Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка патрабуе публічнай справаздачы пра расьсьледаваньне справы Шарамета


Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заклікаў праваахоўныя органы прадставіць публічную справаздачу пра расьсьледаваньне забойства журналіста Паўла Шарамета.

«Мне таксама баліць, як і большасьці з вас. Я гэтак жа з вамі і патрабую публічнай справаздачы праваахоўных органаў аб расьсьледаваньні забойства Паўла. Падкрэсьліваю, што мы павінны ўсё зрабіць для таго, каб у гэтай справе, як і ў іншых справах прыгнёту журналістаў, нападаў і, ня дай Бог, забойстваў, абавязкова выканаўцы і заказчыкі былі пакараныя адпаведным чынам», — заявіў Пятро Парашэнка падчас сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ з нагоды прафэсійнага журналісцкага сьвята, што адзначаецца сёньня ва Ўкраіне.

Паводле яго, забойства Паўла Шарамета ёсьць пацьвярджэньнем таго, што цяпер журналісты неабароненыя.

Пятро Парашэнка таксама паведаміў, што пасьля абнародаваньня вынікаў незалежнага журналісцкага расьсьледаваньня ў справе пра забойства Паўла Шарамета сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ і кіраўніцтвам сьледзтва. «Была вельмі важная інфармацыя, якую пакуль нельга распаўсюджваць. Але я перакананы, што шырокае кола людзей павінна ведаць падрабязнасьці, за выключэньнем тых пытаньняў, якія ёсьць таямніцай сьледзтва», — дадаў украінскі прэзыдэнт.

Журналісты праекту «Слідство.Інфо» разам з прадстаўнікамі міжнароднай сеткі OCCRP 10 траўня прэзэнтавалі ў Кіеве дакумэнтальны фільм «Забойства Паўла». Аўтары расьсьледаваньня заявілі, што ім удалося выкрыць дэталі, на якія афіцыйнае сьледзтва не зьвярнула ўвагі. У прыватнасьці, журналісты назвалі імя былога супрацоўніка СБУ Ігара Ўсьціменкі, які мог быць датычным да забойства Паўла Шарамета.

15 траўня сьледчыя Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны дапыталі Ігара Ўсьціменку ў гэтай справе, але журналістам дагэтуль не паведамілі падрабязнасьці ягоных сьведчаньняў. У той самы дзень старшыня Службы бясьпекі Ўкраіны Васіль Грыцак заявіў, што Ігар Усьціменка пасьля звальненьня са Службы бясьпекі ў красавіку 2014 году не працаваў у інтарэсах гэтай спэцслужбы і не выконваў ніякіх яе заданьняў.

На другі дзень, 16 траўня ў этэры аднаго з украінскіх тэлеканалаў намесьнік міністра ўнутраных справаў Украіны Вадзім Траян заявіў, што да забойства Паўла Шарамета могуць быць датычныя як спэцыяльныя службы Расеі, гэтак і іншых краін СНД. «Ён (Павал Шарамет — РС) быў у апазыцыі і да расейскага прэзыдэнта, і таксама да беларускага прэзыдэнта», — сказаў ён і дадаў: «Могуць быць датычныя службы іншых сумежных дзяржаваў. Як мінімум, Расеі і яшчэ ключавыя іншыя краіны СНД, якія маглі выканаўцаў таксама праз свае дзяржаўныя тэрыторыі накіроўваць сюды ва Ўкраіну».

Беларускі, расейскі і ўкраінскі журналіст Павал Шарамет загінуў 20 ліпеня 2016 году ў цэнтры Кіева ў выніку выбуху аўтамабіля. Паліцыя кваліфікуе яго гібель як наўмыснае забойства, учыненае спосабам, небясьпечным для жыцьця многіх людзей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG