Бабуля ў дзяцiнстве называла мяне будзiльнiкам. Бо я прачынаўся ў патрэбны час без анiякай пабудкi. У колькi трэба, у столькi прачынаўся. Летам, калi кароў гналi у поле на ранак, у першы тыдзень, пакуль бабуля ня звыклася з гэтым распарадкам, дзядуля зь вечара заўсёды заводзiў будзiльнiк. I хоць я будзiў бабулю раней за будзiльнiк, то бабуля казала, што лепей падстрахавацца. Я тады сьмяяўся зь яе страхаў. А бабуля мне:
— Пастарэеш — зразумееш!
Цяпер, калi я стаў стары як бабуля, падстрахоўваю сябе будзiльнiкам. I хоць прачынаюся як заўжды, у патрэбны час, без будзiльнiка ўжо не адважваюся.
Марат Баскiн
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org