Дачка рыфмуе. Вядома, гэта яшчэ ня вершы, але некаторыя двухрадкоўі вельмі іх нагадваюць:
Я прачнулася вельмі рана
І глядзела на барана
Напэўна ўбачыла на палічцы кніжку казак з выявай барана…
Занатоўваю нават на першы погляд нешта бессэнсоўнае:
Мы прыйшлі і паглядзелі
Усе арэлі захварэлі
Зь іншага боку, можа скрыгат арэляў падаўся ёй «праявай хваробы».
Сьмешна назіраць, як яна не супакойваецца, пакуль ня знойдзе рыфму да нейчага імя: бабуля-Натуля, Жэня-пяльменя, мама-Віка-клубніц(к)а-суніц(к)а. У жонкі вось такое «ягаднае імя».
Некаторыя рыфмы складае пакуль па-руску, але паступова вучыцца роднай мове.
«Спатыкнулася» на дзядулі Ігару. Нават расплакалася, але нашы падказкі не прыняла.
Толькі свая рыфма!
Яўген Мартыновіч
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org