Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў абмяркоўваюць атмасфэру напярэдадні сустрэчы кіраўнікоў Беларусі і Расеі ў Санкт-Пецярбургу. Перадача запісвалася да паведамленьня пра выбух у санкт-пецярбурскім мэтро.
Карбалевіч: Сёньня, 3 красавіка, адбываюцца перамовы Лукашэнкі і Пуціна ў Санкт-Пецярбургу. Як паведамляе сайт прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі, 3 красавіка ў Санкт-Пецярбургу адбудзецца мэдыяфорум рэгіянальных і мясцовых СМІ «Праўда і справядлівасьць». Па-за рамкамі мерапрыемства заплянаваная сустрэча Ўладзіміра Пуціна з Аляксандрам Лукашэнкам.
Варта зьвярнуць увагу на той палітычны фон, на якім адбываецца гэтая сустрэча. З аднаго боку, кіраўнікі дзяржаў павіншавалі адзін аднаго з Днём яднаньня народаў Беларусі і Расеі, які адзначаецца 2 красавіка, сказалі ўсе патрэбныя словы пра сяброўства і саюзьніцтва.
А зь іншага боку, шэраг фактаў апошнімі днямі сьведчыць пра даволі напружаныя дачыненьні паміж кіраўніцтвам дзьвюх краін. 30 сакавіка прэм’ер-міністры дзьвюх краін Андрэй Кабякоў і Дзьмітры Мядзьведзеў не змаглі дамовіцца пра вырашэньне газавай спрэчкі.
Масква хваравіта ўспрымае сам працэс нармалізацыі адносін Беларусі з Захадам.
Пасол Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў у інтэрвію агенцтву Sputnik, апублікаваным у нядзелю, 2 красавіка, выказаў занепакоенасьць у сувязі зь дзейнасьцю заходніх краін адносна Беларусі. Ён ацаніў палітыку Захаду адносна Беларусі як антырасейскую. У якасьці прыкладу антырасейскай дзейнасьці амбасадар назваў той факт, што ў Беларусь «зачасьцілі розныя дэлегацыі». І гэта вельмі дзіўная, калі не сказаць — скандальная заява расейскага дыплямата. То бок Масква хваравіта ўспрымае сам працэс нармалізацыі адносін Беларусі з Захадам. Бо ніякіх такіх дыпляматычных прарываў на заходнім кірунку ў Менску няма. Хутчэй, наадварот, зьявіліся новыя складанасьці ў зьвязку з палітычнымі рэпрэсіямі ў Беларусі.
Вось зьявілася яшчэ адна праблема. Расея блякуе пастаўкі імпартнай тэхнікі, якая прайшла сэртыфікацыю ў Беларусі. Расейская мытня прызнае толькі сэртыфікаты, выдадзеныя ў Расеі. Гэта выклікала скандал у рамках ЭАЭС. Беларусь і Армэнія ўжо накіравалі ў Эўразійскую эканамічную камісію (ЭЭК) запыты наконт неправамерных дзеяньняў расейскіх мытных органаў. Бо непрызнаньне расейскай мытняй сэртыфікатаў, выдадзеных у Беларусі, Армэніі, Казахстане і Кіргізстане, — незаконнае, гэта груба парушае дамову аб ЭАЭС. Абмеркаваньне гэтай сытуацыі будзе вынесена 5 красавіка на пасяджэньне Кансультатыўнага камітэту ЭЭК па тэхнічным рэгуляваньні.
Як кажуць адмыслоўцы, прычына гэтых праблем банальная. За такім рашэньнем расейскай мытні стаяць расейскія мафіёзныя кланы. За сэртыфікацыю няякаснай імпартнай прадукцыі адпаведныя структуры Расеі бяруць вялікія «адкаты». І таму яны ня хочуць саступаць гэтую нішу канкурэнтам. Пра гэта кажа дырэктар кампаніі «Беллис», якая займаецца выпрабаваньнем і сэртыфікацыяй бытавой і прамысловай прадукцыі ў Беларусі — Юры Пашык. Вось зь якой краінай даводзіцца весьці інтэграцыю.
Глод: Выказваньне амбасадара Сурыкава наконт зьнешняй палітыкі Беларусі мае дзьве прыкметы. З аднаго боку, яно сапраўды выходзіць за рамкі дыпляматычных нормаў. З другога, тут усё цалкам зразумела. Бо любыя спробы нейкіх кантактаў афіцыйнага Менску і Захаду ў Крамлі ацэньваюць толькі з адной пазыцыі — усё гэта скіравана супраць Расеі. Асабліва яскрава гэта бачна на эўрапейскім праекце «Ўсходняе партнэрства». Адна з галоўных прычын, чаму гэты праект так і ня стаў на ногі, — гэта пазыцыя Масквы. Масква лічыць, што «Ўсходняе партнэрства» скіраванае супраць Расеі.
