Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перасьлед «Белсату» — Варшава сама разьвязала рукі беларускім уладам?


Ператрус і арышт маёмасьці ў офісах тэлекампаніі Белсат. 31.03.2017
Ператрус і арышт маёмасьці ў офісах тэлекампаніі Белсат. 31.03.2017

Цыганкоў: «Сёньня ў менскіх офісах «Белсату» адбыліся ператрусы. Міліцыянты забралі рэдакцыйнае абсталяваньне, кампутарную тэхніку.

Паводле заявы ГУУС Менгарвыканкаму, ператрусы ў менскіх офісах тэлеканалу «Белсат» адбываюцца ў выніку заявы ад праваўладальніка гандлёвай маркі «BELSAT»

Вярхоўны Суд Беларусі забараніў назву тэлеканалу «Белсат» у 2014 годзе — Telewizja Polska прайграла суд уладальніку беларускай фірмы «БЕЛСАТплюс» Андрэю Белякову, які зарэгістраваў адпаведны гандлёвы знак у 2001 годзе, хоць спачатку калегія Вярхоўнага суду адхіляла заяву Белякова.

Кампанію Telewizja Polska S.A. абавязалі спыніць выкарыстаньне гандлёвага знаку «Белсат» пры трансьляцыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і адмовіцца ад яго выкарыстаньня на інтэрнэт-сайце тэлеканалу, які таксама даступны на тэрыторыі Беларусі.

Усё гэта, аднак, фармальныя падставы, якія тут відавочна не галоўныя. Галоўнае — палітычнае стаўленьне беларускіх уладаў да «Белсату». Улады ад самога пачатку чынілі ўсе магчымыя фармальныя і нефармальныя перашкоды для нармальнага існаваньня і дзейнасьці тэлеканалу на тэрыторыі Беларусі. Гэты тэлеканал даўно стаў часткай палітычнай гульні афіцыйнага Менску з Варшавай.

Але відавочная прычына — актыўная праца «Белсату» падчас акцыяў. Трансьляцыі з вуліц глядзела багата людзей. Таму ўлады і пачалі перасьлед. Апэратар «Белсату» Баразенка — адзіны з журналістаў, каго пасьля 25 сакавіка ня выпусьцілі, а пасадзілі на суткі.

Дырэктарка тэлеканалу Агнешка Рамашэўска-Гузы напісала ў Фэйсбуку, што «закрыцьцём „Белсату“ польская дыпляматыя прыбрала ад яго ахоўны парасон».

Тэлеканал «Белсат» — частка польскай грамадзкай тэлевізіі TVP. У сьнежні стала вядома, што МЗС Польшчы прыняло рашэньне прыпыніць фінансаваньне тэлеканалу. У дадзены момант яго праца фінансуецца Польскай тэлевізіяй. На думку дырэктаркі каналу Агнешкі Рамашэўскай, адмова МЗС фінансаваць «Белсат» азначае фактычнае закрыцьцё тэлеканалу, бо TVP ня ў стане самастойна фінансаваць спадарожнікавы тэлеканал для Беларусі.

Глод: Улады ня хочуць, каб хтосьці расказваў для масавай аўдыторыі тое, што ім не падабаецца. Адсюль і жаданьне калі не спыніць, дык абмежаваць выхад аб’ектыўнай інфармацыі для насельніцтва. А «Белсат», які вядзе трансьляцыю з тэрыторыі Польшчы, якраз і распаўсюджвае такую інфармацыю. Яе можна пабачыць у Беларусі. І тое, што паказваюць, людзі ня могуць пабачыць на дзяржаўным тэлебачаньні. Такім чынам «Белсат» псуе «карцінку», якую стварае пра жыцьцё беларусаў афіцыйнае тэлебачаньне.

Да таго ж «Белсат» амаль штодня разбурае яшчэ адзін вельмі важны для беларускіх уладаў міт. Калі глядзіш дзяржаўнае тэлебачаньне, ствараецца ўражаньне, што праблемы існуюць толькі ва Ўкраіне і Эўразьвязе. «Белсат» жа паказвае, што такая інтэрпрэтацыя падзеяў — хлусьня.

Нездарма ж каторы год улады Беларусі адмаўляюць у акрэдытацыі беларускамоўнаму тэлеканалу «Белсат». Затое тэлепрастору запаўняюць расейскамоўныя каналы.

Я хачу адзначыць, што перасьлед распаўсюджваецца не на адзін «Белсат».

Сярод тых, хто толькі ў сакавіку пацярпеў ад уладаў, — журналісты Радыё Свабода, БелаПАН, газэты «Наша Ніва», парталу TUT.by., іншых мэдыяў. І гэта зусім не выпадкова. Памятаю, як на нарадзе 9 сакавіка, якую дзяржаўнае тэлебачаньне паказала на ўсю Беларусь, Лукашэнка аддаў загад разабрацца са СМІ. Чаму так асобна вылучылі журналістаў? Таму што менавіта яны ў рэжыме рэальнага часу перадавалі інфармацыю пра падзеі і такім чынам пашыралі рэзананс ад акцыяў пратэсту. Онлайн-рэпартажы ў інтэрнэце выклікалі надзвычайную цікавасьць грамадзтва, бо іх глядзяць сотні тысяч людзей.

Перасьлед працягваецца. Прычым пашыраецца і аўдыторыя — да прафэсійных журналістаў далучаюць блогераў, фрылансэраў, у тым ліку і тых, хто працуе на «Белсат». Яны зьбіраюць і перадаюць думкі ня толькі ўжо вядомых апазыцыянэраў, а звычайных людзей. І тут высьвятляецца, як за апошні час зьмянілася стаўленьне электарату Лукашэнкі да свайго былога куміра. Для ўладаў гэта новая небясьпека. Бо гэтыя эмацыйныя выказваньні бачыць мноства людзей.

Мне падаецца, трэба сказаць і пра стаўленьне да сытуацыі зь «Белсатам» польскіх уладаў. Міністар замежных спраў гэтай краіны пан Вашчыкоўскі, калі прыяжджаў у Менск, адзначыў, што для яго партыі пытаньне правоў чалавека вельмі важнае. «Але сьвет не ствараўся за адзін дзень», — вобразна адзначыў польскі госьць. Маўляў, Польшча чакае паляпшэньня сытуацыі ў Беларусі ў гэтым пляне, але не імгненнага. І гэта дапамагае зразумець стаўленьне польскіх чыноўнікаў да «Белсату», пра якое ўжо казаў Віталь Цыганкоў.

Карбалевіч: Няма сумневу, што перасьлед «Белсату» зьвязаны не зь юрыдычнай спрэчкай наконт гандлёвага знаку, а з агульным курсам на рэпрэсіі.

Ацэньваючы масавыя рэпрэсіі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году, шмат хто з аглядальнікаў казаў, што няхай сабе жорстка разагналі акцыю 19 сьнежня таго году — але калі б назаўтра спыніліся, усіх выпусьцілі, крымінальныя справы пазакрывалі, то вялікага рэзанансу на Захадзе не было б, працэс нармалізацыі адносін паміж Беларусьсю і ЭЗ, ЗША не спыніўся б.

Такія ж думкі выказваліся і пасьля сёлетняга разгону Дня Волі. Маўляў, калі ўлады, прадэманстраваўшы сілу 25 сакавіка, на гэтым спыняцца, то гэта ніяк не сапсуе адносіны з ЭЗ. Але ўлады не спыняюцца. Пасьля 25 сакавіка былі дастаткова масавыя затрыманьні 26 сакавіка. Вось зноў пасадзілі Паўла Севярынца. І вось рэпрэсіі супраць «Белсату». Такім чынам, ужо можна рабіць больш пэўную выснову, што пэрыяд адноснай лібэралізацыі скончыўся, краіна ўступіла ў новы гістарычны пэрыяд.

Цэлы год улады не чапалі «Белсат». І вось цяпер падчас мінулых акцый пратэсту на журналістаў «Белсату» ўчынілі паляваньне. Іх садзяць на 15 сутак. І вось ператрусы.

Згодзен з сп. Цыганковым, што вельмі трапную рэпліку зрабіла дырэктарка тэлеканалу Агнешка Рамашэўска-Гузы ў Фэйсбуку: «Закрыцьцём „Белсату“ польская дыпляматыя прыбрала ад яго ахоўны парасон». Сапраўды, афіцыйнай Варшаве неяк ніякавата абараняць цяпер «Белсат» пасьля такой сэрыі дружалюбных візытаў і пасьля рашэньня аб закрыцьці гэтай структуры. І гэта ў пэўным сэнсе разьвязвае беларускім уладам рукі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG