Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля заявы актывістаў у «віцебскія Курапаты» прыбыў пошукавы батальён


На ўзьлеску каля вёскі Хайсы Віцебскага раёну, дзе нядаўна былі знойдзеныя раскапаныя ямы з чалавечымі парэшткамі, працуюць пошукавікі са спэцыяльнага 52-га батальёну. Іхная прафэсійная задача — эксгумацыя парэшткаў загінулых падчас вайны.

На ўскрайку раскапанай ямы
На ўскрайку раскапанай ямы

Прадстаўнікі віцебскай ініцыятывы «Хайсы» перакананыя, што ў лесе пад вёскай Хайсы знаходзіцца масавае пахаваньне ахвяраў сталінскіх расстрэлаў. Толькі інфармацыя пра гэта замоўчваецца, кажа стваральнік ініцыятывы Ян Дзяржаўцаў:

Ян Дзяржаўцаў
Ян Дзяржаўцаў

«Наша меркаваньне пра тое, што пад Хайсамі расстрэльвалі людзей у 1930-я гады, базуецца на ўспамінах сьведак. Гэтыя ўспаміны мы зьбіраем ужо некалькі гадоў — з тае пары, як у 2014-м у лесе пад вёскай былі ўпершыню знойдзены чалавечыя парэшткі — косьці і чарапы з кулявымі адтулінамі. Відавочна, парэшткі павыкідалі на паверхню тыя, хто шукаў у безыменных магілах нейкія каштоўнасьці... У той час мы куды толькі не зьвярталіся, каб на гэтай тэрыторыі правялі дасьледаваньні! Нас саміх абвінавачвалі і ў марадэрстве на пахаваньнях, і ў тым, што мы самі „чорныя капальнікі“... Нас адхілілі ад гэтай справы, хоць мы былі першымі, хто забіў трывогу і запатрабаваў, каб людзі былі пахаваныя па-людзку. Мясцовыя ўлады выклікалі 52-і пошукавы батальён, тыя сабралі ўсе парэшткі, а нам паказалі толькі пару аркушаў выніковай справаздачы вайсковага археоляга. Паводле ініцыятывы райвыканкаму, парэшткі, знойдзеныя ў лесе, пахавалі ў брацкай магіле як ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны».

З гэтай ямы парэшткі ўжо дасталі
З гэтай ямы парэшткі ўжо дасталі

Яна Дзяржаўцаў ня мае даверу да мясцовых уладаў, бо тыя ўтойваюць ад актывістаў усе высновы сьледчых органаў і вайсковых пошукавікаў:

«Учора мы паехалі ў Хайсы, бо мясцовыя людзі расказалі пра тое, што нехта далей раскопвае магілы. Убачылі толькі сьляды ад ботаў, разьежджаныя каляіны ад колаў, затушаныя вогнішчы і прыкметы таго, што нехта гатаваў у лесе ежу. А таксама заўважылі, што з разрытых ямаў зьніклі ўсе косьці. Я патэлефанаваў у Мазалаўскі сельскі выканкам, каб запытацца, што адбываецца. І ў райаддзел міліцыі, каб паведаміць пра здарэньне: а раптам панаехалі рабаўнікі? Дзяжурны ў райаддзеле мне паведаміў адразу, што на месцы з панядзелка працуе 52-і пошукавы батальён. А старшыня сельвыканкаму Леанід Дубіна заявіў, што нічога ня ведае, што „трэба зьезьдзіць паглядзець“ і гэтак далей. Выглядае, што ад грамадзкасьці зноў стараюцца нешта схаваць».

Пасьля работы пошукавікаў
Пасьля работы пошукавікаў

Пэрспэктывы працы пошукавікаў Ян Дзяржаўцаў абмеркаваў і са старшынёй аргкамітэту ўшанаваньня памяці ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны ў Віцебскім раёне Ірынай Шышковай. Тая лічыць, што ў лесе пахаваныя вязьні канцэнтрацыйнага лягеру, які знаходзіўся непадалёк ад вёскі Бараўляны, за некалькі кілямэтраў ад Хайсоў. Вэрсію пра «сталінскія расстрэлы» яна не прымае, бо пра гэта няма архіўных зьвестак.

Такіх ямаў у лесе — каля дзясятка
Такіх ямаў у лесе — каля дзясятка

На думку Яна Дзяржаўцава, адсутнасьць такіх зьвестак — не аргумэнт, а хутчэй контраргумэнт. Бо месцы масавых расстрэлаў не афішаваліся, а ўтойваліся ў тыя змрочныя гады. Найбольш актывіста абурае нежаданьне ўладаў прыняць пад увагу сьведчаньні мясцовых жыхароў:

«Я прапаноўваў спадару Дубіну: давайце, маўляў, збярэм сход. Я пакажу свае відэазапісы, дзе запісваў сьведак. Многіх ужо няма, нехта яшчэ жывы, дык давайце ж выслухаем тых, каму ёсьць што сказаць! „Гэта не мая справа, няхай разьбіраецца Сьледчы камітэт“, — сказаў мне старшыня сельсавету».

У раскопах шмат абутку, гэтыя знаходкі маглі б памагчы вызначыць час пахаваньня
У раскопах шмат абутку, гэтыя знаходкі маглі б памагчы вызначыць час пахаваньня

Удзельнікі ініцыятывы «Хайсы» зьвярталіся да мясцовых уладаў з просьбай, каб на месца трагедыі выклікалі навукоўцаў, каб актывістам было дазволена ўзяць удзел у добраўпарадкаваньні гэтых мясьцін. Але прапанову аб дапамозе чарговы раз праігнаравалі, які і зварот у Нацыянальную акадэмію навук і прапанову выслухаць успаміны вясковых старажылаў.

На думку Яна Дзяржаўцава, дасьледаваньне масавых пахаваньняў, якое праводзіцца тайна ад грамадзкасьці, выклікае вялікія сумневы ў аб’ектыўнасьці.

Пошукавікі будуць працаваць у Хайсах яшчэ некалькі тыдняў
Пошукавікі будуць працаваць у Хайсах яшчэ некалькі тыдняў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG