Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пастухоў прапануе распачаць грамадзкую кампанію недаверу Ярмошынай


Лідзія Ярмошына галасуе на прэзыдэнцкіх выбарах 2016 году
Лідзія Ярмошына галасуе на прэзыдэнцкіх выбарах 2016 году

Экспэрты, палітыкі і прадстаўнікі грамадзтва абмеркавалі, як прымусіць беларускую ўладу пайсьці на рэформу выбарчага заканадаўства. Дыскусія «Выбары як умова пазытыўных зьменаў» прайшла ў Менску 25 траўня з ініцыятывы дэпутата Ганны Канапацкай. Удзел у дыскусіі ўзялі і замежныя экспэрты.

Ярмошыну — у адстаўку. Але чаму толькі яе?

Распачаць грамадзкую кампанію недаверу да старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай, якую ў грамадзтве падазраюць у стварэньні сыстэмы татальнай фальсыфікацыі выбараў. Прапанаваць міжнародным структурам абумовіць атрыманьне новага крэдыту ад МВФ рэформай выбарчага закону. Дамагчыся, каб з праекту закону аб зьменах у Выбарчы кодэкс зьнялі грыф «сакрэтна» і неадкладна пачалі абмяркоўваць гэты праект у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Такія ды іншыя прапановы прагучалі падчас дыскусіі. І выклікалі супярэчлівыя ацэнкі.

Лідэр грамадзкай кампаніі «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка казаў пра ігнараваньне ўладай большасьці слушных прапаноў грамадзтва. Але пры гэтым ён ня бачыць для рэфарматараў іншай магчымасьці, як «размаўляць і тлумачыць».

Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў настроены рашуча. Ён прапануе распачаць грамадзкую кампанію недаверу да старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, бо лічыць, што яна атрымала гэтую пасаду незаконна, «кіруе Цэнтравыбаркамам ужо больш за 20 гадоў і тармозіць рэформы выбарчага закону».

На гэта з залі прагучаў аргумэнт актывісткі Валянціны Сьвяцкай, што такая кампанія будзе азначаць байкот будучых выбараў, а гэта забаронена і прадугледжвае крымінальную адказнасьць. Дый хіба ў адной асобе справа?

Паводле дэпутата Сэйма Літвы Лаўрынаса Кашунаса, у Літве адзін і той жа чалавек кіруе мясцовым цэнтравыбаркамам на 2 гады даўжэй, чым Лідзія Ярмошына, але пра фальсыфікацыі там гаворкі не ідзе. Прычым і датэрміновае галасаваньне ў Літве таксама ёсьць. Чаму ж яно ня стала сродкам маніпуляцый галасамі? Паводле літоўскага экспэрта, у суседняй краіне існуюць і актыўна дзейнічаюць грамадзкія арганізацыі, якія кантралююць выбарчы працэс. Таксама там мэдыі эфэктыўна сочаць за чысьцінёй выбараў. То бок гаворка найперш пра людзей.

«Рэформы немагчымыя бязь зьмены ўлады Лукашэнкі»

Віктар Карняенка, Аляксандар Дабравольскі і Ганна Красуліна
Віктар Карняенка, Аляксандар Дабравольскі і Ганна Красуліна

Мадэратар дыскусіі пра стандарты выбараў і беларускую рэчаіснасьць Аляксандар Дабравольскі казаў пра тупік, у якім апынуліся дэмакратычныя сілы Беларусі, спрабуючы дамагчыся зьменаў у выбарчы закон.

«Гэта замкнёнае кола. Усе прызнаюць, што рэформы немагчымыя бязь зьмены ўлады Лукашэнкі. Зьмена ўлады можа адбыцца толькі праз сумленныя свабодныя выбары. Але ўлада не дапускае такіх выбараў, для яе гэта палітычнае пытаньне. Прымусіць яе пайсьці на рэформы могуць толькі самі выбарцы. Але як да іх дагрукацца?» — пытаецца Дабравольскі.

Дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Аляксандар Чарненка і Анатоль Лябедзька
Дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Аляксандар Чарненка і Анатоль Лябедзька

Старшыня АГП, былы дэпутат Вярхоўнага Савету 12 і 13 скліканьняў Анатоль Лябедзька прапануе абмеркаваць яшчэ адзін шлях: ціск на ўлады празь міжнародныя структуры. Фінансавыя арганізацыі Захаду, прыкладам МВФ, могуць паставіць атрыманьне чарговага крэдыту для Беларусі ў залежнасьць ад правядзеньня выбарчай рэформы. «Па прынцыпе «Сёньня рэформа — заўтра крэдыт, не наадварот».

Сёлета ў Менску пройдзе паседжаньне асамблеі АБСЭ — чаму не паспрабаваць, каб і на гэтай дыскусійнай пляцоўцы міжнароднага ўзроўню таксама прагучала, што Беларусь не выконвае абяцаньняў па рэформе выбарчага закону?

Што тут «сакрэтнага»?

Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ганна Канапацкая і яе памочніца, намесьніца старшыні АГП Антаніна Кавалёва казалі пра тое, як яны дамагаюцца разгляду выбарчых навацый дэпутатамі палаты.

Яшчэ ў лютым 2016 году была створаная міжведамасная камісія па вывучэньні зьменаў у выбарчы закон пры Цэнтравыбаркаме. Лідзія Ярмошына абяцала беларусам і ўсяму сьвету, што камісія добра папрацуе і да парлямэнцкіх выбараў восеньню шмат што будзе зьменена. Але празь некалькі месяцаў спаслаліся на Вэнэцыянскую камісію, якая рэкамэндуе не мяняць выбарчае заканадаўства напярэдадні выбараў, і разглядаць нічога ня сталі, згадала Антаніна Кавалёва.

У кулюарах
У кулюарах

Мінулі верасьнёўскія выбары ў Палату прадстаўнікоў 2016 году, і зноў загучалі абяцаньні вывучыць прапановы і палепшыць выбарчы закон. Ці варта ім верыць? Спачатку Ганна Канапацкая верыла, потым паспрабавала высьветліць, ці што рэальна робіцца.

Паводле дэпутаткі, ёй адказалі, што вынікі працы міжведамаснай працоўнай групы над прапановамі ў выбарчы закон адпраўленыя ў адміністрацыю Лукашэнкі, што гэта «службовая перапіска», а значыць — «службовы сакрэт». «Калі службовы — дык каму яны служаць?» — пытаецца дэпутат.

І ўсё ж Ганна Канапацкая мяркуе, што нават пры такім раскладзе сіл у Палаце прадстаўнікоў магчыма зрабіць, каб пытаньне аб зьменах у выбарчы закон было ўнесенае ў парадак дня сэсіі ўжо ў чэрвені, і публічна яго абмеркаваць. Гэта дасьць магчымасьць патлумачыць выбарцам, хто сабатуе рэформу выбараў.

«Трэба сьмялей ісьці да простых людзей, тлумачыць ім, што іх галасы насамрэч ня лічаць, іх ужо столькі гадоў дураць», — мяркуе былы старшыня Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Мечыслаў Грыб. Паводле спадара Грыба, нават дзейны выбарчы закон дазваляе правесьці сумленныя выбары, але ўладная сыстэма праводзіць такія выбары не зьбіраецца.

«Наша праблема пакуль у адсутнасьці адзінства»

Між тым 8 палітычных партый і грамадзкіх арганізацый распрацавалі свае прапановы зьменаў у Выбарчы кодэкс, якія, на іх думку, наблізяць Беларусь да міжнародных выбарчых стандартаў. Прапанаваныя зьмены ў асноўным тычацца фармаваньня выбарчых камісій, сыстэмы падліку галасоў і датэрміновага галасаваньня.

Некаторыя з прапаноў зусім не выглядаюць рэвалюцыйнымі. Гэтак, ад датэрміновага галасаваньня аўтары дакумэнту не адмаўляюцца, але прапануюць абмежаваньні па часе і больш пільны кантроль. Дзяніс Садоўскі з БХД такія прапановы падтрымлівае, але настойвае, што дамагацца іх рэалізацыі трэба больш рашуча і настойліва.

Міхаіл Пастухоў пярэчыць: «Усё роўна падмануць. Ужо даходзіць да 30% нібыта ўдзелу ў выбарах праз датэрміновае галасаваньне, і гэтыя прыпіскі будуць расьці, бо людзі зусім перастаюць хадзіць на выбары, а чыноўнікам трэба паказаць яўку. Таму трэба дамагацца адмены датэрміновага галасаваньня цалкам», — мяркуе юрыст.

Аляксандар Чарненка
Аляксандар Чарненка

Аказваецца, такі досьвед сярод суседзяў Беларусі ёсьць. Паводле дэпутата Вярхоўнай Рады Ўкраіны Аляксандра Чарненкі, з выбарчага закону гэтай краіны выкрасьлілі датэрміновае галасаваньне, хоць некаторыя міжнародныя структуры гэтага не рэкамэндавалі, і цяпер не шкадуюць.

«Давялося гэта зрабіць, менавіта каб перакрыць магчымасьць фальсыфікацый. І цяпер мы бачым, што гэта было карысна. Толькі трэба прадумаць і ўдасканаліць сыстэму, каб людзі маглі прагаласаваць у іншым месцы, калі ня могуць галасаваць на сваім выбарчым участку, і пры гэтым не парушалі закону, каб у вас не зьявіліся нашы «цітушкі», — кажа ўкраінскі дэпутат.

«Наша праблема пакуль у адсутнасьці адзінства па пытаньнях выбарчага рэфармаваньня. Таму і важныя такія дыскусіі, якія дапамогуць зблізіць пазыцыі», — мяркуе Анатоль Лябедзька, мадэратар дыскусіі пра захады дзеля рэфармаваньня Выбарчага кодэксу Беларусі.

Эндру Эліс, экспэрт Міжнароднага інстытуту дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам
Эндру Эліс, экспэрт Міжнароднага інстытуту дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам

Паводле Эндру Эліса, экспэрта Міжнароднага інстытуту дэмакратыі і садзейнічаньня выбарам, Беларусь падпісала шэраг міжнародных пагадненьняў у галіне правоў чалавека, таму цалкам законна спасылацца на гэтыя пагадненьні, дамагаючыся таго, каб беларускі Выбарчы кодэкс адпавядаў міжнародным стандартам.

«Толькі трэба заўсёды ўлічваць — а што на гэта могуць адказаць „дрэнныя хлопцы“?» — дае параду экспэрт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG