Грамадзкі актывіст Ігар Случак, вядомы змаганьнем за пашырэньне ўжываньня беларускай мовы, атрымаў адказ ад кіраўніцы футбольнага клюбу Граніт М.Быстрай наконт прапановаў беларусізацыі спартовага жыцьця. Адказ дасланы на афіцыйным блянку клюбу, і ў ім чыноўніца карыстаецца наступнай лексыкай (артаграфія захаваная):
«Вы займаецеся нікому не патрэбнай справай», «не трэба здавацца разумнейшым, чым вы ёсць на самай справе», «да разумнага чалавека вам яшчэ вельмi далёка», «у вашых лістах адлюстраванне чалавека, якi мае ўзровень — дзіцячы сад ясельная група».
Ігар Случак у Фэйсбуку апублікаваў скан гэтага ліста, нагадаўшы, што ў той жа час адзін з лідэраў футбольнага чэмпіянату і «самы беларускамоўны клюб ў Вышэйшай лізе» — гарадзенскі «Нёман» — выказаў яму падзяку «за значны ўнёсак у кірунку павышэння статусу беларускай мовы, а таксама за пашырэньне яе выкарыстаньня ня толькі ў футболе, але і ў штодзённым жыцьці кожнага беларуса».