Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі каштуе амуніцыя амапаўца для разгону пратэсту. Падрабязны разбор рыштунку


Дзень Волі — 2017 нагадваў парад міліцыі. АМАП прадэманстраваў і навінкі тэхнікі для разгону пратэстаў, і новую амуніцыю. Мы даведаліся, хто апранае АМАП і колькі грошай на гэта выдаткоўваюць зь дзяржбюджэту.

Адразу пасьля Дня Волі ў Менску масавыя пратэсты прайшлі ў Расеі. 26 сакавіка ў 82 расейскіх гарадах прайшлі мітынгі супраць карупцыі. На фотаздымках з Масквы і Сант-Пецярбургу можна разгледзець, што шаломы і шчыткі ў расейскіх і беларускіх амапаўцаў ідэнтычныя. Але гэта толькі падабенства. Як высьветліла Свабода, беларускіх амапаўцаў апранаюць у айчынную амуніцыю. Больш за тое, прадпрыемствы Менску, Полацку і Гомлю экспартуюць сродкі аховы ў Расею.

Шаломы, шчыткі, бронекамізэлькі і дубінкі ў Беларусі вырабляюць на некалькіх прадпрыемствах. На сумесным беларуска-італьянскім прадпрыемстве «АГВ-ПОЛСПО» ў Полацку першапачаткова выпускалі моташаломы. А з 1996 году тут пачалі вытворчасьць шаломаў для спэцыяльных падразьдзяленьняў. У тым ліку і аналяг расейскага ПШ-97. Беларускі шалом называецца Х 82 «Джэта».

На архіўных фотаздымках відаць, што прынамсі зь 2006 году, калі адбыўся разгон намётавага лягеру, беларускі АМАП носіць полацкія «Джэты».

«Джэта» вырабляецца з супрацьударнага плястыку. Твар абаронены полікарбанатным шклом. Ззаду да шалому прымацаваная барміца для абароны шыі. Важыць ён 1,3 кіляграма.

Некаторыя амапаўцы і салдаты ўнутраных войскаў мелі шаломы, да якіх падключаны дрот рацыі. Гэта мадыфікацыя «Джэты» з убудаваным у шлем тэлефонным абсталяваньнем. Унутры шалома ўсталяваны навушнік і мікрафон.

А зялёныя і камуфляжныя шаломы, у якіх таксама былі сілавікі на мітынгу 25 сакавіка, — ахоўныя ЗШ-1 ЗШ 1-2М. Яны больш трывалыя за «Джэту», бо могуць вытрымаць стрэлы ад куляў ПМ калібру 9 мм ці рэвальвэра калібру 7,62 мм.

Шаломы Х82 і ЗШ-1 каштуюць у сярэднім каля 200-300 рублёў.

Міжведамасная камісія рэкамэндуе беларускія «Джэты» і ЗШ 1-2М для спэцыяльных падразьдзяленьняў МУС.

Таксама ў Полацку вырабляюць супрацьударныя шчыткі. У поўны камплект уваходзяць ахова для ног, рук і плечаў. Як і шаломы, беларускія ахоўныя шчыткі — гэта аналягі расейскай спэцабароны.

«ПОЛСПО» не пазначае цэнаў на сваім сайце. Набор ідэнтычных расейскіх шчыткоў каштуе каля 500 рублёў.

Яшчэ адна полацкая вытворчасьць — бронекамізэлька «КЕДР». Яна мае пяць варыяцый. У залежнасьці ад клясы абароны «Кедр» важыць ад 3,7 да 11,2 кг.

Зьнешне вельмі падобная да «Кедра» бронекамізэлька «Рубін». Яе выпускаюць на навукова-вытворчым цэнтры «Тэхнамаг» у Менску. Цэнтар працуе пры фізыка-тэхнічным інстытуце Нацыянальнай акадэміі навук. «Рубін» — супрацькулявая камізэлька, распрацаваная ў 1997 годзе. У 2007 і 2013 гадах выходзілі яе мадэрнізаваныя мадэлі. Усяго было выпушчана больш за 10 тысяч такіх камізэлек.

Адкрытых зьвестак пра цэны беларускіх бронекамізэлек няма. Аналягічныя расейскія каштуюць ад 500 рублёў.

Акрамя шаломаў і ахоўных шчыткоў, у Полацку таксама выпускаюць шчыты для міліцыі і ўнутраных войскаў. Супрацьударныя шчыты вырабляюць з полікарбанатнага ліста. Але падчас дэманстрацый звычайна выкарыстоўваюць мэталёвыя. Мяркуючы па форме і фотаздымках адваротнага боку, на Дні Волі АМАП і ўнутраныя войскі карысталіся шчытам тыпу «Вітраж».

Пра вытворчасьць «Вітражоў» у Беларусі невядома. Расейская мадэль «Вітраж АТ» каштуе каля 250 рублёў.

АМАП і падразьдзяленьні ўнутраных войскаў на Дні Волі таксама былі ўзброеныя ружжамі. У задніх шэрагах стаялі байцы з тактычнымі драбавікамі. Мяркуючы па фота, гэта помпавы драбавік Taurus ST12 калібру 12/76. Яго выпускае бразыльская кампанія Taurus па ліцэнзіі амэрыканскай кампаніі Mossberg.

