Фэдэральная служба вэтэрынарнага і фітасанітарнага нагляду (Рассельгаснагляд) Расеі зноў прад’яўляе прэтэнзіі да якасьці беларускай малочнай прадукцыі, а таксама дакладае «пра новыя схемы махлярства пры пастаўках малочнай прадукцыі з Рэспублікі Беларусь».
Прэс-рэліз з подпісам памочніцы кіраўніка ўпраўленьня Рассельгаснагляду па Бранскай і Смаленскай абласьцях Святланы Земчанкавай расейскае ведамства распаўсюдзіла вечарам 14 траўня, напярэдадні рабочай сустрэчы намесьніка міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Аляксандра Субоціна і ягонага расейскага калегі Яўгена Непаклонава. Сёньня ў Маскве намесьнікі міністраў плянуюць падвесьці вынікі інспэкцыі Рассельгаснаглядам беларускіх прадпрыемстваў, якая праводзілася з 1 па 12 траўня.
У рэлізе расейскага нагляднага ведамства паведамляецца, што ў пэрыяд з 25 красавіка па 12 траўня былі дасьледаваныя 83 пробы сухога малака зь Беларусі. У 29 узорах «выяўлена рэшткавая колькасьць вэтэрынарных прэпаратаў групаў хіналёнаў, макралідаў і лінказамідаў». «Асаблівую трывогу выклікае факт наяўнасьці ў большасьці ўзораў адначасова дзьвюх і больш групаў прэпаратаў», — падкрэсьліваецца ў паведамленьні.
Называецца, у прыватнасьці, прадукцыя такіх прадпрыемстваў, як малочная кампанія «Наваградзкія дары», Слуцкі сыраробны камбінат, Кобрынскі масласырзавод, Пружанскі малочны камбінат, «Малочны полюс», «Бабушкина крынка», «Мазырскія малочныя прадукты», Баранавіцкі малочны камбінат, Лепельскі малочнакансэрвавы камбінат.
«Нэгатыўная статыстыка выяўленьня рэшткавай колькасьці вэтэрынарных прэпаратаў у малочнай прадукцыі, што паступае з Рэспублікі Беларусь у Расейскую Фэдэрацыю, якая склалася, патрабуе прыняцьця апэратыўных захадаў, — гаворыцца ў паведамленьні расейскага ведамства. — Упраўленьне Рассельгаснагляду лічыць, што наяўная сытуацыя сьведчыць пра недастатковы кантроль за сыравінай, што паступае на перапрацоўчыя прадпрыемствы Рэспублікі Беларусь ва ўмовах актыўнага выкарыстаньня вэтэрынарных прэпаратаў для лячэньня жывёл у сыравінных зонах».
Рассельгаснагляд таксама інфармуе пра выяўленыя ў пэрыяд з 1 па 3 траўня факты перавышэньня дапушчальнага ўзроўню натаміцыну (супрацьгрыбковага прэпарату) у сырах вытворчасьці ААТ «Маладзечанскі малочны камбінат» і «Пружанскі малочны камбінат».
Акрамя гэтага, паведамляецца «пра новыя схемы махлярства» пры пастаўках малочнай прадукцыі зь Беларусі.
«12 мая 2017 году ў ходзе надгляду 20 тон сухой малочнай прадукцыі, вырабленай вытворчым унітарным прадпрыемствам „Малочны полюс“, упраўленьнем Рассельгаснагляду па Бранскай і Смаленскай абласьцях выяўленая яе перамаркіроўка, — гаворыцца ў рэлізе. — У прыватнасьці, на крафт-мяшкі, якія маюць лягатып прадпрыемства ААТ „Бабушкина крынка“, нанесена маркіровачная этыкетка з указаньнем у якасьці вытворцы прадукцыі вытворчага ўнітарнага прадпрыемства „Малочны полюс“, Рэспубліка Беларусь. Адначасова на крафт-мяшках відаць зрывы першасных этыкетак».