Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вачыма Камарова...» — магілёўскі мастак піша карціны пра стары горад, якога няма


Магілёў вачыма Камарова
Магілёў вачыма Камарова

«Каб намаляваць стары Магілёў — трэба ўключыць фантазію», — кажа мастак Базыль Камароў. Сваімі карцінамі ён вяртае магілёўцам разбураны горад. У этнаграфічным музэі абласнога цэнтру адкрылася выстава майстра «Сьветлыя цені мінулага», прымеркаваная да 750-годзьдзя гораду на Дняпры. У экспазыцыі нямала панарамных карцін старога Магілёва, якога наяве не пабачыць.

Cтары Магілёў — рамантычны, заможны, эўрапейскі

У Базыля Камарова майстэрня ў адным з камунальных будынкаў гораду. Сьцены ў карцінах, плякатах, фатаздымках. На паліцах кнігі. У куце станок зь незавершаным малюнкам — вясковы краявід зь вежай мабільнай сувязі на даляглядзе.

Базыль Камароў
Базыль Камароў

Базыль разьлівае каву і заўважае, што маляваць стары Магілёў для яго — «нешта накшталт хобі ці адпачынку». Рэканструяваць горад на карцінах пачаў даўно. «Каб намаляваць стары Магілёў — трэба ўключыць фантазію», — кажа ён.

«Калі я раблю рэканструкцыю відаў старога Магілёва, то перадусім уяўляю, якім ён мог быць у розныя пэрыяды сваёй гісторыі. У маіх уяўленьнях стары Магілёў рамантычны і заможны. У ім шмат рамесьнікаў. Гараджане не ў лапцях, як паказваецца ў музэях. Такі сярэдні эўрапейскі горад», — кажа мастак, зрэдку ўзіраючыся ў далеч, за якою хаваецца распаўнелы ад паводкі Дняпро.

«Думаю, што мае фантазіі пра старажытны горад, калі дапусьціць, што я магу апынуцца ў тым часе, ня будуць дакладна адпавядаць таму, што я б пабачыў. Але пабываць ды пажыць у горадзе мінулага хацелася б, — пасьля паўзы працягвае суразмоўца. — Пабачыць, ці ўшчыльную стаялі будынкі адзін пры адным, ці брудна было ў горадзе, як размаўлялі людзі, як стасаваліся прадстаўнікі розных канфэсіяў. Хацеў бы пачуць, як звон гучаў і чым пахне паветра».

У майстэрні Камарова
У майстэрні Камарова

«Часам уяўляю, якім Магілёў мог бы быць, каб яго хоць часткова аднавілі, — кажа мастак. — У архітэктурным пляне ён быў бы прыгожы і адметны. Захаваліся ж пляны гораду. Вядома, дзе праходзіў абарончы вал, дзе была Каралеўская брама. Зразумела, каб пачаць аднаўляць горад, трэба прыкласьці намаганьні, укласьці фінансы. А яшчэ каб адчувалася ў гасьцей гораду, што ў ім жывуць людзі».

Гісторыя Магілёва — гэта гісторыя разбурэньняў

Базыль Камароў кажа: кожныя трыццаць-пяцьдзясят гадоў горад зьмяняўся. І іншым разам да непазнавальнасьці.

«Мы ж з гісторыі ведаем, колькі разоў Магілёў выпальваўся. Аднаўляўся, потым зноў выпальваўся. У сярэднявеччы ў бальшыні сваёй горад быў драўляны. І толькі зь сямнаццатага стагодзьдзя пачалі ўзводзіцца мураваныя храмы, якія не маглі быць зьнішчаныя пажарамі. Мураваныя будынкі пачалі ствараць вобраз гораду. Напрыклад, калі ўзводзілі вежу, то ёю надаваўся рытм. Ідзеш па горадзе і ўяўляеш: тут быў храм, за ім другі, троху ўбаку — яшчэ адзін. Адчуваецца гарадзкая рытміка».

Магілёў, якога няма
Магілёў, якога няма

«Тое, што мы бачым цяпер у Магілёве, цудам уратавалася, — працягвае творца.— У выніку ў цяперашняга гораду зьнішчылі ягоны вобраз. У Магілёва няма свайго архітэктурнага аблічча. За апошні час аднавілі толькі ратушу, і то зь якім напружаньнем».

«Калі ў старым горадзе няма старых могілак, вялікіх трохсотгадовых дрэваў, то такі горад больш нагадвае, даруйце за параўнаньне, Сьветлагорск ці Наваполацак. Я неяк пабываў у расейскім Брацку. Дык мне той горад падаўся горадам камандзіраваных. Прыехаў сюды, нейкі час пабыў і зьехаў, каб не вяртацца, — кажа мастак. — Калі ёсьць старыя могілкі, брукаваныя вуліцы, вялікія дрэвы і старыя будынкі, дык адразу адчуваеш, што людзі жылі тут ужо даўно, задоўга да цябе. Колькі пакаленьняў хадзілі тутэйшымі вуліцамі, і ты цяпер тут ходзіш. Дык вось, на гэтым трымаецца паняцьце радзімы».

На адкрыцьці выставы прац Базыля Камарова «Сьветлыя цені мінулага» нямала казалі пра страчаны Магілёў. Адзначалі, што магілёўцы, якія цікавяцца гісторыяй гораду, глядзяць на яго мінуўшчыну «вачыма Камарова». Сам жа мастак выставіў некалькі карцін, якія назваў праектамі-прапановамі.

Магілёў — сярэдні эўрапейскі горад
Магілёў — сярэдні эўрапейскі горад

«Я выставіў гэтыя карціны, каб падказаць, як можна было вярнуць гораду знакавыя яго мясьціны і як бы выглядаў ён з розных ракурсаў, — кажа ён грамадзе. — Гэтыя мясьціны нададуць Магілёву больш прывабны выгляд, дапамогуць магілёўцам зразумець, адкуль яны».

У прыхадняў няма радзімы — ёсьць тэрыторыя

Базыль Камароў засьпеў час, калі менчукі намагаліся ўратаваць ад зьнішчэньня старыя кварталы на Нямізе. Прыгадаў, як зьбіралі подпісы, як потым дасылалі іх партыйным функцыянэрам у Маскву.

«Праз пэўны час ішоў я па цяперашняй ужо Ракаўскай, і на маіх вачах тыя старыя будынкі «гірай» нішчылі, — казаў суразмоўца. — Зайшоў у двор, а там на сьцяне засталіся адмеціны ад шыльды «Саматужная цукерня...».

Базыль Камароў на выставе
Базыль Камароў на выставе

Прыгадаў Базыль і гутаркі з суседам-архітэктарам, які дзяліўся думкамі наконт упарадкаваньня цэнтру Магілёва.

«Ён казаў, што няблага было б зьнесьці ў цэнтры гораду, як ён выказваўся, „клапоўнік“, „шанхай“. Гэта тыя старыя будынкі, якія ўздоўж цяперашняй пешаходнай вуліцы Ленінскай. Прапаноўваў замест гэтых дамоў зрабіць шырокі праспэкт. То бок будыначкі зь іхнымі дварамі-калодзежамі, якія цяпер усіх вабяць, зьнішчыць. Я яму стаў пярэчыць, а ён з гэтага сьмяяўся. Але гэты маленькі куточак Магілёва ўсё ж уратаваўся. Дык вось такія архітэктары ўсё пазьнішчалі. Той жа, хто нарадзіўся тут, ніколі ня будзе такога прапаноўваць. Нават думкі такой у яго ня зьявіцца».

«У мяне неяк на адным форуме цікавіліся літоўцы, чаму ў Беларусі па-беларуску гаворыць толькі інтэлігенцыя, — працягвае Базыль Камароў. — Дык на гэтае пытаньне адказаць каротка не ўдалося. Я тады адказаў, што ў Літве чынавенства было літоўскае, нацыянальна арыентаванае заўжды, а ў нас жа ў кіраўніцтве былі прыхадні. Яны, скажам, сёньня працуюць у Магілёве, а заўтра ў Сыктыўкары, а пасьлязаўтра яшчэ дзе. У іх няма радзімы, адчуваньня сваёй зямлі як зямлі продкаў. Для іх ад Горадні да Хоцімску і ад Полацку да Пінску — тэрыторыя, а не радзіма. Таму ў іх не было і думкі захаваць тое, што дайшло да нас здавён. У іх не было жаданьня адстойваць нашу спадчыну».

У сярэднявеччы Магілёў вылучаўся сваімі храмамі
У сярэднявеччы Магілёў вылучаўся сваімі храмамі

На завяршэньне гутаркі пытаюся: ці ёсьць спадзеў, што Магілёў наблізіцца да фантазіяў мастака, ці нам, як і раней, давядзецца глядзець на стары горад толькі «вачыма Камарова»?

«Трэба змагацца за тое, што ёсьць, не даваць нішчыць, — адказвае Базыль Камароў. — Зь цягам часу мы прыйдзем да таго, што пачнём аднаўляць разбуранае, вяртаць гораду ягоную архітэктурную непаўторнасьць. Вядома ж, варта аднавіць гарадзкі цэнтар зь велічным касьцёлам Сьвятога Ксавэрыя, а таксама Казіміра, ды яшчэ Багаяўленскі храм са Спаскім. Трэба пакінуць цэнтру старыя дамы. Вяртаць зь нябыту магілёўскае барока».

Некалі Магілёў вернецца
Некалі Магілёў вернецца

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG