Новыя правілы не закрануць расейскіх і беларускіх пасажыраў, падкрэсьліў ён. Рапота дадаў, што ўсе рэйсы паміж краінамі з 15 траўня будуць пераведзеныя ў міжнародныя сэктара аэрапортаў.
Рапота таксама заўважыў, што адзінай зьменай для расейцаў і беларусаў у дадзеным выпадку стане абавязак захоўваць пасадачны талён, які пацьвярджае іх прылёт або вылет у суседнюю краіну. «Адзнакі аб перасячэньні мяжы ў пашпарце прастаўляць ня будуць», — запэўніў Рапота.
У лютым стала вядома аб плянах Расеі ўвесьці рэжым памежнай зоны ўздоўж усёй расейска-беларускай мяжы. Адпаведныя загады падпісаў дырэктар ФСБ Аляксандр Бортнікаў.
Паводле назіральнікаў падобныя захады зьяўляюцца адказам Масквы на спрашчэньне візавага рэжыму Менскам. У студзені кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб бязьвізавым уезьдзе для падарожнікаў з 80 дзяржаваў.