Нацыянальны банк Украіны заявіў аб зьнешняй хакерскай атацы невядомым вірусам на некалькі ўкраінскіх банкаў, а таксама на некаторыя прадпрыемствы камэрцыйнага і дзяржаўнага сэктараў, якая пачалася сёньня, 27 чэрвеня.
«У выніку такіх кібэратакаў гэтыя банкі адчуваюць складанасьці з абслугоўваньнем кліентаў і ажыцьцяўленьнем банкаўскіх апэрацый. Цяпер у фінансавым сэктары ўзмоцнены меры бясьпекі і процідзеяньня хакерскім атакам ўсіх удзельнікаў фінансавага рынку. Нацыянальны банк упэўнены, што абарона банкаўскай інфраструктуры ад махлярства ў кібэрпрасторы арганізавана належным чынам, а спробы кібэратакі на інфармацыйныя сыстэмы банкаў будуць нэўтралізаваныя», — гаворыцца ў паведамленьні на сайце ўстановы.
«Украінская праўда» паведамляе, што на Чарнобыльскай АЭС адключылі кампутары. Як сказаў выданьню начальнік зьмены ЧАЭС Уладзімір Ільчук, некаторыя кампутары былі заражаныя вірусам. Ільчук сьцьвярджае, што ніякай радыяцыйнай пагрозы з прычыны атакі няма.
Міністэрства ўнутраных справаў напісала ў Твітэры, што «сайт не працуе з-за кібэратакі», пасьля гэты твіт выдалілі і ўдакладнілі: сайт «не працуе з-за прэвэнтыўнай меры, каб пазьбегнуць паражэньня сыстэмы кібэратакай». Свабода пасьпела зрабіць скрыншот выдаленага паведамленьня.
Пра атаку на свае інфармацыйныя сыстэмы паведаміла таксама «Новая пошта».
«Праз масавую атаку віруса Petya. A на нашы інфармацыйныя сыстэмы аддзяленьні і кантакт-цэнтры „Новац пошты“ часова ня могуць абслугоўваць кліентаў», — напісалі прадстаўнікі прадпрыемства ў Фэйсбуку.
Раней «Інтэрфакс-Украіна» паведаміў аб хакерскіх атаках на «Кіеўэнэрга» і «Укрэнэрга», а выданьне «Обозреватель» — аб нападах на «Запарожжаоблэнэргэ» і «Дняпроэнэрга».
Акрамя таго, як паведаміў «24 канал», на кіеўскую і львоўскую рэдакцыі мэдыяхолдынгу ТРК «Люкс», у склад якога ўваходзіць гэты канал, нацыянальная сетка радыёстанцый «Радыё Люкс» і «Радыё Максымум», а таксама шэраг інтэрнэт-сайтаў зроблена вірусную атаку.
Таксама віцэ-прэм’ер Павел Розенка паведаміў аб кібэратацы на кампутары ўкраінскага ўраду.
«Та-дам! Калі што, то ў нас таксама сетка „легла“, па ходзе! Такую карцінку паказваюць ўсе кампутары КМУ)))», — напісаў Разенка ў Фэйсбуку.