рыва-Роччы» (1972) — менскі інжынэр-будаўнік Міхаіл Новікаў, хворы на гіпэртанію, якога асудзілі на 15 гадоў лягеру і адправілі, як і ўсіх, на агульныя работы з кайлом, рыдлёўкай і тачкай:
усе абмежаваньні па інваліднасьці і па ўзросьце былі зьнятыя
«Інжынэр Новікаў быў цяжкі гіпэртонік з заўсёды высокім ціскам каля двухсот сарака ў верхняй лічбе апарата Рыва-Роччы.
Гіпэртонік нетранзытарнага тыпу, Новікаў жыў увесь час пад небясьпекаю інсульту, апаплексічнага ўдару. Усе гэта ведалі і ў Менску, і ў Магадане. На Калыму забаранялася вазіць такіх хворых — дзеля гэтага і існаваў мэдагляд. Але з тысяча дзевяцьсот трыццаць сёмага году ўсімі мэдычнымі ўстановамі турмаў, перасылак і лягераў — а для этапу Ўладзівасток-Магадан гэты загад двойчы пацьвярджалі для зьняволеных спэцлягераў, для КРТД [контрарэвалюцыйная трацкісцкая дзейнасьць — В. Ж.] і ўвогуле для кантынгенту, якому прызначалася жыць, а галоўнае — паміраць на Калыме, — усе абмежаваньні па інваліднасьці і па ўзросьце былі зьнятыя».
Згадваецца ў апавяданьні і юрыст Блумштэйн, таксама мянчук, зь якім інжынэр Новікаў разам прайшоў і беларускую турму, і лягер Калымы.
У апавяданьнях «Пратэзы», «Ля стрэмені», «Справа Стукава» згадваецца сьледчы, чэкіст зь беларускім прозьвішчам Песьнякевіч, маці якога да рэвалюцыі ўтрымлівала ў Менску бардэль. Не зьдзіўлюся, калі найбольш цікаўныя краязнаўцы адшукаюць яго былое месцазнаходжаньне, калі гэта, вядома ж, не прыдумка пісьменьніка.
Варлам Шаламаў меў творчыя кантакты з Хаімам Мальцінскім
Цікава, што Варлам Шаламаў меў творчыя кантакты зь менскім габрэйскім паэтам Хаімам Мальцінскім. Іх знаёмства адбылося ў 1968 годзе ў маскоўскім выдавецтве «Советский писатель», зь якім Шаламаў час ад часу супрацоўнічаў як перакладчык. Яшчэ ня бачыўшы твораў Мальцінскага, але ведаючы пра яго лёс («…габрэй, ды яшчэ інвалід з ваенным пратэзам, ды яшчэ лягернік, ды яшчэ паэт, які піша вершы»), Шаламаў вырашыў: «калі хоць радок будзе ў гэтых вершах пра ўдзячнасьць за лёс і навуку, хоць бы ў самай завэлюмаванай форме, я новых вершаў не вазьму, адмоўлюся». Але ў Мальцінскім ён не расчараваўся:
«Прывозяць вершы. Я праглядаю тое, што мне дасталося (мы перакладаем напалам з Озеравым) і нічога „кампрамэтуючага“ не знаходжу. І бяру. Потым прагледзеў дома. Гэта — паэт, з божай ласкі паэт-самавук, разьбіты жыцьцём у лягеры і вайной. Расколіна па сэрцы, трывога, але ні радка, ні гуку, што было б подлым, няшчырым. Вось такі герой. Увесь тон абвінавачаньня прыхаванага, адкрытасьць, крыўда. Я абяцаў яму і Рэгістану [паэту Гарольду Рэгістану, загадчыку аддзела паэзіі народаў СССР — В. Ж.] зрабіць усё, што ў маіх літаратурных сілах, каб гэтыя вершы ня страцілі тых якасьцяў, якія ўсялякі верш заўсёды губляе пры ўсялякім, нават геніяльным перакладзе. Сёньня ён быў у мяне — Мальцінскі Хаім Ізраілевіч. Яго маці, жонку і дзяцей немцы забілі. […] Я пахваліў вершы, сказаў, што для мяне самае галоўнае, каб Вы нічога не забылі. Ні Гітлера, ні Сталіна. Але і па вершах бачыў, што аўтар не забудзе, не зьбіраецца забываць. Няма вершаў „прахадных“ ці фальшывых, а шчасьце — габрэйскае шчасьце, жарты — габрэйскія жарты», — дзяліўся ўражаньнямі Варлам Шаламаў у лісьце да свайго сябра Якава Гродзенскага.
Шаламаў пераклаў каля ста твораў паэта
У выніку В. Шаламаў пераклаў каля ста твораў вядомага габрэйскага паэта. У кнігу Х. Мальцінскага «Бьется сердце родника» (Москва, 1969) увайшло 56 вершаў у перакладзе В. Шаламава. Напрыклад, вось гэты:
- * *
Хожу я по опушкам,
Наверное, века.
Всегда наша кукушка
Поет издалека.
Кукушкина потеха,
Известно ветерку,
Что тут — вся прелесть в эхо,
А не в самом «ку-ку».
Менавіта як аўтара вершаў напачатку — безумоўна, яшчэ пры жыцьці — ведалі ў Беларусі і самога Варлама Шаламава. Некаторыя беларусы рэпрэсаванага пакаленьня цікавіліся яго творчасьцю, сачылі за яго кнігамі і публікацыямі. Сярод іх — паэт і празаік Мікола Хведаровіч, у архіўным фондзе якога захаваліся газэтныя выразкі з артыкуламі пра творчасьць розных аўтараў, у тым ліку рэцэнзія Алега Міхайлава «По самой сути бытия» на паэтычную кнігу В. Шаламава «Дорога и судьба». Гэта 1967 год — час першых замежных публікацый «Калымскіх апавяданьняў», якія прынесьлі пісьменьніку сусьветную вядомасьць.
у 1990-х творы Варлама Шаламава былі ў школьнай праграме
Цікаўнасьць беларускага чытача да творчасьці В. Шаламава заўважна ўзрасла ў пачатку 1990-х гг. — пасьля публікацыі яго апавяданьняў. Творы сталі больш даступнымі, асабліва кнігі «Воскрешение лиственницы» і «Левый берег», якія выйшлі ў маскоўскіх выдавецтвах у 1989 годзе вялікім накладам. У прыватнасьці, гэтымі выданьнямі карыстаўся пісьменьнік і актор Пятро Ламан, працуючы над перакладамі твораў Варлама Шаламава на беларускую мову. Апавяданьні «Як гэта пачалося», «Ягады», «Май» выйшлі ў літаратурным зборніку «Братэрства», які быў падрыхтаваны да друку яшчэ ў БССР у 1990-м, а ўбачыў сьвет ужо ў 1992-м у незалежнай Беларусі. У альманаху, акрамя В. Шаламава, надрукаваны творы іншых загубленых савецкім рэжымам аўтараў, спадчына якіх тады вярталася ў літаратуру: Восіпа Мандэльштама, Уладзімера Зазубрына, Васіля Стуса. У 1990-х творы Варлама Шаламава былі ў школьнай праграме ў сьпісе літаратуры для пазакляснага чытаньня, але, як цяпер памятаецца, для школьнікаў кнігі пісьменьніка аказваліся цяжкадаступнымі.
Параўноўваючы творчасьць Варлама Шаламава і набыткі беларускай лягернай прозы, ёсьць над чым задумацца. Кідаецца ў вочы пэўная адрознасьць літаратурнай традыцыі. У Шаламава проза навэлістычная, чэхаўская, тут пераважае малая форма — сьціслая, ёмістая, з самадастатковай замкнёнай структурай. Гэта простыя, аб’ектывізаваныя «страшныя карцінкі», якія паказваюць чалавека ў памежным стане, на грані фізычнага і маральнага выжываньня. У пераважнай жа большасьці беларускіх аўтараў — цяга да дакумэнтальнага эпасу, нон-фікшну, імкненьне паступова, ва ўсіх падрабязнасьцях і з часам філязофскімі, а часам гнеўна-асуджальнымі публіцыстычнымі адступленьнямі расказаць пра пройдзены жыцьцёвы шлях.
ахвярамі рэпрэсій сталі больш за 80% беларускіх літаратараў
Чым жа абумоўлена такая адрознасьць? Агульнымі асаблівасьцямі разьвіцьця беларускай і расейскай літаратуры? Або ўсё ж тым, што пісьменьнікі, якія маглі б разьвіваць навэлістычны жанр у нашай літаратуры, былі папросту фізычна зьнішчаныя — расстраляныя або памерлыя ад хваробаў, набытых у лягеры? У 1954 годзе, калі Варлам Шаламаў пачаў пісаць «Калымскія апавяданьні», у нас ужо не было ні Максіма Гарэцкага, ні Міхася Зарэцкага, ні Лукаша Калюгі, ні Кузьмы Чорнага… Ахвярамі рэпрэсій сталі, паводле падлікаў дасьледчыкаў, больш за 80% беларускіх літаратараў (а яшчэ частка, дадамо, загінула на Другой сусьветнай вайне), а такога вынішчэньня любая — нават самая багатая на традыцыі, стылі, жанры і формы — літаратура не вытрывае без сур’ёзных наступстваў. І ня толькі літаратура, а культура і нацыя ўвогуле.
Але да канца зьнішчыць беларускую культуру не атрымалася. Што ж, не было ў нас свайго Шаламава — дакладней, такога прадстаўніка лягернай прозы, якога называлі б «самым вялікім пісьменьнікам ХХ стагодзьдзя» (паводле Сьвятланы Алексіевіч). Але мы маем такія творы, як «У капцюрох ГПУ» Францішка Аляхновіча, «Унжлаг» Платона Крэня, «Успаміны з жыцьця пад савецкай уладай і з пабудовы Беламорскага каналу» Пятра Палягошкі, «На крыжовай дарозе» Аўгена Калубовіча, «Споведзь» Ларысы Геніюш, «Рысы майго пакаленьня» Вячаслава Шыдлоўскага, «Такія сінія сьнягі», «Зона маўчаньня» і «З воўчым білетам» Сяргея Грахоўскага, «Празь церні й завалы» Пятра Бітэля, «Мая Галгофа» Ядвігі Бяганскай, «За калючым дротам» Паўла Пруднікава, «Горкая далячынь» Яна Скрыгана, «Цар-зэк Сямён Івашкін» Васіля Хомчанкі, «Штрыхі з успамінаў» Васіля Супруна… Гэта сьведчаньні людзей, якія цудам вярнуліся са сталінскага пекла, дзе большасьць ня выжыла. Творы, якія пісаліся, думаецца, перадусім для нашчадкаў. І сёньня, калі раз-пораз чуюцца рэплікі ў апраўданьне Сталіна і дзе-нідзе на вуліцы можа нават мільгануць яго партрэт, такія кнігі і публікацыі выглядаюць добрым супрацьядзьдзем.