А цяпер вярнуся да Санкт-Пецярбургу. Але не да сёньняшняй сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі, а да самітаў Эўразійскай эканамічнай рады і Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы, якія прайшлі ў горадзе на Няве 26 сьнежня мінулага году. Тады Лукашэнка праігнараваў гэтыя падзеі.
На саміце Эўразійскага эканамічнага саюзу ўхвалілі агульны для пяці краін-удзельніц (Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан і Расея) Мытны кодэкс. Але ж літаральна за паўмесяца да гэтага Лукашэнка публічна выказаў сумнеў, што гэты дакумэнт адпавядае інтарэсам Беларусі. Зрабіць такую ж заяву ў Санкт-Пецярбургу Лукашэнку было б не з рукі. Таму ня ехаць на саміт — гэта на той час, мабыць, быў найлепшы варыянт. Няўдзел у мерапрыемстве — гэта сыгнал найперш для Ўладзіміра Пуціна, што Беларусь незадаволеная дзеяньнямі расейскага кіраўніцтва. Гэта тычыцца і нафты, і газу, і харчоў. Тут столькі ўсяго набегла.
Многія экспэрты лічаць, што галоўнай памылкай Лукашэнкі быў подпіс пад дэфэктнай дамоўленасьцю пра Эўразійскі эканамічны саюз.
Многія экспэрты лічаць, што галоўная памылка Лукашэнкі, пасьля чаго і пачалі выразна псавацца дачыненьні з Расеяй, была ў тым, што ён у свой час падпісаў вельмі сырую, дэфэктную дамоўленасьць пра Эўразійскі эканамічны саюз. Падпісаў таму, што Крэмль саступіў яму наконт нафты. З гэтага ўсё і пачалося.
Памятаю, напрыканцы мінулага году кіраўнік навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук прагназаваў, што дачыненьні паміж афіцыйнымі Масквой і Менскам у наступным годзе будуць самыя складаныя за ўсю гісторыю так званай саюзнай дзяржавы. Так пакуль і атрымліваецца. У суботу той жа Раманчук напісаў: «Нястраўны фарш з праславутых мух і катлет ужо дрэнна пахне. Другі год запар ідуць складаныя перамовы беларускага ўраду з „Газпромам“ пра газ. Быццам бы размаўляюць безь перакладчыкаў. Быццам бы два саюзьнікі. Быццам бы дамовы складалі прафэсійныя юрысты. Быццам бы за 25 гадоў пазналі адзін аднаго дасканала. Нічога не дапамагае. 700 мільёнаў даляраў — у такую суму сёньня ацэньваюць „Газпром“ і міністар энэргетыкі Расеі Аляксандар Новак доўг Беларусі за пастаўлены і спажыты газ. Кропка».
Дыялёг Масквы і Менску, як мне бачыцца, вядзецца на дзьвюх мовах. Ня ў сэнсе — расейскай і беларускай. Расея хоча пераводзіць стасункі на эканамічныя рынкавыя рэйкі. Беларусь з усіх сіл трымаецца за ідэалёгію братэрства. Атрымліваецца, зноў мухі і катлеты ў адным фаршы. Зноў простыя і зразумелыя гандлёвыя адносіны заідэалягізаваныя дашчэнту.
Цыганкоў: Каб атрымаць нешта ад Расеі, Лукашэнку якраз і даводзіцца зьвяртацца да ідэалёгіі, да «братэрства», іначай давялося б плаціць за ўсё нашмат болей. Апошнія выказваньні беларускага прэзыдэнта на гэты конт — «мы з Пуціным браты, і нам яшчэ давядзецца стаць сьпінай адзін да аднаго і адстрэльвацца».
На сёньня беларуска-расейскія адносіны знаходзяцца ў найніжэйшым пункце за апошнія гады — на эканамічным і асабістым узроўні.
На сёньня беларуска-расейскія адносіны знаходзяцца ў найніжэйшым пункце за апошнія гады — на эканамічным і асабістым узроўні. Заява амбасадара Сурыкава, пра якую казаў Валер Карбалевіч, — проста падарунак «антырасейскай прапагандзе». Калі некаторыя кажуць, што Масква не непакоіцца ад таго, што адбываецца паляпшэньне адносін Менску з Захадам, — то вось вам доказ. Амбасадар Сурыкаў робіць такую заяву, якая ў любой іншай краіне магла б выклікаць вялікі скандал і адпаведныя заявы з боку афіцыйных асобаў. Ён заяўляе, што візыты заходніх палітыкаў у Менск яму не падабаюцца і ён лічыць іх антырасейскімі. Відавочна, што гэта ўмяшаньне ва ўнутраныя справы краіны.
Валер Карбалевіч казаў пра блякаваньне Расеяй імпартнай тэхнікі, якая не прайшла сэртыфікацыі ў РФ. Гэта толькі даказвае, што ў эканамічным супрацоўніцтве ўсё больш пераважаюць эгаістычныя інтарэсы Расеі або нават інтарэсы расейскіх карумпаваных структураў. На эканамічныя інтарэсы саюзьнікаў Маскве пляваць.