Журы конкурсу маладых выканаўцаў назвала імёны тых, хто возьме ўдзел у адукацыйнай сэсіі, студыйным запісу і канцэртах ды пазмагаецца далей за галоўны прыз.
24 заявы было пададзена сёлета на конкурс «Засьпявай 4x4», які ладзяць партал TuzinFM.by і фонд «Вяртаньне» пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі!». Мэта конкурсу – спалучыць беларускую сучасную паэзію з музыкаю. Яго ўдзельнікі стварылі песьні на вершы Эдуарда Акуліна, Ніла Гілевіча, Віктара Жыбуля, Алеся Плоткі, Антона Рудака ды іншых паэтаў. Журы конкурсу вызначыла чатыры фіналісты, зь якімі будзе далей весьціся праца. Гэта дуэт Марыя Гаўрыленка і Аліна Казачэнка, гурт «Малала», K3tyvana і гурт «Тутэйшыя».
«Я вылучыў для сябе значную частку песень, якія былі пададзеныя на разгляд. Мяне парадавала рознастылёвасьць выканаўцаў, але трохі засмуцілі адносна чаканыя і простыя гукавыя рашэньні. Але акурат над гэтым мы і будзем працаваць надалей з фіналістамі. А тых, хто не патрапіў у фінал, заклікаю не складаць рукі і працягваць працаваць далей», – зазначыў сябра журы і лідар гурта «Палац» Алег Хаменка.
Сёлета конкурс «Засьпявай 4x4» праходзіць у новым фармаце – з адукацыйнай сесіяй, майстар-клясамі, працай у студыі, справаздачнымі канцэртамі. Пераможцу чакае таксама грашовая ўзнагарода (сёлета яна складае 1000 беларускіх рублёў) і запіс відэакліпу.