Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ўзяўся за адукацыю: абноўленыя навучальныя праграмы і заняткі ад 9-й


Усе навучальныя праграмы для сярэдняй школы павінны быць абноўленыя да 1 верасьня. Пра гэта Аляксандру Лукашэнку далажыў міністар адукацыі Ігар Карпенка, які сёньня наведвае адну зь менскіх школаў.

Паводле міністра, гэтая праца практычна завершаная, але з аб’ектыўных прычынаў да наступнага навучальнага году будуць гатовыя падручнікі не па ўсіх прадметах.

«Мы прааналізуем зьмест і дакладна вызначым, што са старых падручнікаў браць, а што не. У адпаведнасьці з новымі праграмамі дамо мэтадычныя рэкамэндацыі», — цытуе Ігара Карпенку агенцтва БелТА.

Лукашэнку выказаў меркаваньне, што трэба выбраць тое, што ня церпіць адтэрміноўкі, і замяніць у першую чаргу. Акрамя таго, зьвярнуў увагу на афармленьне падручнікаў: павінна быць прыгожа, фундамэнтальна, але разам з тым і практычна. «Шкадаваць грошы на падручнікі нельга», — падсумаваў ён.

Аляксандар Лукашэнка зноў загаварыў на тэму, якая выклікала неадназначную рэакцыю ў грамадзтве — перанос заняткаў на 9-ю гадзіну раніцы. Ён перакананы, што ў гэтым пытаньні галоўным павінен быць клопат пра здароўе дзяцей.

«Мы павінны вызначыцца, чаго мы ад гэтага хочам. Я казаў пра здароўе дзяцей, пра нармальнае іх самаадчуваньне на ўроку. Для таго, каб чалавек засвойваў матэрыял, ён павінен добра сябе адчуваць. Таму мне здаецца, што тут мэта — здароўе дзяцей і здольнасьць засвойваць матэрыял».

Лукашэнку была дадзена інфармацыя, згодна зь якой 82,5% установаў агульнай сярэдняй адукацыі ад 1 верасьня 2017 году ўжо гатовыя пачынаць заняткі а 9-й раніцы.

«Мы праманіторылі — сапраўды, большасьць школаў могуць пачынаць заняткі ад 9-й раніцы. Гэта перадусім сельскія школы і ўстановы адукацыі, якія працуюць у адну зьмену», — далажыў міністар адукацыі Ігар Карпенка.

Ён дадаў, што пэўныя складанасьці ўзьнікаюць у школаў, дзе навучальны працэс арганізаваны ў дзьве зьмены, але такія пытаньні можна вырашыць за кошт скарачэньня перапынкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG