У «віцебскіх Курапатах» новыя страшныя знаходкі — вандалы раскапалі 7 брацкіх магілаў.
Такі матэрыял зьявіўся на сайце беларускай Свабоды 7 красавіка. «Віцебскімі Курапатамі» — недасьледаваным месцам масавых пахаваньняў — тры гады таму пачалі называць вёску Хайсы ў Віцебскім раёне. Увосень 2014 году вяскоўцы знайшлі ў суседнім лесе паўдзясятка раскапаных ямаў з чалавечымі парэшткамі, а дзе-нідзе косткі і чарапы проста былі раскіданыя пад нагамі.
Сёлета ўвесну гэта паўтарылася, але ў крыху іншым месцы.
Мясцовы ўчастковы Аляксандар Грышановіч сёньня сказаў Свабодзе, што ў мінулую пятніцу на месца раскопак прыехала група супрацоўнікаў раённага Сьледчага камітэту:
«Было чалавек 7–8. Я таксама туды выяжджаў. Усё вельмі ўважліва агледзелі. Сабралі розныя рэчы, узоры на экспэртызу і г.д. Будуць усё вывучаць і прымаць адпаведнае рашэньне».
Аляксандар Грышановіч кажа, што ён чалавек у гэтым рэгіёне адносна новы:
«Яшчэ няма паўгода, як я тут працую. Але я ня думаю, што гэта справа рук мясцовых людзей. Ведаеце, усё ж як мінімум тут патрэбныя мэталашукальнікі. А яны нятанныя. Раён наш хоць і Віцебскі завецца, але рэальна сельскі. Ня думаю, што хтосьці ў двары трымае спэцыяльныя прыборы.
Парэшткі людзей, якія тут закапаныя, нікому не патрэбныя. А капаюць таму, што хочуць знайсьці зброю ці каштоўнасьці. Карацей, тут карысьлівыя матывы праглядаюцца, на мой погляд. Хтосьці шукае нейкую біжутэрыю, брошкі ды нешта падобнае. Хтосьці, мабыць, спадзяецца знайсьці зброю.
Бачна, што „чорным капальнікам“ на загінулых напляваць. Яны капаюць і побач выкідваюць усё: і чарапы, і косткі.
Я шчыра прызнаюся: хто тут пахаваны, ня ведаю. Але тое, што нейкая інфармацыя разыходзіцца вакол, няма сумневу. Інакш сюды б не прыяжджалі».
Грышановіч кажа, што так гэтую справу не пакінуць:
«Тут трэба ўсё прыбіраць. Нельга, каб людзі прыйшлі ў лес і пабачылі такія страшныя рэчы. Нейкае рашэньне вышэйшых за мяне ўладаў будзе».
Старажылы расказваюць, што ў гэтым лесе ў 1938–39 гадах расстрэльвалі людзей.
У Віцебскім раённым сьледчым камітэце Свабодзе пацьвердзілі, што гэтая справа цяпер «у працоўным стане».