З 19 траўня Рассельгаснагляд уводзіць часовыя абмежаваньні на пастаўкі ў Расею прадукцыі высокай рызыкі (сухое малако, сыр, масла), вырабленай беларускімі прадпрыемствамі.
Пад забарону трапілі Кобрынскі масларобна-сыраробны завод, Маладзечанскі малочны камбінат, малочная кампанія «Наваградзкія дары», Пружанскі малочны камбінат, Слуцкі сыраробны камбінат і яго любанскі філіял.
Як паведамляе Рассельгаснагляд, прычынай забароны сталі неаднаразовыя парушэньні гэтымі прадпрыемствамі вэтэрынарна-санітарных патрабаваньняў ЭАЭС, парушэньні паказчыкаў бясьпекі, паўторныя выяўленьні рэшткаў антыбіётыкаў у малочнай прадукцыі.
Да таго ж расейскае ведамства ўвяло з 19 траўня часовыя абмежаваньні на пастаўкі сухой малочнай сыроваткі, вырабленай на прадпрыемстве «Бабушкина крынка». У ёй таксама выявілі рэшткі антыбіётыкаў.
Рассельгаснагляд паведаміў беларускаму боку пра выпадкі паступленьня на тэрыторыю Расеі прадукцыі з парушэньнем якаснага складу ад Баранавіцкага малочнага камбінату, прадпрыемства «Верхний луг», Бярэзінскага філіялу «Здравушка-милк» і Ашмянскага сыраробнага заводу (філіял ААТ «Лідзкі малочна-кансэрвавы камбінат»). А ў прадукцыі «Малочнага полюса» паўторна знойдзеныя рэшткі антыбіётыку афлаксаціну і кансэрванта Е235.
Таксама Рассельгаснагляд запатрабаваў ад беларускага боку ўвесьці ўзмоцнены лябараторны кантроль прадукцыі філіялу «Скідзельская птушкафабрыка» ААТ «Агракамбінат Скідзельскі».
Расейскі бок прыгразіў увесьці абмежаваньні на прадукцыю і гэтых прадпрыемстваў, калі беларускі бок ня зробіць належных захадаў.
Экспэрт з пружанскага малаказаводу сказала Свабодзе, што Расея прыдзіраецца да беларускага малака.