Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Будапэшце дзясяткі тысяч выйшлі на марш у падтрымку заснаванага Сорасам унівэрсытэту


Лёзунг на пратэсьце ў Будапэшце: "Не закрывайце CEU. Орбана ў турму"
Лёзунг на пратэсьце ў Будапэшце: "Не закрывайце CEU. Орбана ў турму"

У сталіцы Вугоршчыны ад 60 да 80 тысяч чалавек выйшлі 9 красавіка на дэманстрацыю ў падтрымку Цэнтральнаэўрапейскага ўнівэрсытэту і акадэмічных свабодаў. Гэта найбуйнейшая масавая акцыя ў Будапэшце за апошнія некалькі гадоў.

Удзельнікі патрабавалі ад прэзыдэнта краіны Янаша Адэра не падпісваць закон аб дзейнасьці ўнівэрсытэтаў, унесены ўрадам Віктара Орбана два тыдні таму і прыняты вугорскім парлямэнтам у прысьпешаным парадку.

Дэманстрацыя была заяўлена пад лёзунгам «Свабодная краіна — свабодная адукацыя», аднак удзельнікі выкрыквалі патрабаваньні, якія тычацца палітыкі ўрада Віктара Орбана ў цэлым: «Мы тут народ», «З нас хопіць», «Праваліцеся нарэшце» і іншыя.

Позна ноччу 200–300 маладых удзельнікаў дэманстрацыі перамясьціліся на плошчу Октаган з намерам яе акупаваць. Рух на галоўнай магістралі Пэшту быў прыпынены.

Закон, які зьмяняе правілы функцыянаваньня замежных навучальных установаў у Вугоршчыне, робіць немагчымым працу ў Будапэшце Цэнтральнаэўрапейскага ўнівэрсытэту (CEU) — крытыкі называюць яго «Lex CEU», паколькі ён накіраваны супраць адной канкрэтнай навучальнай установы.

У падтрымку CEU выступілі найбуйнейшыя сусьветныя ўнівэрсытэты і акадэмічныя асацыяцыі, дзясяткі нобэлеўскіх ляўрэатаў, эўрапейскія палітыкі і амэрыканскія дзяржаўныя ведамствы. Адміністрацыя CEU патрабуе перадаць закон у канстытуцыйны суд, каб той вынес рашэньне аб яго адпаведнасьці вугорскаму асноўнаму закону.

CEU — пасьлядыплёмны ўнівэрсытэт, заснаваны Джорджам Сорасам 26 гадоў таму з мэтай палягчэньня пераходу ўсходнеэўрапейскіх дзяржаваў і краінаў былога СССР да лібэральнай дэмакратыі. Ён акрэдытаваны ў штаце Нью-Ёрк і выдае дыплёмы амэрыканскага ўзору. Выкладаньне вядзецца на англійскай мове.

Цяпер унівэрсытэт штогод прымае каля паўтары тысячы студэнтаў з усяго сьвету, займае 39 месца з двухсот ў сусьветным рэйтынгу маладых унівэрсытэтаў і ўваходзіць у сьпіс найлепшых 200 унівэрсытэтаў сьвету па васьмі дысцыплінах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG