Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бішкеку Лукашэнка выказаўся супраць бар’ераў на рынку ЭАЭС


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

У сталіцы Кіргізстану праходзіць пасяджэньне Вышэйшага Эўразійскага эканамічнага савету з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.

Апроч Лукашэнкі, у пасяджэньні Вышэйшага Эўразійскага эканамічнага савету бяруць удзел прэзыдэнты Расеі, Казахстану, Кіргізстану, а таксама Армэніі і Малдовы.

Пасяджэньне пачалося ў вузкім фармаце, затым працягнулася ў пашыраным складзе з удзелам сяброў дэлегацый. Падчас пасяджэньня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што 2017 год трэба зрабіць пераломным у станаўленьні арганізацыі. І дзеля гэта рэалізаваць комплекс першачарговых захадаў.

Найперш, паводле Лукашэнкі, неабходна ўвесьці мараторый на прыняцьце новых прававых актаў, якія маюць дыскрымінацыйны характар у дачыненьні да партнэраў па саюзе.

«Сачыць за яго выкананьнем павінна Эўразійская эканамічная камісія», — адзначыў ён.

Лукашэнка заявіў, што неабходна надаваць больш увагі ліквідацыі выключэньняў, бар’ераў і абмежаваньняў на ўнутраным рынку ЭАЭС.

Паводле Лукашэнкі, дагэтуль нерэалізаваная беларуская ініцыятыва аб выпрацоўцы мэханізму функцыянаваньня ЭАЭС, калі адзін з удзельнікаў прымае аднабаковыя захады ў абароне рынку ў дачыненьні да трэціх дзяржаў.

«Адсюль як сьнежны ком нарастаюць ўнутраныя супярэчнасьці ў саюзе», — сказаў Лукашэнка.

Кіргізстан сёлета старшынюе ў ЭАЭС. На прапанову прэзыдэнта гэтай краіны Алмазьбека Атамбаева 2017 год будзе прысьвечаны стварэньню найлепшых умоў для разьвіцьця бізнэсу на эўразійскай прасторы.

Падчас сёньняшняга пасяджэньня ўдзельнікі абмяркуюць актуальныя пытаньні эканамічнага ўзаемадзеяньня ў рамках ЭАЭС, а таксама пытаньні міжнароднага супрацоўніцтва і далейшай інтэграцыі.

Таксама ў Бішкеку сёньня пройдзе нефармальная сустрэча лідэраў кіраўнікоў дзяржаў АДКБ, на якой будзе старшыняваць Аляксандар Лукашэнка.

У афіцыйных СМІ пакуль не паведамляецца, ці адбудзецца сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным.

Лукашэнка сустрэўся з прэзыдэнтам Малдовы

Аляксандар Лукашэнка 14 красавіка ў Бішкеку сустрэўся з прэзыдэнтам Малдовы Ігарам Дадонам.

Кіраўнікі краінаў ЭАЭС сёньня падтрымалі просьбу Малдовы пра наданьне ёй статусу назіральніка пры Эўразійскім эканамічным саюзе.

Падчас сустрэчы зь Ігарам Дадонам Аляксандар Лукашэнка выказаўся за разьвіцьцё беларуска-малдаўскіх стасункаў:

«Напэўна, даўно нам трэба было сустрэцца і пагаварыць пра далейшыя крокі па ўмацаваньні адносін Беларусі і Малдовы. Мы робім усё для таго, каб не разарваліся нашы сувязі з вашай цудоўнай краінай. Вы чалавек новай фармацыі, але абсалютна тых жа поглядаў і той палітыкі, якой мы ў Беларусі прытрымліваемся. Таму я думаю, што, нягледзячы на праблемы, мы зможам прасунуць нашы дачыненьні», — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

«У нас прынцып адзін: можам зрабіць нешта для сваіх сяброў, родных людзей — зробім. Калі будзе жаданьне рухацца насустрач (эканоміка нас усё роўна да гэтага падштурхне), мы з вамі зробім нямала і для Малдовы, і для Беларусі».

Лукашэнка адзначыў, што краінам у галіне эканомікі «ўдалося ў гэтыя складаныя гады захаваць станоўчую дынаміку»:

«Розныя ў вас былі склады ўраду, розныя былі прэзыдэнты, але мы стараліся падтрымліваць стасункі. Пры ўсіх складанасьцях (пэўныя праблемы былі і ў транзыце, і ў лягістыцы, і гэтак далей) мы паступова рухаліся наперад. Не скажу, што мы актыўна прасоўваліся ў галіне эканомікі і гандлю апошнія гады, але ўсё-ткі нам удалося ў гэтыя складаныя гады захаваць станоўчую дынаміку».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG