Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не хакеем адным: тры легендарныя спартовыя арэны Беларусі


Стадыён «Дынама», 1958 год
Стадыён «Дынама», 1958 год

З 1994 году па ўсёй Беларусі паўсталі дзясяткі лядовых палацаў. Але найбольшых посьпехаў айчынныя спартоўцы дасягнулі якраз не на лядовых пляцоўках. Люцыян Яноўскі ўзгадвае тры знакавыя месцы для беларускага спорту і яго прыхільнікаў.

1. Стадыён «Дынама»

Спартовае таварыства пад назвай «Дынама» ў Менску зьявілася ў 1925 годзе, яшчэ праз два гады аднайменная футбольная каманда са сталіцы БССР правяла свае першыя матчы. Дамашнія гульні менчукі ладзілі ў цесным «Харчавіку» ў парку Горкага і на Ўсебеларускім стадыёне непадалёк ад цяперашняй станцыі мэтро «Акадэмія навук». Лякацыю для новай арэны выбралі неадназначную — на месцы старых габрэйскіх могілак. Першы матч навабуд прыняў у 1934-м. Аднак падчас нямецкіх бамбардзіровак стадыён згарэў.

Адбудоўваць яго пачалі адразу пасьля вайны, а скончылі толькі ў 1954-м. Часткова зьмянілася і яго месцазнаходжаньне: для большай эканоміі ў якасьці адной з трыбун выступіў натуральны ўхіл у пойме Сьвіслачы. Дарэчы, менавіта з пасьляваеннай адбудовай зьвязана адна з галоўных легендаў «Дынама»: маўляў, тагачасны кіраўнік МДБ БССР Лаўрэнцій Цанава падчас узьвядзеньня будынку міністэрства загадаў спраектаваць на яго левым крыле вежу, каб зь яе назіраць за футбольнымі матчамі. Але гэтая вэрсія крытыкі не вытрымлівае. Грузінскі чэкіст сапраўды быў вялікім аматарам футболу, але сачыць за гульнёй на адлегласьці ў 500 мэтраў немагчыма фізычна.

Наступным разам «Дынама» рэканструявалі напярэдадні Алімпіяды-1980 — тут мусілі прайсьці гульні групавой стадыі футбольнага турніру. Менавіта з гэтымі гадамі і зьвязаныя найвялікшыя дасягненьні ў гісторыі арэны. Найперш трэба адзначыць гульню футбольнага «Дынама», якое пад кіраўніцтвам легенды клюбу Эдуарда Малафеева ў 1980-я выйшла на вядучыя ролі ў чэмпіянаце СССР. Апагеем посьпехаў стала «золата» вышэйшага дывізіёну, заваяванае ў 1982 годзе.

За часы перабудовы стадыён стаў месцам і для беларускай палітыкі — у 1989 годзе тут прайшоў 40-тысячны мітынг прыхільнікаў Беларускага Народнага Фронту.

Мітынг у часе выбарчай кампаніі ў Вярхоўны Савет XII скліканьня, стадыён «Дынама», люты 1990
Мітынг у часе выбарчай кампаніі ў Вярхоўны Савет XII скліканьня, стадыён «Дынама», люты 1990

У 1990-я «Дынама» быў дамашнім стадыёнам для новастворанай нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе. На жаль, за ўсе гады свайго існаваньня каманда так і не прабілася ў асноўныя стадыі чэмпіянатаў Сьвету ці Эўропы, аднак знакавыя і сэнсацыйныя перамогі газон «Дынама» ўсё ж зафіксаваў. Гэта, напрыклад, разгром зборнай Польшчы зь лікам 4:1, нулявая нічыя з будучымі віцэ-чэмпіёнамі Эўропы італьянцамі, перамога 2:1 над Нідэрляндамі ў адборы на Эўра-2008. Але найбольш з гэтага шэрагу вылучаецца «вікторыя» беларусаў у гульні з усё тымі ж галяндцамі ў 1995-м. Гол Сяргея Герасімца дазволіў зборнай выйсьці пераможцам у сустрэчы з найбольш таленавітым пакаленьнем эўрапейскіх футбалістаў сярэдзіны дзевяностых. А чаго варты беларускамоўны камэнтар Уладзімера Навіцкага і бел-чырвона-белыя сьцягі на трыбунах «Дынама»?

Завяршальнай главой у гісторыі стадыёна сталі 2000-я. Напрыканцы дзясяцігодзьдзя ў эўракубкі стаў стабільна трапляць барысаўскі БАТЭ. Матчы Лігі Чэмпіёнаў і Лігі Эўропы праходзілі ў сталіцы. Так у Менск прыехалі легендарныя «Ювэнтус», «Рэал», «Мілан» і «Барсэлёна». А сапраўдным трыюмфам барысаўчан стала перамога над будучым уладальнікам Лігі Чэмпіёнаў — мюнхэнскай «Баварыяй» — у 2012 годзе. 3:1 — гэта было адзінае паражэньне немцаў у тым турніры.

У 2012-м «Дынама» закрылі на рэканструкцыю. Цяпер яна ў разгары. Ужо ў 2019-м на абноўленым «Дынама» павінны прайсьці цырымоніі адкрыцьця і закрыцьця Эўрапейскіх гульняў.

2. Палац спорту

Адразу пасьля вайны прыблізна на месцы цяперашняга Вострава Сьлёзаў узьвялі стадыён таварыства «Працоўныя рэзэрвы». Гэты абʼект праіснаваў да канца 80-х, калі рэчышча Сьвіслачы значна пашырылі, у тым ліку і за кошт састарэлай арэны.

Панарама Менску з Палацам спорту і яшчэ ня зьнесеным стадыёнам «Працоўныя рэзэрвы»
Панарама Менску з Палацам спорту і яшчэ ня зьнесеным стадыёнам «Працоўныя рэзэрвы»

У 1956 годзе ў самым пачатку тады яшчэ Паркавай магістралі, на месцы колішняга старажытнага Замчышча зьявіўся Дом фізкультурніка — з басэйнам і іншымі памяшканьнямі спартовага прызначэньня.

А галоўным абʼектам гэтага раёна меркавалася зрабіць Палац спорту, узьвядзеньне якога пачалося ў 1963 годзе. Менску быў тэрмінова патрэбны будынак менавіта для зальных відаў спорту, але архітэктары «Белдзяржпраекта» пайшлі далей: яны прапанавалі разьмясьціць гледачоў вакол арэны асымэтрычна. Гэта дазваляла лёгка трансфармаваць памяшканьне ў канцэртную залю ці пляцоўку для шматлікіх партыйных сходаў. Менавіта гэтая асаблівасьць абумовіла зьнешні выгляд будынку, хоць па адной зь легендаў гэта выклікана тым, што архітэктары натхняліся абрысамі кузаваў БелАЗаў.

У ліку першых спаборніцтваў, якія прыняў палац, можна вылучыць чэмпіянат Эўропы па барацьбе 1967 году. Каманда СССР узяла другое месца ў мэдальным заліку, але беларусы ў яе складзе не адзначыліся пʼедэсталамі. Толькі Генадзь Сапуноў, які ўзяў «золата» у катэгорыі да 70 кіляграмаў, мае сувязь з Беларусьсю, але ўжо як трэнэр часоў незалежнасьці. А ў 1975-м найлепшыя барцы сабраліся ў сталіцы БССР на чэмпіянаце сьвету. Савецкія спартсмэны трыюмфавалі ў 8 з 10 катэгорый грэка-рымскай барацьбы, а пераможцам сярод удзельнікаў вагой да 48 кіляграмаў стаў беларус Уладзімер Зубкоў. Пазьней ён таксама трэніраваў нацыянальную зборную краіны.

Палац спорту сёньня
Палац спорту сёньня

Славутая беларуска Вольга Корбут заявіла пра сябе на ўвесь сьвет у 1972 годзе на Алімпіядзе ў Мюнхэне. А годам раней 16-гадовая гімнастка сачыла за выступленьнямі сваіх старэйшых калег як запасная — чэмпіянат Эўропы па спартовай гімнастыцы праводзіўся якраз у Палацы спорту. Пра «дзяўчынку з коскамі» сёньня ведаюць мільёны людзей па ўсім сьвеце, а вось імя яе зямлячкі Тамары Лазаковіч знаёмае пераважна зацятым аматарам гэтага віду спорту. У Менску беларуска выступіла выдатна — разам зь Людмілай Турышчавай яны сабралі абсалютна ўсе самыя каштоўныя мэдалі, якія разыгрываліся на тых спаборніцтвах. Кожная заваявала па тры залатыя і дзьве срэбныя ўзнагароды. Праўда, далей карʼера Тамары пайшла пад адхон: пасьля цяжкай траўмы калена яна пакінула вялікі спорт і памерла ў веку 38 гадоў...

Палац спорту памятае першыя крокі ў прафэсійным спорце такіх сусьветна вядомых хакейных гульцоў, як Алег Знарок (найлепшы бамбардзір чэмпіянату Эўропы 1981 году, цяпер — галоўны трэнэр зборнай Расеі і клюбу СКА), Яўген Малкін, Аляксандр Радулаў (абодва — пераможцы чэмпіянату сьвету 2004 году), Філ Кесэл, Давід Крэйчы і многіх іншых. Яшчэ варта згадаць чэмпіянат Эўропы па цяжкай атлетыцы, які прайшоў на арэне ў 2010 годзе. Зборная Беларусі тады заняла чацьвёртае месца ў агульнакамандным мэдальным заліку з шасьцю залатымі, адной срэбнай і сямю бронзавымі ўзнагародамі (улічваліся і посьпехі ў асобных практыкаваньнях). На пʼедэстал жа ўзыходзілі Анастасія Новікава («золата» ў катэгорыі да 58 кг), Валянціна Ляхавец («бронза» ў катэгорыі да 53 кг), Вольга Княжышча («бронза» ў катэгорыі вышэй за 75 кг), Віталь Дзербянёў («золата» ў катэгорыі да 56 кг), Генадзь Махвейня («бронза» ў катэгорыі да 62 кг) і Мікалай Новікаў («бронза» ў катэгорыі да 85 кг.

3. Спартовы комплекс «Раўбічы»

У 1971 годзе ў Фінляндыі прынялі рашэньне правесьці чэмпіянат сьвету па біятлёне ў СССР. Дагэтуль Савецкі Саюз ніколі не прымаў сусьветных форумаў па гэтым відзе спорту, і вялікага досьведу ў аргкамітэту не было. Уласна, не было і падыходзячай арэны — галоўныя лыжныя стадыёны разьмяшчаліся за Ўралам. Таму вырашылі будаваць новы абʼект. Шукалі месца зь мяккім зімовым кліматам (тэмпэратура для правядзеньня спаборніцтваў не павінна апускацца ніжэй за 20 градусаў марозу), разнастайным рэльефам і блізкасьцю да аэрапорту. Ідэю правядзеньня чэмпіянату ў БССР лабіраваў асабіста Машэраў, і менавіта беларускі варыянт падаўся арганізатарам самым рацыянальным.

Фота Anna Link / ©Shutterstock
Фота Anna Link / ©Shutterstock

Узводзілі абʼект па традыцыі аўральна: з удзелам будатрадаў, вайскоўцаў і студэнтаў. У 1973-м комплекс яшчэ ня быў гатовы, хаця тут праводзіўся адбор у зборную СССР. Па легендзе, нават сьцяг дзяржавы падымалі на будаўнічым кране... Гатэлю, гатовых шляхоў падʼезду не было. Тым ня менш, да пачатку турніру пасьпелі. Больш за тое, траса атрымалася вельмі якаснай — яе адразу ж высока ацанілі і савецкія, і замежныя біятляністы, а «Раўбічы» атрымалі найвышэйшую катэгорыю, якая дазваляе праводзіць спаборніцтвы любога ўзроўню.

Раўбічы ў лютым. Фота ©Shutterstock
Раўбічы ў лютым. Фота ©Shutterstock

Але ўжо першы вялікі турнір выявіў праблему, ад якой комплекс будзе пакутаваць усю сваю гісторыю. Якраз напярэдадні стартаў пачалася адліга, і сьнег з трасы стаў зьнікаць. Падключылі вайскоўцаў — тыя ўручную зграбалі белае покрыва з навакольных тэрыторый і сыпалі на трасу. Кажуць, лес, што знаходзіцца побач, выскраблі ці не начыста. Пашанцавала — ударылі замаразкі, і сьнег захаваўся. А вось сам турнір для савецкай зборнай удалым назваць нельга. Усяго праводзілася тры гонкі: індывідуальная на 20 кілямэтраў, спрынт на 10 кілямэтраў і эстафэта. Зборная СССР трыюмфавала толькі ў апошнім. У складзе каманды быў і мянчук Юрый Калмакоў, таму на першым жа чэмпіянаце дамашняе «золата» ў нас ёсьць.

Замежнікам і, галоўнае, чыноўнікам тады яшчэ Міжнароднага саюзу сучаснага пяціборʼя (тады менавіта гэтая арганізацыя курыравала сусьветны біятлён) у «Раўбічах» спадабалася. Ужо праз два гады ў Беларусь прыехаў чэмпіянат сьвету сярод юніёраў. На ім вылучыўся беларус Мікалай Правалоцкі, які сэнсацыйна перамог у «індывідуалцы» на 15 кілямэтраў.

У 1982 годзе ў «Раўбічах» прайшоў практычна ідэальны чэмпіянат сьвету — за яго правядзеньне арганізатараў нават уганаравалі спэцыяльным знакам Міжнароднага саюза. У эстафэце першыя два месцы прадказальна занялі немцы і нарвэжцы, а зборная СССР атрымала толькі «бронзу». У складзе каманды выступаў, пэўна, найлепшы беларускі біятланіст 80-х — Уладзімер Сямёнаў. Ён быў самым хуткім сярод калег па камандзе ў індывідуальнай гонцы — прыйшоў сёмым. Дарэчы, адразу пасьля гэтага чэмпіянату ўраджэнец Пярмі скончыў спартовую карʼеру. Быў трэнэрам — сярод яго выхаванцаў можна назваць, напрыклад, аднаго зь лідэраў ужо зборнай Беларусі Алега Рыжанкова.

Свой трэці і апошні чэмпіянат сьвету «Раўбічы» прынялі ў 1990-м, і гэты форум абярнуўся правалам. Ізноў прычынай стала адліга — на гэты раз сьнегу практычна не было. Рэшткі покрыва шукалі па ўсёй рэспубліцы і тэрмінова везьлі на трасу. Індывідуальную гонку правялі, але на наступны дзень тэмпэратура паднялася да +8, і на месцы сьнегу застаўся толькі бруд. Таму мужчынскую эстафэту перанесьлі ў фінскі Контыялахці, а ўсе астатнія гонкі дадалі да праграмы этапу Кубку сьвету ў Голмэнколэне. Пры гэтым менавіта частка, што прайшла ў «Раўбічах», стала для зборнай СССР пасьпяховай: мужчыны ў «індывідуалцы» акупавалі абсалютна ўвесь пʼедэстал, а ў жанчын толькі немка Пэтра Шааф змагла ўзяць «бронзу». Савецкія біятляністкі трыюмфавалі таксама ў эстафэце і каманднай гонцы ў Голмэнколэне, удзел у апошняй брала і славутая Сьвятлана Парамыгіна.

Кубак сьвету па фрыстайле ў Раўбічах, 2016 год
Кубак сьвету па фрыстайле ў Раўбічах, 2016 год

Пасьля гэтага «Раўбічы» вялікіх форумаў не прымалі — арганізатары не жадаюць рызыкаваць, ведаючы пра зьменлівае беларускае надворʼе. Комплексу давяралі менш адказныя і, адпаведна, менш цікавыя для гледачоў турніры, напрыклад, чэмпіянаты Эўропы ці спаборніцтвы юніёраў. У адсутнасьць страляючых лыжнікаў у «Раўбічах» нярэдка праводзяцца значныя турніры фрыстайлістаў. Апроч гэтага, ужо традыцыйнай стала «Гонка легенд», якую арганізоўвае Дарʼя Домрачава. А нядаўняя маштабная рэканструкцыя можа ўрэшце пераканаць спартыўных чыноўнікаў вярнуць вялікі біятлён у Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG