Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Архіяпіскап Логін: маем і свайго цара Ірада, які паводзіцца як акупант, і сваіх жанчын-міраносіц


Велікоднае пасланьне кіраўніка Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы архіяпіскапа Сьвятаслава Логіна сьвятарству і вернікам БАПЦ, якія жывуць на Бацькаўшчыне і ў замежжы.

«Хрыстос Васкрос!... Неўгамонна
Плыве па нівах, пушчах клік,
Плыве адна сьвятая думка
З канца ў канец, як сьвет вялік».
Янка Купала

Дарагія браты й сёстры ў Хрысьце!

Кожны год урачыста сьвяткуем галоўнае хрысьціянскае сьвята — Уваскрасеньне Хрыстова. Але далёка ня кожны хрысьціянін заглыбляецца ў тайну выкупленьня Сынам Божым усяго чалавецтва, у Ягоную перамогу над сьмерцю. Людзям, як зямным істотам, цяжка зразумець, а многім і паверыць у цуды, у якіх яны самі не былі ўдзельнікамі ці сьведкамі, не адчулі іх на сабе. Цяжка думкаю акунуцца ў той далёкі час, калі жыў на зямлі Ісус Хрыстос. Але можам і цяпер, у сваім жыцьці, убачыць людзей, падзеі і цуды, падобныя да тых, што адбываліся дзьве тысячы гадоў таму на Сьвятой зямлі.

Архіяпіскап Сьвятаслаў Логін
Архіяпіскап Сьвятаслаў Логін

Сёньня таксама навокал нас жывуць падобныя пэрсанажы. Маем цара Ірада, які паводзіцца як акупант, жаўнераў і чыноўнікаў, якія служаць яму, а не сваёй краіне і народу. Бачым, як справядлівых людзей засуджваюць за праўду, і як юды здраджваюць свайму народу. Ёсьць і «жанчыны-міраносіцы», якія нічога не баяцца, і ад іхняе малітвы нават расступаецца натоўп жаўнераў.

Атрымалі мы ў спадчыну ад дзядоў і сьцяг Хрыста — колеру пралітае крыві на чыстым беззаганным шляху, які цяпер перасьледуецца, як калісьці перасьледавалі саму Хрысьціянскую веру.

Можна ўбачыць і фарысэяў, што моляцца ў нашых старажытных храмах, але для якіх Хрысьціянскія каштоўнасьці не на першым месцы, таму сапраўднае любові да свае краіны і свайго народу яны ня маюць. Але бачым і Божую дапамогу і Ягоныя цуды. Бо інакш, як мог адрадзіцца народ амаль зь небыцьця?

На нашых вачох абрынулася Імпэрыя зла, аб чым шчыра маліліся ў сваіх храмах суайчыньнікі на выгнаньні. Пабожны народ наш заўсёды захоўваў веру, і тады, калі пакутаваў ад суседзяў, таму Ўсявышні дапамагаў яму сьцьвярджацца ў вечнасьці.

Няхай Бог пачуе нашу малітву і ў гэты лёсавызначальны час для нашае Бацькаўшчыны.

Хрыстос Уваскрос! Уваскрэсьне Беларусь!

Зь любасьцю й малітвамі,
+ Сьвятаслаў Логін, Архіяпіскап БАПЦ
Вялікдзень, 2017 л.Б.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG