Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расея прадузята ставіцца да беларускай малочнай прадукцыі», — міністар Заяц


Кіраўнік Мінсельгасхарчу Леанід Заяц
Кіраўнік Мінсельгасхарчу Леанід Заяц

Кіраўнікі аграрных ведамстваў Расеі і Беларусі — Аляксандар Ткачоў і Леанід Заяц — правядуць сёньня ў Маскве рабочую сустрэчу. Як паведамляе беларускае Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня, перадусім будуць абмяркоўвацца пытаньні аднаўленьня паставак сельгаспрадукцыі на расейскі рынак.

Апошнім часам асаблівую вастрыню ва ўзаемным гандлі набыла праблема паставак малака і малочнай прадукцыі зь Беларусі. «Рассельгаснагляд» заявіў, што выявіў антыбіётыкі і кансэрванты ў асартымэнце шэрагу беларускіх прадпрыемстваў, некаторыя зь іх маюць пабочны эфэкт і ўяўляюць пагрозу для здароўя чалавека.

Напрыклад, афляксацын і фторхінолы супрацьпаказаныя дзецям да 18 гадоў, а ў старых людзей павялічваецца рызыка разрыву сухажыльляў. Хіналёны аказваюць узбуджальнае дзеяньне на цэнтральную нэрвовую сыстэму, іх не рэкамэндуюць пацыентам з сутаргавым сындромам, пры нырачнай і пячоначнай недастатковасьці. Многія прэпараты не рэкамэндуюцца цяжарным і кормячым жанчынам. Акрамя таго, выяўлены рэшткі прэпаратаў, прызначаных для лячэньня пранцаў.

У выніку «Рассельгаснагляд» забараніў пастаўкі прадукцыі з шэрагу малочных прадпрыемстваў Беларусі, да якіх былі прэтэнзіі.

Беларускі бок стаўленьне з боку расейскага ведамства называе «прадузятым» і разьлічвае, што сёньня блякада з айчынных вытворцаў будзе зьнятая.

«Няма сёньня аргумэнтаў і няма фактаў, якія маглі б перашкаджаць прасоўваньню нашай прадукцыі ў Расею. Мы бачым прадузятае стаўленьне з боку супрацоўнікаў асобных ведамстваў», — заявіў кіраўнік Мінсельгасхарчу Леанід Заяц у інтэрвію БелТА.

Паводле чыноўніка, новыя абмежаваньні выклікалі зьдзіўленьне і ў ведамстве, і ў прадпрыемстваў.

«Увесь год выраблялі малако, перапрацоўвалі, адпраўлялі ў Расею — не было ніводнага факту, каб у прадукцыі выявілі антыбіётыкі. Таму апошнія заявы калегаў, шчыра кажучы, зьдзіўляюць».

Паводле афіцыйных зьвестак, Беларусь штогод зарабляе ў сярэднім 3 мільярды даляраў на пастаўках малака і малочнай прадукцыі ў Расею — гэта ў тры разы больш, чым ад гандлю зброяй. Нават часовая страта рынку будзе мець для галіны адчувальныя наступствы.

Дэфіцыт малака ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі Расеі ацэньваюць у 5-7 мільёнаў тон на год. Ён пакрываецца ў асноўным за кошт беларускай прадукцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG