Фота памятаю з маленства. Прыгожа зробленае ў атэлье. Высокі танклявы салдат зь вялікімі вачыма і маленькімі моцна сьцятымі вуснамі. Гэта матчын брат, які памёр у пяцьдзясят трэцім годзе. На адваротным баку напісана: 9 мая 1945, Бэрлін.
Ён быў кіроўца, увосень калёнаю павезьлі трафэі на ўсход. Спыніліся нанач у нямецкім мястэчку. Празь некалькі дзён непрытомнага, амаль нежывога, майго дзядзьку знайшоў мясцовы жыхар у паўразбураным склепе. Куля прайшла праз вочы, трохі закрануўшы скроні. Апошні ўспамін — рука цягнецца да клямкі дзьвярэй.
Як той казаў, стрэліў нямецкі партызан. Але аднойчы мама закончыла так: «А можа свае, бо быў Коля характарам вельмі неспакойны».
Ала Жак
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org