Гэты драбавік распрацаваны адмыслова для спэцапэрацыяў. Яго можна зараджаць рознымі тыпамі патронаў. На дэманстрацыях звычайна выкарыстоўваюцца гумавыя кулі.

Драбавікі Taurus таньнейшыя за арыгінальны Mossberg. З рук яго прадаюць у сярэднім за 500 даляраў.

Была ў сілавікоў і іншая агнястрэльная зброя. Напрыклад, РМБ-93. Як і Taurus, гэта помпавая стрэльба. З 1993 году яе выпускаюць у Расеі спэцыяльна для праваахоўных падразьдзяленьняў.

У помпавай стрэльбы, зь якой стаяў амапавец, была яшчэ насадка. Хутчэй за ўсё, яна прызначаная для газавых гранат. Гэта можа пацьвердзіць і поза сілавіка, які трымаў стрэльбу руляй дагары. Астатнія амапаўцы трымалі свае драбавікі руляй долу.

Варыяцыі РМБ-93 папулярныя ў паляўнічых. На расейскіх і ўкраінскіх форумах кошт ружжа ў сярэднім складае каля 1600 рублёў.

На фотаздымках можна разгледзець, што АМАП і ўнутраныя войскі выкарыстоўваюць рацыі Motorolla. На Дні Волі перамаўляліся праз два тыпы рацыяў — DP4600 (найбольш распаўсюджаная) і DP4800 (яны былі галоўным чынам у «касманаўтаў»).

Гэта поўнафункцыяльныя рацыі, якія падтрымліваюць да тысячы каналаў. У іх можна інтэграваць модуль GPS, перадаваць тэкставыя паведамленьні. Рацыі можна апускаць у ваду. Каштуюць яны каля 800 даляраў.

У бакавых кішэнях амапаўцаў віселі газавыя балёнчыкі. Мяркуючы па выглядзе распыляльніку і памеру самога балёнчыку, гэта аэразоль сэрыі «Страж». Яго вырабляюць на прадпрыемстве «Техкрим» у горадзе Іжэўску ў Расеі. Аэразолі на аснове экстракту пякучага перцу прызначаюцца для ваенізаваных арганізацыяў. «СТРАЖ-П 650» распыляе перцавы газ на 4 мэтры.

Колькі траціць Міністэрства ўнутраных спраў на закупку амуніцыі, можна пабачыць у адкрытых тэндэрах. У 2013 годзе на сайце opentenders.by апублікавана замова Дэпартамэнту фінансаў і тылу Міністэрства ўнутраных спраў. На 5,9 мільярда рублёў (690 437 даляраў па курсе на травень 2013 году) МУС купляў каля 2 тысяч шлемаў, 800 бронекамізэлек, тысячу шчытоў і тысячу супрацьударных шчыткоў для цела.

Калі падзяліць суму замовы на колькасьць камплектаў, атрымаем наступныя цэны на сродкі абароны:

бронекамізэлька вонкавага нашэньня 0 клясы абароны — 173 даляры;

шалом ахоўны супрацьударны — 74 даляры;

шалом куленепрабівальны 2 клясы абароны — 920 даляраў;

камплект шчыткоў супрацьударных — 58 даляраў;

шчыт ахоўны супрацьударны — 74 даляры.

Зусім іншыя цэны на тую ж амуніцыю даюць адкрытыя крыніцы:

шалом Х 82 «Джэта» — каля 300 рублёў;

камплект супрацьударных шчыткоў — каля 500 рублёў;

бронекамізэлька «Рубін» — каля 500 рублёў;

шчыт «Вітраж АТ» — 250 рублёў;

помпавае ружжо Taurus ST12 — каля 1000 рублёў;

Motorolla DP4600 — 1500 рублёў;

дубінка ПР-73 — 24 рублі.

Выходзіць, што амуніцыя шараговага амапаўца без шчыта альбо стрэльбы можа каштаваць каля 2800 рублёў.

Дэпартамэнт фінансаў і тылу рэгулярна публікуе замовы на бронекамізэлькі на афіцыйным сайце дзяржзакупак icetrade.by. Там можна прасачыць, калі і што набываў МУС. Напрыклад, у 2014 годзе — 1250 куленепрабівальных шаломаў на 3,8 мільярда рублёў (385,5 тысяч даляраў) і 55 камплектаў супрацьударных шчыткоў на 37,1 мільёна рублёў (3,7 тысячы даляраў). У 2016 годзе МУС разьмясьціў замову на 6910 камплектаў бронекамізэлек і 515 бронекамізэлек БР 5-й клясы абароны з сыстэмай MOLLE. Гэты тэндэр, праўда, не адбыўся.

Відаць, адзіная рэч з камплекту амуніцыі амапаўца, якую можа купіць шараговы чалавек, гэта дубінка. Яе афіцыйная назва — ПР-73 («палка резиновая»). Гэта клясычная дубінка. А ПР-Таран — гэта дубінка з ручкай. У інтэрнэт-крамах яны каштуюць 22-24 рублі. А на сайце вытворцы — 3,75 рубля. Па іроніі, дручкі ў Беларусі вырабляюць у выпраўленчай калёніі № 2 у Бабруйску. Аднак набыць па такой цане дубінкі ў Бабруйску шараговаму чалавеку нельга. Прадпрыемства працуе толькі на замовы сілавых структур.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG