Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўцы заклікаюць спыніць будаўніцтва «Мэмарыяльнай аркі»


Праект аркі ў Магілёве
Праект аркі ў Магілёве

Грамадзкасьць Магілёва заклікае мясцовую ўладу адмовіцца ад намераў збудаваць на ўезьдзе ў горад арку. Яе зьбіраюцца ўзьвесьці на менскай шашы ў мікрараёне Казіміраўка ў гонар 750-годзьдзя гораду.

У гарвыканкаме прапанавалі абвясьціць абʼект «народнай будоўляй». Ужо адкрыты дабрачынны рахунак.

Першы намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігар Барысаў зьвярнуўся зь лістом да кіраўніка гарадзкой улады Ўладзімера Цумарава, каб той адмовіўся ад будаўніцтва «непатрэбнага абʼекту». Незалежныя экспэрты і спэцыялісты ў галіне архітэктуры, адзначае актывіст, скрытыкавалі праект аркі «ў сілу яго эклектычнасьці».

Ігар Барысаў
Ігар Барысаў

Партыец прапануе Цумараву да 750-годзьдзя Магілёва заняцца «адраджэньнем Дубравенскай брамы, за якую ў 2015 годзе магілёўцы сабралі 1059 подпісаў». «Гэта той гістарычны лоск, якога нестае гораду», — піша ён у лісьце.

«Гэта наблізіць Магілёў да яго гістарычнага аблічча, якое было страчана ў часы шматлікіх войнаў і знаходжаньня Беларусі ў складзе Савецкага Саюзу», — напісаў чыноўніку Ігар Барысаў.

На ягоную думку, адроджаная гістарычная брама стане яшчэ адным сымбалем Магілёва.

«І вы як кіраўнік гораду, — зьвяртаецца Барысаў да Цумарава, — увойдзеце ў гісторыю чалавекам, дзякуючы якому была вернута частка страчанага аблічча гістарычнага цэнтру гораду».

Магілёўскі праваабаронца Валадар Цурпанаў тым часам вінаваціць кіраўніка гораду ў нямэтавым выкарыстаньні сродкаў пры рэканструкцыі моста цераз Дняпро. Актывіст настойвае, што ўлада не дала справаздачы, як траціліся 63 мільярды рублёў, выдзеленыя на рамонт транспартнай разьвязкі. Цурпанаў ставіць пытаньне, за якія сродкі вырабілі і ўсталявалі на мосьце фігуры львоў.

Валадар Цурпанаў
Валадар Цурпанаў

Раней праваабаронца зьвяртаўся ў Генэральную пракуратуру, каб тая праверыла, ці злоўжываў Цумараў сваімі паўнамоцтвамі. Актывісту адпісалі з Камітэту дзяржаўнага кантролю, што падставаў для прызначэньня праверкі няма.

«Выкладзеныя ў звароце зьвесткі аб магчымых парушэньнях пры выкарыстаньні бюджэтных сродкаў, злоўжываньні службовым становішчам старшынём магілёўскага гарвыканкаму не пацьвердзіліся», — напісалі ў лісьце Цурпанаву.

Цяпер актывіст зьвярнуўся да дэпутатаў гарсавету, каб тыя на бліжэйшай сэсіі разгледзелі шэраг пытаньняў наконт добраўпарадкаваньня гораду. Актывіст прапануе ўвесьці мараторый на ўзьвядзеньне абʼектаў упрыгожвальнага характару, прыняць доўгатэрміновую комплексную праграму «Ўтульны падворак», а таксама арганізаваць дыскусію наконт «лёсу плошчы Славы» і мэмарыялу «Барацьбітам за Савецкую ўладу» на ёй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG