Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Шарамета: сьледзтва пакуль ня выявіла асоб, падазраваных у забойстве


Месца выбуху ў Кіеве, у выніку якога 20 ліпеня 2016 загінуў Павел Шарамет
Месца выбуху ў Кіеве, у выніку якога 20 ліпеня 2016 загінуў Павел Шарамет

Камітэт Вярхоўнай рады Ўкраіны ў пытаньнях свабоды слова ды інфармацыйнай палітыкі на паседжаньні 21 чэрвеня заслухае справаздачу пра расьсьледаваньне забойства журналіста Паўла Шарамета.

Плянуецца, што справаздачу прадставіць першы намесьнік старшыні парлямэнцкага камітэту Вольга Чарвакова.

Тым часам сьпікер Міністэрства ўнутраных спраў Украіны Арцём Шаўчэнка ў эфіры аднаго з украінскіх тэлеканалаў паведаміў, што сьледзтва пакуль не ідэнтыфікавала асоб падазраваных.

«На жаль, гэтае крымінальнае злачынства было ўчынена даволі кваліфікавана, таму сьледзтва пакуль не знайшло тую асобу, якая абгрунтавана можа падазравацца ў датычнасьці да гэтага забойства», — сказаў Арцём Шаўчэнка.

Паводле яго, сьледчыя працуюць вельмі напружана ды настойліва. «Але злачынства пакуль не раскрытае. Пакуль мы ня можам сказань, што ёсьць асоба, якой можна выставіць абвінавачаньне», — дадаў сьпікер МУС Украіны.

6 чэрвеня прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заклікаў праваахоўныя органы прадставіць публічную справаздачу пра расьсьледаваньне забойства журналіста Паўла Шарамета.

«Мне таксама баліць, як і большасьці з вас. Я гэтак жа з вамі і патрабую публічнай справаздачы праваахоўных органаў аб расьсьледаваньні забойства Паўла. Падкрэсьліваю, што мы павінны ўсё зрабіць для таго, каб у гэтай справе, як і ў іншых справах прыгнёту журналістаў, нападаў і, ня дай Бог, забойстваў, абавязкова выканаўцы і заказчыкі былі пакараныя адпаведным чынам», — заявіў Пятро Парашэнка падчас сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ з нагоды прафэсійнага журналісцкага сьвята, што адзначаецца ва Ўкраіне 6 чэрвеня.

Сёлета ў траўні журналісты праекту «Слідство.Інфо» разам з прадстаўнікамі міжнароднай сеткі OCCRP прэзэнтавалі ў Кіеве дакумэнтальны фільм «Забойства Паўла». Аўтары расьсьледаваньня заявілі, што ім удалося выкрыць дэталі, на якія афіцыйнае сьледзтва не зьвярнула ўвагі. У прыватнасьці, журналісты назвалі імя былога супрацоўніка СБУ Ігара Ўсьціменкі, які мог быць датычным да забойства Паўла Шарамета.

15 траўня сьледчыя Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны дапыталі Ігара Ўсьціменку ў гэтай справе, але журналістам дагэтуль не паведамілі падрабязнасьці ягоных сьведчаньняў. У той самы дзень старшыня Службы бясьпекі Ўкраіны Васіль Грыцак заявіў, што Ігар Усьціменка пасьля звальненьня са Службы бясьпекі ў красавіку 2014 году не працаваў у інтарэсах гэтай спэцслужбы і не выконваў ніякіх яе заданьняў.

На другі дзень, 16 траўня ў эфіры аднаго з украінскіх тэлеканалаў намесьнік міністра ўнутраных справаў Украіны Вадзім Траян заявіў, што да забойства Паўла Шарамета могуць быць датычныя як спэцыяльныя службы Расеі, гэтак і іншых краін СНД. «Ён (Павал Шарамет — РС) быў у апазыцыі і да расейскага прэзыдэнта, і таксама да беларускага прэзыдэнта», — сказаў ён і дадаў: «Могуць быць датычныя службы іншых сумежных дзяржаваў. Як мінімум, Расеі і яшчэ ключавыя іншыя краіны СНД, якія маглі выканаўцаў таксама праз свае дзяржаўныя тэрыторыі накіроўваць сюды ва Ўкраіну».

Беларускі, расейскі і ўкраінскі журналіст Павал Шарамет загінуў 20 ліпеня 2016 году ў цэнтры Кіева ў выніку выбуху аўтамабіля. Паліцыя кваліфікуе яго гібель як наўмыснае забойства, учыненае спосабам, небясьпечным для жыцьця многіх людзей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG